Амерыканская Match Group, якая валодае дэйтынгавым сэрвісам Tinder, заявіла, што пакідае беларускі рынак.

З 15 лютага карыстальнікі, якія знаходзяцца ў Беларусі, не змогуць выкарыстоўваць сэрвісы праграмы, увайсці ў свой уліковы запіс, рабіць пакупкі ў праграме, абнаўляць платную падпіску і набываць бонусы.
«Вы можаце працягваць выкарыстоўваць любую актыўную падпіску да 15 лютага 2024 года. Паўтаральныя падпіскі, падаўжэнне якіх запланаванае да 15 лютага, не будуць падаўжацца аўтаматычна, і з вас больш не будзе спаганяцца плата за падпіску. Калі вы набылі падпіску на 6 або 12 месяцаў, тэрмін дзеяння якой мінае пасля 15 лютага, яна не будзе падоўжаная аўтаматычна, і вы можаце папрасіць пра вяртанне сродкаў», — паведамілі ў кампаніі.
У Tinder параілі беларускім карыстальнікам выдаткаваць усе набытыя суперлайкі і бусты да 15 лютага. Калі пасля гэтай даты ў вас застануцца нявыкарыстаныя «расходнікі», можна будзе папрасіць пра вяртанне сродкаў.
«Вы можаце выдаліць уліковы запіс Tinder непасрэдна з наладаў Tinder да 15 лютага 2024 года. Пасля гэтай даты вы можаце выдаліць свой уліковы запіс з дапамогай інструмента „Кіраванне маім уліковым запісам“», — адзначылі ў кампаніі.
Акрамя гэтага, праграмы Hinge і OkCupid, якімі валодае Match Group, таксама перастануць быць даступнымі на тэрыторыі нашай краіны.
Нагадаем, 30 чэрвеня мінулага года Tinder сышоў з Расіі. Сваё рашэнне ў кампаніі патлумачылі абаронай правоў чалавека праз уварванне РФ ва Украіну.