Беларускія дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты беларусам, якія пастаянна жывуць за мяжой. Памяняць пашпарт або падоўжыць тэрмін яго дзеяння таксама будзе нельга. Такія змены прадугледжаныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі, тэкст якога апублікаваны на яго сайце.
Раней беларусы, якія пастаянна жывуць за межамі Беларусі і стаяць на консульскім уліку, маглі атрымаць або абмяняць пашпарт у пасольствах і консульствах.
Цяпер гэта можна будзе рабіць толькі «ў органах унутраных справаў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства». Што да біяметрычных пашпартоў, то акрамя АУС іх будуць мяняць яшчэ і ў МЗС, але таксама выключна на тэрыторыі Беларусі.
Ёсць і добрая навіна для тых, хто ўжо падаў дакументы на атрыманне новага пашпарта за мяжой: яны будуць разглядацца ў ранейшым парадку.
Акрамя таго, выключаны пункт пра права дыпламатычнага прадстаўніцтва або консульскай установы падаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама абменьваць іх.
Ураду Беларусі цягам трох месяцаў даручана забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.
Указ пакуль яшчэ не апублікаваны. Ён уступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.