У выніку спрацоўвання самаробнай выбуховай прылады 17 снежня ў Маскве (Расія) загінуў начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны генерал-лейтэнант Ігар Кірылаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Следчага камітэта РФ.

Агенцтвы РІА «Новости» и ТАСС спачатку пісалі, што падчас выбуху па адрасе Разанскі праспект, дом 2/1, загінулі двое, не называючы імёнаў.
«Магутнасць выбуховай прылады, якая спрацавала на Разанскім праспекце ў Маскве, склала каля 200 грамаў трацілу», — паведамілі РІА «Новости» ў экстранных службах.
Тэлеграм-каналы SHOT і Baza сцвярджалі, што спрацавала выбуховая прылада, прымацаванае да самаката. Паводле іх інфармацыі, падчас выбуху загінуў генерал-лейтэнант войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Ігар Кірылаў, які разам з памочнікам выходзіў з пад’езда ў 6.00.
Па факце забойства «двух вайскоўцаў у Маскве заведзеная крымінальная справа», паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Расіі Святлана Пятрэнка.
«Паводле інфармацыі следства, раніцай 17 снежня на Разанскім праспекце ў Маскве была прыведзеная ў дзеянне выбуховая прылада, закладзеная ў самакат, што стаяў побач з пад’ездам жылога дома. У выніку здарэння загінулі начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі Ігар Кірылаў і ягоны памочнік», — адзначылі ва ўстанове.
Тэлеграм-канал ASTRA прааналізаваў апублікаваныя ў сеціве здымкі аўто, якое знаходзілася каля дома на Разанскім праспекце перад выбухам, — мяркуючы са злітых у сеціва базаў, гэтым аўто сапраўды карыстаўся Кірылаў.

54-гадовы Ігар Кірылаў займаў сваю пасаду з 2017 года, паведамляе выданне «Осторожно, новости». Ён браў удзел у стварэнні і прыняцці на ўзбраенне цяжкай агнямётнай сістэмы ТГС-2 «Тосочка» і знаходзіўся ў санкцыйных спісах за ўдзел у вайне ва Украіне.
У сакавіку 2022-га Кірылаў правёў прэзентацыю Мінабароны, з якой вынікала, што біялабараторыі Пентагона на тэрыторыі Украіны распрацоўвалі праекты па распаўсюдзе біялагічнай зброі на тэрыторыю Расіі з дапамогай кажаноў і птушак.
Служба бяспекі Украіны напярэдадні выставіла падазрэнне Кірылаву. У паведамленні ведамства сцвярджаецца, што ён адказны за выкарыстанне хімічнай зброі супраць УСУ «на ўсходнім і паўднёвым франтах Украіны».
«На загад Кірылава з пачатку поўнамаштабнай вайны зафіксавана больш за 4,8 тысячы выпадкаў выкарыстання ворагам хімічных боепрыпасаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра баявыя гранаты „К-1“, якія аснашчаныя атрутнымі рэчывамі раздражняльнага дзеяння — CS і CN. Іх выкарыстанне забароненае Канвенцыяй пра забарону распрацоўкі, вытворчасці, выкарыстання хімічнай зброі і яе знішчэнне ад 13.01.1993. <…> СБУ ідэнтыфікавала на полі бою і перадала працэсуальным спосабам у Міжнародную арганізацыю па забароне хімічнай зброі расійскія гранаты з атрутнымі рэчывамі і адпаведныя ўзоры глебы. Дзве лабараторыі гэтай установы, якія дзейнічаюць асобна адна ад адной, пацвердзілі адпаведныя ваенныя злачынствы Расіі. На падставе сабраных доказаў следчыя Службы бяспекі паведамілі Кірылаву пра падазрэнне па ч. 2 арт. 28, ч.1 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны (Ваеннае злачынства, здзейсненае па папярэдняй змове групай асоб)», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.