Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп намінаваў вядоўцу тэлеканала Fox News Піта Хегсэта на пасаду міністра абароны. Пра гэта гаворыцца ў заяве пераходнай каманды Трампа, якую цытуе Reuters.
«Піт — моцны, разумны чалавек, ён шчыра верыць у прынцып „Амерыка перадусім“… З Пітам ля стырна ворагі Амерыкі папярэджаныя: нашыя вайскоўцы зноў стануць вялікімі і Амерыка ніколі не адступіць», — сказана ў заяве.
Гэтае рашэнне Трампа ўжо выклікала крытыку ў дэмакратаў.
«Пасада міністра абароны не павінная быць пасадай пачатковага ўзроўню», — заявіў вядучы дэмакрат у Камітэце Палаты прадстаўнікоў па справах узброеных сіл Адам Сміт.
44-гадовы тэлевядоўца Піт Хегсэт — ветэран Нацыянальнай гвардыі ЗША, ён служыў у Афганістане, Іраку і ў Гуантанама на Кубе. На тэлеканале Fox Хегсэт працуе з 2014 года, у апошнія гады займаў пасаду сувядоўцы праграмы Fox & Friends Weekend.
Раней Трамп прыняў рашэнне наконт прызначэння Ілана Маска. Бізнесовец сумесна з Вівекам Рамасвамі ўзначаліць новае Міністэрства па павышэнні эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (Department of Government Efficiency, DOGE). Яно будзе займацца барацьбой з «урадавай бюракратыяй», скарачэннем залішніх нарматыўных актаў і паспрыяе рэструктурызацыі федэральных агенцтваў і змяншэнню іх «марнатраўных выдаткаў».