Украінскія войскі 22 жніўня нанеслі ўдар амерыканскімі бомбамі GBU-39 па расійскіх пазіцыях у Курскай вобласці, заявіў камандуючы Паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук. Ён апублікаваў відэа, на якім, як сцвярджаецца, запісанае паражэнне ўзводнага апорнага пункта УС РФ.
«Так выглядае авіяўдар Паветраных сіл высокадакладнымі амерыканскімі бомбамі GBU-39 па ўзводным апорным пункце ў Курскай вобласці. Пабітыя пункт кіравання БПЛА, падраздзяленне РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы. — Заўв. рэд.), тэхніка, узбраенне і да 40 вайскоўцаў Расіі», — пракаментаваў Мікалай Аляшчук.
У Мінабароны РФ пакуль не каментавалі паведамленне УСУ пра ўдар па апорным пункце з дапамогай амерыканскай зброі.
GBU-39 — гэта высокадакладная крылатая авіябомба малога дыяметра, якая знаходзіцца на ўзбраенні ВПС ЗША. Далёкасць яе палёту складае каля 110 кіламетраў.
Нагадаем, раней ЗША дазволілі Украіне наносіць удары сваёй зброяй па расійскіх вайсковых аб’ектах на ўсёй лініі фронту, а не толькі з боку Харкаўскай вобласці. Пры гэтым забарона біць дальнабойнай амерыканскай зброяй углыб расійскай тэрыторыі заставалася ў сіле.
Напярэдадні ў Пентагоне заявілі, што палітыка ЗША дазваляе Украіне весці агонь у адказ для абароны ад расійскіх атак з памежных з Сумскай вобласцю рэгіёнаў, уключаючы Курскую вобласць РФ.