У выніку катастрофы паруснай яхты ля берагоў Сіцыліі знік яе ўладальнік, брытанскі мульцімільянер Майк Лінч, і яго 18-гадовая дачка Ханна, паведамляе The Telegraph.
Паводле інфармацыі італьянскіх афіцыйных асобаў, на борце затанулай падчас шторму ля берагоў Сіцыліі паруснай яхты Bayesian знаходзіліся яе ўладальнік, брытанскі мульцімільянер Майк Лінч, і яго 18-гадовая дачка Ханна. Яны абвешчаныя зніклымі без вестак.
Ратавальнікам таксама трэба будзе знайсці кіраўніка інвестыцыйнага банка Morgan Stanley International Джонатана Блумера з жонкай, а таксама адваката Лінча Крыса Марвіла і яго жонку.
59-гадовы тэхналагічны магнат Лінч вядомы ў СМІ як «брытанскі Біл Гейтс». У свой час Forbes ацэньваў яго стан у мільярд даляраў.
Зусім нядаўна скончыўся яго 13-гадовы судовы працэс з Hewlett Packard, якая пасля куплі яго кампаніі Autonomy ў 2012 годзе абвінаваціла бізнесоўца ў штучным завышэнні даходаў. У 2018 годзе Мінюст ЗША выставіў Лінчу абвінавачанні ў махлярстве, у чэрвені 2024 года ён быў цалкам апраўданы.
Нагадаем, 56-метровая яхта Bayesian, якая належыць Лінчу і каштуе 35 мільёнаў еўра, трапіла ў нечакана моцны шторм і затанула недалёка ад сталіцы Сіцыліі Палерма ў ноч на 19 жніўня.
Усяго на борце было 22 чалавекі, большасць з іх — брытанцы. 15 чалавек былі выратаваныя суднам, што праплывала міма, Лінч і яшчэ пяцёра абвешчаныя зніклымі без вестак. Адзін чалавек загінуў — паводле звестак італьянскіх СМІ, гэта кухар, які працаваў на яхце.