Украінскі дзяржаўны праект «Хачу жыць» паведаміў пра рэкордную колькасць узятых у палон за адзін раз расійскіх вайскоўцаў. Адбылося гэта ў Курскай вобласці Расіі.
«Агулам спецназ СБУ ўзяў у палон 102 вайскоўцы 488-га гвардзейскага мотастралковага палка УС РФ і кадыраўскага „Ахмата“. Гэта самы вялікі разавы „ўлоў“ з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну», — паведамляецца ў тэлеграм-канале праекта.
Выданне NV са спасылкай на крыніцы ў спецслужбе піша, што байцы спецназа захапілі разгалінаваны, бетанаваны, умацаваны з усіх бакоў ротны апорны пункт — з падземнымі камунікацыямі і памяшканнямі для пражывання асабістага складу, сталоўкай, збройняй і нават лазняй.
Украіна заяўляла, што з пачатку аперацыі ў Курскай вобласці ў палон былі ўзятыя сотні расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку тэрмінавікі, якія, як неаднаразова запэўніваў Пуцін, не будуць удзельнічаць у баявых дзеяннях.