Вынікі выбараў у Еўрапарламент пачалі праяўляцца яшчэ да абвяшчэння іх афіцыйных вынікаў — у СМІ кажуць пра значны поспех ультраправых партый (многія з якіх яшчэ і прарасійскія). Прэзідэнт Францыі ўжо абвясціў пра пазачарговыя парламенцкія выбары ў сваёй краіне, а прэм’ер-міністр Бельгіі сабраўся ў адстаўку. Прапагандысты беларускіх дзяржаўных СМІ сцвярджаюць, што цяпер Еўропу чакаюць узрушэнні, а самі вынікі галасавання «зменяць расклад ва Украіне». Ці сапраўды выбары ў Еўрапарламент скончыліся трыумфам прарасійскіх ультраправых сіл, ці можа гэты орган уплываць на замежную палітыку ЕС і як вынікі электаральнай кампаніі паўплываюць на сам Еўрасаюз, яго адносіны з Беларуссю і на пазіцыю ў вайне з Украінай? Разбіраемся.
Дзе на выбарах у Еўрапарламент перамаглі правыя палітычныя сілы і да чаго гэта ўжо прывяло
Выбары ў Еўрапарламент выйграе правацэнтрысцкая Еўрапейская народная партыя (European People’s Party, EPP). Паводле папярэдніх вынікаў, апублікаваных пасля абеду 10 чэрвеня, яна атрымала 186 З 720 дэпутацкіх месцаў. Гэта на шэсць месцаў больш, чым у 2019 годзе, — праўда, тады (яшчэ да выхаду Вялікабрытаніі з ЕС) у Еўрапарламенце засядаў 751 дэпутат. Прадстаўніца EPP — цяперашняя кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, якая, імаверна, захавае сваю пасаду.
Другое месца, паводле папярэдніх вынікаў, атрымлівае левацэнтрысцкі «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў» (S&D) са 135 месцамі (на 19 месцаў менш, чым у 2019 годзе). Трэцяе месца з 79 месцамі — у ліберальна-кансерватыўнай групы «Абнаўляючы Еўропу» (Renew Europe), якая таксама займае цэнтрысцкія пазіцыі. Такім чынам, цэнтрысцкія палітычныя партыі атрымліваюць у Еўрапарламенце каля 400 месцаў з 720 (56%) — наўрад ці гэтая лічба прыкметна зменіцца да моманту абвяшчэння фінальных вынікаў. У 2019 годзе ў іх разам былі 444 галасы з 751 (59%).
Сярод іншых палітычных сіл мацней за ўсё пагоршыліся пазіцыі зялёных (Greens/EFA), якія атрымалі 53 месцы з 720 (7%) супраць 74 месцаў з 751 (10%) у 2019 годзе. «Еўрапейскія аб’яднаныя левыя», паводле папярэдніх звестак, атрымліваюць 36 месцаў з 720 (5%), у 2019 годзе ў іх было 41 месца з 751 (таксама 5%). Амаль не змянілася і колькасць незалежных дэпутатаў: яны атрымаюць, папярэдне, 57 месцаў супраць 55 у 2019 годзе.
Асаблівую цікавасць у назіральнікаў выклікалі вынікі правакансерватыўных і ультраправых партый, якія ў апошнія гады часта асацыююцца з прарасійскімі сіламі. Поспех правых у самых населеных краінах ЕС — Францыі і Германіі — даваў падставы меркаваць, што і ў агульнаеўрапейскім заліку іх вынікі ўразяць.
Аднак вынікі папярэдняга падліку галасоў паказваюць, што радыкальныя правыя блокі «Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты» (ECR) і «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» (ID) атрымліваюць разам усяго 131 месца з 720 (18%), у той час як у 2019 годзе ў іх было 135 месцаў з 751 (тыя ж 18%).
Праўда, прадстаўнікі некаторых нацыянальных ультраправых партый не ўваходзяць у гэтыя кааліцыі. Таму да агульнай колькасці можна дадаць, напрыклад, 14 месцаў правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі», якая атрымала амаль 16% галасоў нямецкіх выбаршчыкаў.
У Венгрыі амаль 45% галасоў набрала правапапулісцкая партыя прэм’ер-міністра Віктара Орбана «Фідэс — Венгерскі грамадзянскі саюз», якая таксама не ўваходзіць у агульнаеўрапейскія кааліцыі. А гэта значыць, што яна можа прэтэндаваць на 10 з 21 месца, зарэзерваванага ў Еўрапарламенце для венгерскіх дэпутатаў. Праўда, для партыі Орбана гэта найгоршы вынік з часу ўступлення ў ЕС. Папярэднім разам менш чым палову галасоў (47,4%) яна набірала толькі на самых першых выбарах 2004 года.
У Бельгіі перамагла ультраправая антыіміграцыйная партыя «Фламандскі інтарэс», за якую прагаласавала 14,5% выбаршчыкаў. На другое месца з 14% галасоў выйшла яшчэ адна правая партыя, «Новы фламандскі альянс», у той час як партыя прэм’ер-міністра Аляксандра дэ Кро «Адкрытыя фламандскія лібералы і дэмакраты» атрымала ўсяго 5,4% галасоў выбаршчыкаў. Паралельна ў Бельгіі прайшлі з падобнымі вынікамі і ўнутраныя выбары ў парламент гэтай краіны, у сувязі з чым прэм’ер-міністр ужо заявіў пра намер пайсці ў адстаўку.
Мабыць, самымі драматычнымі вынікі выбараў у Еўрапарламент выглядаюць для Францыі. Тут ультраправае «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Лё Пэн, якое ўваходзіць у агульнаеўрапейскую правакансерватыўную кааліцыю «Ідэнтычнасць і дэмакратыя», атрымала 31% галасоў, у той час як кааліцыя Besoin d’europe («Патрэба ў Еўропе»), якая ўключае партыю прэзідэнта Эманюэля Макрона Renaissance, набрала менш за 15% галасоў. Па выніках галасавання за дэпутатаў Еўрапарламента Макрон абвясціў у Францыі датэрміновыя парламенцкія выбары.
Правыя партыі перамагаюць таксама ў Італіі («Браты Італіі», 29%), Іспаніі («Народная партыя», 34%) і ў Аўстрыі («Аўстрыйская партыя», 26%).
Калі фармуляваць вынікі выбараў зусім каротка, то ў цэлым па ЕС папярэдні статус-кво захаваўся, аднак у асобных (і, што важна, ключавых) краінах Еўрасаюза ультраправыя значна палепшылі свае вынікі. Але на што гэта можа паўплываць?
Ці ёсць у Еўрапарламента рэальная ўлада — і якая?
Юрыдычна Еўрапарламент — самая галоўная інстытуцыя Еўрасаюза. У дамовах ЕС ён заўсёды згадваецца на першым месцы, перад Еўрапейскай радай і Еўрапейскай камісіяй. У адрозненне ад іншых органаў ЕС, яго дэпутатаў выбіраюць наўпрост грамадзяне дзяржаваў — сябраў Саюза. Агульная колькасць дэпутатаў і іх колькасць ад кожнай краіны змяняецца з году ў год у залежнасці ад дэмаграфічных паказчыкаў (чым больш у краіне жыве людзей, тым больш дэпутатаў яна можа скіраваць у Еўрапарламент для прадстаўлення іх інтарэсаў).
У Еўрапарламенце цяперашняга склікання будзе 720 дэпутатаў. Самыя буйныя дэлегацыі ў яго адправяць Германія (96 месцаў), Францыя (81), Італія (76) і Іспанія (61). Менш за ўсё дэпутатаў Еўрапарламента абіраюць у Люксембургу, на Мальце і на Кіпры (па шэсць чалавек). З ліку суседзяў Беларусі Латвія адправіць у Еўрапарламент дзевяць дэпутатаў, Літва — 11, а Польшча — 53. Пра тое, колькі дэпутатаў у Еўрапарламенце мела б нашая краіна, калі б уваходзіла ў ЕС, можна меркаваць, паглядзеўшы на дзяржавы з падобнай колькасцю насельніцтва. Балгарыю ў еўрасоюзаўскім парламенце будуць прадстаўляць 17 дэпутатаў, Аўстрыю — 20, Грэцыю, Венгрыю, Партугалію, Швецыю — па 21, Бельгію — 22 дэпутаты.
У першыя дзесяцігоддзі еўрапейскай інтэграцыі еўрадэпутатаў прызначалі парламенты краін-удзельніц, толькі з 1979 года выбары сталі прамымі. Спачатку функцыі Еўрапарламента былі кансультацыйнымі, але ў 1990−2000-х гадах яго паўнамоцтвы моцна пашырыліся дзякуючы прыняццю новых дамоваў ЕС. Цяпер орган мае такія ж правы што да вырашэння ключавых пытанняў у галінах эканомікі, экалогіі, іміграцыі і энергетыкі, як некалі больш важная Еўрапейская рада (сход кіраўнікоў дзяржаваў — удзельніц ЕС). Каля 95% усіх законаў ЕС прымаюцца сумесна абедзвюма гэтымі інстытуцыямі. Еўрапарламент абмяркоўвае законапраекты, прапанаваныя Еўракамісіяй і Радай ЕС, уносіць у іх папраўкі і прымае альбо адхіляе. Пры гэтым сам орган не можа выступаць з заканадаўчай ініцыятывай — але можа папрасіць Еўракамісію ініцыяваць які-небудзь закон.
Еўрапарламент займаецца і міжнароднымі справамі. Ён ратыфікуе дамовы, якія заключае Еўракамісія, і прымае бюджэт ЕС. З дапамогай апошняга інструмента парламент Еўрасаюза можа ціснуць на іншыя інстытуты ЕС і асобныя краіны. Так, у красавіку орган адклаў ухваленне бюджэту Еўрарады, пакуль краіны не ўзгодняць пастаўкі Украіне дадатковых сістэм СПА. А 17 верасня 2020 года Еўрапарламент адмовіўся прызнаваць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі і падтрымаў заклікі дэмакратычнай апазіцыі правесці новыя выбары з удзелам міжнародных назіральнікаў.
Таксама Еўрапарламент зацвярджае кіраўніка Еўракамісіі — выканаўчага органа Еўрасаюза, фактычна — еўрапейскага ўрада. Пры гэтым кандыдатаў на зацверджанне падае Еўрапейская рада. Дэпутаты Еўрапарламента таксама адсочваюць працу Еўракамісіі і тэарэтычна могуць адправіць яе ў адстаўку дзвюма трацінамі галасоў. Праўда, на практыцы такога яшчэ не здаралася. А старшыня Еўрапейскай рады, якога выбіраюць лідары краін ЕС, мусіць даваць справаздачу перад Еўрапарламентам пасля кожнага паседжання гэтага органа.
Як вынікі выбараў адаб’юцца на самой Еўропе, яе адносінах з Беларуссю і на еўрапейскай дапамозе Украіне?
Як відаць, уплыў Еўрапарламента на дзейнасць ЕС досыць вялікі. Нядзіўна, што напярэдадні ўлады розных еўрапейскіх дзяржаваў паведамлялі пра спробы Расіі ўмяшацца ў выбарчы працэс. Так, у сакавіку чэшскі ўрад абвінаваціў Крэмль у распаўсюдзе прапагандысцкіх тэзісаў, згодна з якімі падтрымка Украіны нібыта падаўжае вайну і перашкаджае заключэнню міру. Адной з мэтаў гэтай кампаніі была акурат спроба паўплываць на выбары ў Еўрапарламент. А ў красавіку ўжо згаданы прэм’ер-міністр Бельгіі Аляксандр дэ Кро апублікаваў вынікі працы спецслужбаў сваёй краіны. Згодна з імі, існуе цэлая сетка расійскай агентуры, якая спрабуе знізіць у ЕС узровень падтрымкі Украіны і дапамагае абраць у Еўрапарламент як мага больш прарасійскіх кандыдатаў.
Партыю «Альтэрнатыва для Германіі», якая згадвалася вышэй, наогул выключылі з агульнаеўрапейскага правага блока «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» пасля таго, як яе асноўнага кандыдата Максіміліяна Кра абвінавацілі ў спрыянні расійскаму ўплыву (а яго парламенцкага памочніка — у шпіянажы на карысць Кітая).
Але што будзе цяпер і ці змогуць прарасійскія дэпутаты змяніць палітыку ЕС? Пасля заканчэння выбараў некаторыя эксперты прагназавалі, што два радыкальна правыя агульнаеўрапейскія блокі (ECR і ID) разам з правымі пазафракцыйнымі партыямі накшталт «Альтэрнатывы для Германіі» і венгерскай «Фідэс» змогуць разам пераадолець парог у траціну месцаў (то-бок атрымаюць больш чым 240 дэпутацкіх мандатаў). А гэта дазволіла б ім перашкаджаць прыняццю законаў Еўрапарламентам. Аднак цяпер ужо відавочна, што траціны радыкальныя правыя фракцыі не набяруць, нават калі да іх далучацца наогул усе незалежныя дэпутаты, а не толькі блізкія па ідэалогіі «АдГ» і «Фідэс»: у сукупнасці ў іх будзе ўсяго 176 месцаў.
Такім чынам, ультраправыя «сябры Крамля» так і не атрымалі магчымасці наўпрост уплываць на замежную палітыку Еўрасаюза. Напрыклад, ім не ўдасца блакаваць ваенную дапамогу Украіне. ЕС працягне ўспрымаць Расію як пагрозу бяспецы на кантыненце і падтрымліваць Кіеў у адбіцці расійскай агрэсіі.
Варта таксама памятаць, што далёка не ўсе ультраправыя еўрапейскія партыі можна лічыць хаця б умоўна прарасійскімі. Напрыклад, кіраўнічая італьянская партыя «Браты Італіі», якая ўваходзіць у альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, падтрымлівае Украіну і жорстка ставіцца да Пуціна і Лукашэнкі. З такім раскладам блакаванне прарасійскімі ультраправымі сіламі ў Еўропе нейкіх прынцыповых рашэнняў, якія датычаць расійска-ўкраінскай вайны, выглядае зусім фантастычным.
Пры гэтым ультраправыя палітычныя сілы і еўраскептыкі ў выніку гэтых выбараў сапраўды ўзмацнілі пазіцыі ў шэрагу асобных еўрапейскіх краін — у першую чаргу ў Германіі і Францыі. Калі на пазачарговых парламенцкіх выбарах у апошняй большасць набярэ ультраправая партыя Марын Лё Пэн, прэзідэнт Макрон страціць падтрымку парламента. І пазіцыя Францыі (адзінай ядзернай дзяржавы ў ЕС) адносна расійска-ўкраінскага канфлікту можа пачаць мяняцца. Зрэшты, пакуль пра гэта казаць рана: выбары ў гэтай краіне адбудуцца ў два туры, 30 чэрвеня і 7 ліпеня. Яўка на выбарах у Еўрапарламент там склала ўсяго 52,5% — таму вынік парламенцкіх выбараў будзе моцна залежаць ад таго, як шмат сваіх апалітычных прыхільнікаў змогуць прыцягнуць на выбарчыя ўчасткі Макрон і Лё Пэн.
Не асабліва вялікая змена балансу сіл у Еўрапарламенце можа адбіцца, хутчэй, на ўнутрыеўрапейскім парадку дня. Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытута міжнародных стасункаў у каментары «Белсату» дапусціў, што праз прыкметнае паслабленне пазіцый зялёных цяпер можна чакаць меншага акцэнту на экалогіі. А вось моцны ўхіл Еўрапарламента ўправа можа заахвоціць яго надаваць больш увагі пытанням міграцыі.
Што да адносін ЕС і Беларусі, то тут нейкіх радыкальных зменаў пасля выбараў у Еўрапарламент чакаць не даводзіцца. Большасць у ім захавалася за тымі ж палітычнымі сіламі, якія восенню 2020 года прызналі нелегітымным прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Заява літоўскага палітыка Вальдэмара Тамашэўскага, які абраўся ў Еўрапарламент і паабяцаў палепшыць адносіны з афіцыйным Мінскам, наўрад ці можна лічыць паказальнай. Тамашэўскі — усяго адзін з 11 літоўскіх дэпутатаў (яго партыя набрала далёка не ўражлівыя 5,67% галасоў) і 720 агульнаеўрапейскіх. Наўрад ці ягоная пазіцыя неяк адаб’ецца на палітыцы ўсяго ЕС.
Экспертка Еўрапейскай сеткі лідарства і Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі Кацярына Глод у каментары «Белсату» адзначыла, што моцныя пазіцыі ў Еўрапарламенце атрымалі палітычныя сілы суседніх з Беларуссю краін, якія добра арыентуюцца ў нашым парадку дня. У Польшчы на першым месцы апынулася «Грамадзянская кааліцыя» Дональда Туска, якая падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Беларусі і мае добрыя сувязі з праціўнікамі Лукашэнкі. Глод нагадвае, што цяперашні міністр замежных справаў Польшчы, рашучы праціўнік Лукашэнкі Радаслаў Сікорскі можа стаць адным з еўракамісараў (фактычна міністраў) — магчыма, камісарам па пашырэнні ЕС.
У Літве на першым месцы «Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты». Гэтае лідарства захоўвае дэпутацкія месцы за чальцамі рабочай групы Еўрапарламента Андрусам Кубілюсам і Расай Юкнявічэне. Застанецца ў Еўрапарламенце і лідар літоўскіх лібералаў Пятрас Аўштравічус, які таксама ўваходзіць у гэтую групу. Дзякуючы гэтым палітыкам беларускае пытанне зможа ўтрымлівацца ў еўрапейскім парадку дня.
Навіны могуць палохаць і збіваць з панталыку. «Люстэрка» зразумела тлумачыць, што адбываецца ў еўрапейскай палітыцы і як гэтыя падзеі ўплываюць на беларусаў.
Падтрымайце рэдакцыю
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.