За апошнія дзве гадзіны па Запарожжы нанеслі пяць ракетных удараў, загінулі тры чалавекі, не менш за 13 атрымалі раненні. Пра гэта паведаміў кіраўнік Запарожскай ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.
— Паводле наяўнай інфармацыі, часткова пашкоджаныя тры шматпавярховыя дамы, не менш за 10 прыватных жылых дамоў. На жаль, ёсць ахвяры. Паводле апошняй інфармацыі, тры чалавекі загінулі, 13 чалавек шпіталізаваныя, чацвёра з іх у цяжкім стане, — расказаў Іван Фёдараў.
Сярод пацярпелых — дзевяцігадовае дзіця і яго 32-гадовая мама. Яны шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасці. Таксама раненні атрымалі двое журналістаў. Адзін з іх — карэспандэнт «Укрінфарма».
Фёдараў адзначыў, што абстрэл праводзілі дзвюма хвалямі. Другі ўдар быў нанесены, калі на месца першага прыбылі выратавальныя службы і паліцыя.
— Пакуль мы не можам ацаніць усіх маштабаў разбурэнняў, бо ўсяго некалькі хвілін таму быў адбой паветранай трывозе, — адзначыў Фёдараў.