Знешняя палітыка Арменіі пасля фактычнай паразы ў вайне за Нагорны Карабах з Азербайджанам робіць круты віраж. 9 сакавіка міністр замежных справаў Арарат Мірзаян заявіў, што ў Арменіі абмяркоўваецца ідэя ўступлення ў ЕС і што ў народа краіны «ёсць еўрапейскае памкненне». А 12 сакавіка прэм’ер-міністр Нікол Пашынян расказаў, што дзяржава фактычна замарозіла сваю дзейнасць у вайсковым блоку АДКБ і гатовая выйсці з яго, калі партнёры па арганізацыі не адкажуць на пытанні, звязаныя з умовамі абароны армянскага суверэнітэту. Расказваем, чаму каля 30 гадоў таму Ерэван зрабіў стаўку на цесны вайскова-палітычны саюз з Расіяй, чым Арменія заплаціла за гэты выбар і да якіх вынікаў гэта прывяло.
Як Арменія пасля распаду СССР стала «Беларуссю Паўднёвага Каўказа»
У апошнія гады існавання СССР Арменія была адной з самых апазіцыйных Крамлю рэспублік. Ужо ў жніўні 1990-га Вярхоўны Савет Армянскай ССР прыняў дэкларацыю незалежнасці краіны і пераназваў яе ў Рэспубліку Арменія. А ў верасні 1991-га на рэферэндуме ідэю суверэнітэту падтрымала больш за 99% жыхароў — і толькі каля паловы працэнта прагаласавала супраць.
Аднак у гэты ж час Арменія ўсё глыбей уцягвалася ў спрэчку з Азербайджанам пра лёс Нагорнага Карабаха (Арцаха) — рэгіёну, які быў населены пераважна армянамі, але за савецкім часам уваходзіў на правах аўтаноміі ў склад Азербайджанскай ССР. Савецкі Саюз дажываў апошнія месяцы, і пасярэднікам у вырашэнні спрэчкі паміж армянамі і азербайджанцамі спрабавалі стаць іншыя савецкія рэспублікі. Хоць спачатку да вырашэння крызісу падключаўся, напрыклад, Казахстан, ключавую ролю ў далейшым грала Расія.
Прычым у перыяд распаду СССР Арменія ўспрымала пазіцыю Масквы па карабахскім пытанні як праазербайджанскую — гэтым часткова і тлумачыліся цэнтрабежныя памкненні Ерэвана. Аднак з сярэдзіны 1990-х у Арменіі зноў пачалі лічыць Расію стратэгічным саюзнікам. У 1992−1993 гадах і Ерэван, і Баку падпісалі Дамову пра калектыўную бяспеку — аснову будучага вайсковага блока АДКБ, у якім дамінуе РФ. Але калі Арменія ў 1999 годзе выйшла з дамовы, то Азербайджан фармальна захоўвае сваё сяброўства ў гэтым аб’яднанні дагэтуль.
Таксама Арменія з пачатку 1990-х застаецца чальцом СНД (з якога ў 2008 годзе выйшла яе суседка Грузія). У 2013 годзе Ерэван пад ціскам Масквы адмовіўся ад дамовы пра асацыяцыю з ЕС (тады ж аналагічнае адбывалася з Украінай — але ўсё скончылася Еўрамайданам і зрынаннем прэзідэнта Віктара Януковіча). А з 1 студзеня 2015-га Арменія ўступіла ў Еўразійскі эканамічны саюз, у якім на той момант былі Беларусь, Казахстан і Расія (і ў які, акрамя яе, не ўступіла ні адна з дзяржаваў Паўднёвага Каўказа).
У выніку Арменія стала ўдзельніцай практычна ўсіх постсавецкіх інтэграцыйных аб’яднанняў, якія прасоўвае Масква. На фоне суседніх Азербайджана (які пакуль яшчэ знаходзіцца ў СНД — але не ў АДКБ і ЕАЭС) і Грузіі (якая наогул ігнаруе ўсе гэтыя аб’яднанні) Ерэван выглядае прыкладна гэтак жа, як Беларусь на фоне суседніх Літвы, Латвіі і Украіны. З тым толькі адрозненнем, што Мінск таксама ўваходзіць у склад яшчэ больш цеснай Саюзнай дзяржавы.
Падабенства паміж становішчам афіцыйных Мінска і Ерэвана дадае яшчэ і той факт, што армянскія ўлады называлі сваю фактычна прарасійскую знешнюю палітыку шматвектарнай або «камплементарнай». Пры гэтым кожны раз, калі інтарэсы вектараў прыходзілі ў супярэчнасць адзін з адным, маскоўскі вектар браў верх над астатнімі — як у згаданым вышэй выпадку адмовы падпісваць дамову пра асацыяцыю з ЕС у 2013 годзе і далучэннем да ЕАЭС, якое адбылося пасля гэтага.
Час ад часу ў Арменіі гучалі галасы з заклікамі пераарыентавацца на Захад і пачаць працэдуры ўступлення ў ЕС і NATO. Але да Карабахскай вайны 2020 года ўяўленні пра саюз з Расіяй як гарантыю бяспекі для Арменіі і Арцаха не ставілі пад сумнеў ні ўлады, ні асноўная частка апазіцыі, ні грамадзянская супольнасць.
Чым для Арменіі абярнулася інтэграцыя з Расіяй
Тры дзесяцігоддзі цеснай інтэграцыі з Расіяй на розных узроўнях не прайшлі для Ерэвана бясследна.
У вайсковым плане Арменія выглядае сапраўдным расійскім фарпостам на Паўднёвым Каўказе. Нават у Беларусі да пачатку канцэнтрацыі войскаў РФ перад уварваннем ва Украіну ў лютым 2022 года расійскіх вайскоўцаў было прыкметна менш, чым у Арменіі.
Так, у горадзе Гюмры размяшчаецца 102-я вайсковая база Паўднёвай вайсковай акругі РФ агульнай колькасцю каля 5 тысяч чалавек. Яна створаная на аснове 127-й мотастралковай дывізіі Закаўказскай вайсковай акругі СССР, але ўключае, акрамя сухапутнага складніку, зенітныя ракетныя комплексы С-300 і знішчальнікі МіГ-29.
У 2006−2007 гадах сюды з тэрыторыі Грузіі быў таксама пераведзены штаб групы расійскіх войскаў у Закаўказзі, частка яго асабовага складу і ўзбраенняў. У 2010 годзе (ужо пасля расійскага ўварвання ў Грузію ў 2008 годзе) Ерэван пагадзіўся захаваць расійскую базу на сваёй тэрыторыі адразу на чвэрць стагоддзя — да 2044 года. Скасоўваць гэтую дамову армянскія ўлады пакуль не збіраюцца — хоць і заяўлялі ў канцы мінулага года, што не бачаць плюсаў ад яе размяшчэння.
Акрамя таго, Арменія дагэтуль самастойна кантралюе толькі два ўчасткі сваёй дзяржаўнай мяжы з чатырох: з Грузіяй і з Азербайджанам. На межах з Турцыяй і Іранам, а таксама ў міжнародным ерэванскім аэрапорце Звартноц у адпаведнасці з дамовай 1992 года нясуць службу памежныя войскі РФ. У гэтым плане Арменія таксама звязаная з Расіяй больш цесна, чым Беларусь: Дзяржаўны памежны камітэт у нас служыць на межах самастойна. Праўда, мяжа з Расіяй ім наогул не ахоўваецца.
Праз безумоўную вайсковую арыентацыю на Расію і АДКБ Арменія нават не разглядала магчымасць уступлення ў іншыя вайсковыя блокі — напрыклад, у NATO. Тым больш што ў гэтую арганізацыю ўваходзіць Турцыя — дзяржава са складанымі адносінамі з Ерэванам, якая падтрымлівае Азербайджан.
Размяшчэнне расійскіх вайсковых аб’ектаў мела сваю цану і для армянскага грамадства. У студзені 2015 года расійскі салдат Валерый Пермякоў збег са зброяй з размяшчэння 102-й вайсковай базы ў Гюмры. У горадзе ён расстраляў пяцярых дарослых членаў сям'і Авецісянаў і двухгадовую дзяўчынку. А шасцімесячнага хлопчыка-немаўля закалоў штых-нажом.
Суд над мужчынам праходзіў у Арменіі, але на тэрыторыі расійскай вайсковай базы, а абвінаваўчае заключэнне фармулявалі на аснове законаў РФ. У 2016 годзе Пермякова асудзілі на пажыццёвае зняволенне, а праз год перадалі адбываць пакаранне ў Расію. Сваякі загінулых выставілі РФ пазоў пра кампенсацыю маральнай шкоды на 450 тысяч еўра, але армянскі суд яго адхіліў. «Відавочна, што суд Арменіі проста не змог зрабіць крок супраць Расіі», — каментавала тое рашэнне адвакатка пазоўнікаў Лусінэ Саакян.
Цесная прывязка да Расіі паўплывала і на армянскую эканоміку. Як і ў выпадку з Беларуссю, РФ дзесяцігоддзямі застаецца галоўным гандлёвым партнёрам Ерэвана. З 1993 года гандаль паміж краінамі быў максімальна лібералізаваны — з ануляваннем мытных тарыфаў і скасаваннем нетарыфных абмежаванняў. І хоць у Арменіі і Расіі няма агульнай мяжы, у 2022 годзе на РФ прыпала 44% армянскага экспарту і 30% — імпарту.
Заахвочваючы прарасійскую знешнюю палітыку Арменіі, Масква выкарыстала тую ж «энергетычную іголку», што і ў Беларусі, — то-бок давала ёй зніжаныя цэны на газ і нафтапрадукты. Каўказская краіна залежыць ад паставак расійскага газу, яе чыгункі належаць «РЖД», а электрасеткі кантралююцца кампаніяй алігарха Самвела Карапецяна з расійскім грамадзянствам.
Яшчэ адзін спосаб «прывязкі» армянскай эканомікі да расійскай для Беларусі не такі характэрны. Гэта велізарны аб’ём уваходных прыватных грашовых трансфертаў з РФ — то-бок грашовых пераводаў, якія дыяспара адпраўляе на радзіму. У сярэдзіне 2010-х гадоў Арменія займала сёмае месца ў свеце па аб’ёме такіх трансфертаў адносна памераў эканомікі, саступаючы толькі Таджыкістану, Кыргызстану, Непалу, Малдове, Тога і Гаіці. Паміж 2008 і 2014 гадамі прыватныя пераводы з-за мяжы вагаліся на ўзроўні ад 16,3% да 21% усяго армянскага ВУП. І 80−90% сродкаў паступала з Расіі.
Перапіс 2021 года зафіксаваў у Расіі 946 тысяч жыхароў армянскай нацыянальнасці. Насамрэч іх там у разы больш. Так, амбасадар Арменіі Вардан Таганян у 2017-м ацэньваў колькасць армянскай дыяспары ў РФ у 2,5 млн чалавек. Для параўнання, колькасць насельніцтва самой каўказскай краіны — крыху менш за 3 млн чалавек.
Як і ў выпадку з Беларуссю, эканамічная арыентацыя на Расію не прынесла Арменіі фінансавага росквіту. Дзесяцігоддзямі яна застаецца адной з найбяднейшых краін у СНД і ў сваім рэгіёне — як і Беларусь. Колькасць насельніцтва з 1991 па 2022 год скарацілася на 17% — з 3,575 млн да 2,961 млн чалавек.
Як стаўка Арменіі на саюз з Расіяй не спрацавала
Як ужо згадвалася вышэй, саюзніцкія адносіны з Расіяй разглядаліся ў Арменіі як гарантыя бяспекі самой краіны і непрызнанай дзяржавы ў Нагорным Карабаху (Арцаху). Сітуацыя не змянілася нават пасля «аксамітнай рэвалюцыі» 2018 года, калі ў выніку масавых пратэстаў улада ў краіне перайшла ад прарасійскага прэзідэнта і прэм’ер-міністра Сержа Саргсяна да лідара ліберальнай «Грамадзянскай дамовы» Нікола Пашыняна.
Маскве ў 2018 годзе змена ўлады ў Ерэване шляхам пратэстаў і крымінальныя справы ў дачыненні да прарасійскіх армянскіх палітыкаў (экс-прэзідэнта Роберта Качарана і былога генеральнага сакратара АДКБ Юрыя Хачатурава) прыйшліся моцна не даспадобы. Але Пашынян, які лёгка знаходзіў агульную мову з заходнімі лідарамі, адначасова ўсімі сіламі імкнуўся паказаць, што не збіраецца пераарыентоўваць краіну на Захад. У лютым 2019 года Арменія ва ўзаемадзеянні з Расіяй і не слухаючы пярэчанняў ЗША адправіла вайсковы кантынгент з 83 чалавек у Сірыю.
Нягледзячы на такія праявы лаяльнасці, восенню 2020 года, калі Азербайджан паспрабаваў канчаткова вырашыць карабахскае пытанне на сваіх умовах, Расія не аказала Арменіі вайсковай падтрымкі. Толькі на фінальнай стадыі баявых дзеянняў, калі Баку ўжо ўсталяваў кантроль над большай часткай Арцаха, Масква скіравала ў зону канфлікту міратворцаў. Тады яны не далі знішчыць самаабвешчаную рэспубліку цалкам — і тым самым хаця б часткова збераглі рэпутацыю Расіі ў вачах армян як гаранта іх бяспекі.
Сітуацыя прыкметна змянілася пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022 года. Афіцыйны Ерэван пачаў паступова аддаляцца ад Масквы і наладжваць адносіны з Захадам. Але пры гэтым у краіне працягвала дзейнічаць моцная прарасійская апазіцыя.
У Стэпанакерце (сталіцы самаабвешчанага Арцаха) таксама працягвалі лічыць расійскіх вайскоўцаў абаронай ад магчымага наступу Азербайджана. Калі ў жніўні 2023 года прэзідэнта не прызнанай міжнароднай супольнасцю рэспублікі Араіка Аруцяна, блізкага да Пашыняна, змяніў вылучэнец прарасійскіх сіл Самвел Шахраманян, прарасійская апазіцыя ў Ерэване ўспрыняла гэта з натхненнем. Тут спадзяваліся падобным чынам пазбавіцца і ад самога «празаходняга» Пашыняна.
Але ўвосень 2023 года Азербайджан паставіў крыж на існаванні самаабвешчанага Арцаха без усялякага супрацьдзеяння з боку Расіі. Нават для самых па-прарасійску настроеных жыхароў краіны стала відавочна, што Масква не можа ці не хоча ўступацца за карабахскіх армян.
Пры гэтым урад Нікола Пашыняна выстаяў — нягледзячы на бесперапынныя спробы прарасійскіх сіл памяняць месцамі прычыну і вынік. У рамках гэтага наратыву атрымліваецца, што гэта не Расія не выканала свае саюзніцкія абавязанні перад Арменіяй, пасля чаго ўрад Пашыняна пачаў задумвацца пра змену знешнепалітычных прыярытэтаў, а нібыта армянскі прэм’ер сам справакаваў нейкімі сваімі дзеяннямі рэзкае змяненне стаўлення Расіі да ягонай краіны, праз што Масква і дазволіла Азербайджану ўсталяваць кантроль над Нагорным Карабахам.
Няўдача прарасійскіх пратэстаў у Арменіі ў верасні 2023 года паказала, што ўсё больш распаўсюджаным сярод армян робіцца пункт гледжання, згодна з якім асноўнымі вінаватымі ў тым, што здарылася ў Нагорным Карабаху, былі менавіта Расія і армянскія палітыкі, якіх яна падтрымлівае. На думку мясцовага гісторыка і дэпутата Нацыянальнага сходу Мікаэла Заляна, усё большая частка армянскага грамадства прыходзіць да высновы, што пасля гэтых падзей працяг саюзніцкіх адносін з Расіяй немагчымы.
Дзякуй, што дачыталі гэты матэрыял! «Люстэрка» імкнецца часцей гаварыць пра гісторыю. Для нас важная не толькі Беларусь, але і падзеі ў краінах, чымсьці падобных да нашай. Іх шлях да незалежнасці (а часам у адваротным кірунку) — каштоўны ўрок, які нельга забываць.
Вы можаце дапамагчы нам ствараць больш такіх матэрыялаў (клікніце на гэты тэкст 👀)
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас больш зручны сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.