У панядзелак, 11 сакавіка, суддзі Міжнароднага крымінальнага суда на пленарным паседжанні абралі Тамока Аканэ кіраўніцай суда. Пра гэта спаведамляе прэс-служба МКС.
Аканэ падкрэсліла, што для яе вялікі гонар стаць кіраўніцай МКС.
«У гэты няпросты для суда час патрэбны стабільнае і адзінае кіраўніцтва, здольнае супрацоўнічаць. Я засяроджуся на спрыянні дыялогу паміж органамі суда, абаронай і прадстаўнікамі пацярпелых, а таксама на ўмацаванні дыялогу з дзяржавамі-ўдзельніцамі і дзяржавамі, якія яшчэ не ратыфікавалі Рымскі статут. Я таксама буду надаваць прыярытэтную ўвагу бяспецы і дабрабыту персаналу суда», — заявіла яна.
Нагадаем, 17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Тамока Аканэ была адной з трох суддзяў, якія вынеслі рашэнне пра арышт.
Адзначаецца, што Пуцін і Львова-Бялова, як мяркуецца, нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю дзяцей і іх незаконнае перамяшчэнне з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.
Вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыю Расіі лічыцца ваенным злачынствам, заявіла незалежная міжнародная камісія па расследаванні парушэньняў ва Украіне, заснаваная Саветам ААН па правах чалавека.
У Расіі рашэнне МКС назвалі «юрыдычна нікчэмным», «саму пастаноўку пытання» — «абуральнай і непрымальнай». Тамока Аканэ, як і двое яе калегаў, была абвешчаная РФ у вышук.