Вярхоўны суд ЗША адмяніў рашэнне суда штата Каларада пра забарону былому прэзідэнту Дональду Трампу балатавацца на пасаду прэзідэнта ў гэтым штаце. Прынятае рашэнне будзе дзейнічаць па ўсёй краіне.
У сваёй сацсетцы Truth Social Трамп назваў прынятае Вярхоўным судом рашэнне «вялікай перамогай для Амерыкі».
Раней суддзі штата Каларада пастанавілі, што Дональд Трамп не можа быць уключаны ў бюлетэні на рэспубліканскіх праймерыз праз ягоную ролю ў «падбухторванні да гвалту супраць урада ЗША».
У аснову судовага рашэння легла меркаваная роля Дональда Трампа ў падзеях 6 студзеня 2021 года, калі натоўп яго прыхільнікаў уварваўся ў будынак Кангрэса на Капіталійскім узгорку, спрабуючы аспрэчыць вынікі прэзідэнцкіх выбараў, згодна з якімі перамог яго супернік Джо Байдэн.
Нагадаем, Дональда Трампа абвінавачваюць у дзясятках цяжкіх злачынстваў. Нягледзячы на гэта, ён з вялікім адрывам лідзіруе на праймерыз Рэспубліканскай партыі.