Раніцай у пятніцу, 8 снежня, у шэрагу абласцей Украіны гучала паветраная трывога з прычыны ракетнай атакі. Большасць расійскіх ракет удалося збіць.
«8 снежня 2023 года каля 06.00 вораг нанёс удар са стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-95МС крылатымі ракетамі Х-101/Х-555. Усяго былі задзейнічаныя 7 самалётаў з раёна Саратаўскай вобласці, якія папярэдне выпусцілі 19 крылатых ракет паветранага базавання. Частка варожых ракет была скіраваная на аб’екты інфраструктуры на Днепрапятроўшчыне. Іншая група, даляцеўшы да Дняпра, змяніла кірунак руху ў бок Кіева. Станам на 09.00 знішчаныя 14 з 19 крылатых ракет Х-101/Х-555 на Днепрапятроўшчыне і Кіеўшчыне», — паведамілі падрабязнасці ў Паветраных сілах УСУ.
У Кіеўскай вайсковай адміністрацыі адзначылі, што сталіца была атакаваная крылатымі ракетамі пасля 79-дзённай паўзы. Паветраная трывога ў сталіцы цягнулася каля дзвюх гадзін. Сіламі і сродкамі СПА ўсе ракеты былі знішчаныя на падлёце да горада.
У Кіеўскай вобласці праз падзенне абломкаў пашкоджаныя 10 прыватных дамоў.
У Днепрапятроўскай вобласці наступствы расійскай ракетнай атакі сур’ёзнейшыя. Як расказаў кіраўнік вайсковай адміністрацыі вобласці Сяргей Лысак, ёсць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва — адзін чалавек загінуў, яшчэ чацвёра атрымалі раненні, двое з іх у цяжкім стане.
Пашкоджанае прамысловае прадпрыемства, каля 20 прыватных дамоў.
Ліквідацыя наступстваў абстрэлу Харкава. Відэа прэс-службы ДСНС УкраіныУначы расійскія войскі таксама абстралялі Харкаў. Паводле звестак Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, два чалавекі пацярпелі, пашкоджаныя прынамсі сем шматкватэрных дамоў і больш за 20 аўтамабіляў.