У пятніцу, 6 кастрычніка, у ізраільскім кібуцы Рэім за 5 кіламетраў ад сектара Газа пачаўся фестываль электроннай музыкі Supernova. Арганізатары былі вядомыя аналагічным буйным опэн-эйрам у Бразіліі, таму і на гэты рэйв з’ехаліся аматары музыкі транс з розных краін. Тры сцэны, фудкорт, намётавы гарадок. Свята «сяброў, любові і бясконцай свабоды» мусіць цягнуцца ўсе выходныя. Але раніцай суботы пляцоўку атакавалі баевікі ХАМАС, якія прарваліся праз мяжу. Былі забітыя як мінімум 260 чалавек, многіх забралі ў закладнікі. Вядомае ізраільскае выданне The Tablet пагаварыла з выжылымі — яны расказалі пра перажыты кашмар.
«Я 12 гадзін размаўляў з ізраільцянамі, якія былі на фестывалі Supernova, — піша аўтар матэрыялу Ліэль Лейбавіц, рэдактар часопіса. — Іх сведчанні, як вы можаце ўявіць, вельмі эмацыйныя. Прынамсі адзін з іх перапыніўся на сярэдзіне размовы і не змог працягваць».
Атака пачалася, а сёмай раніцы, вечарынка была ў самым разгары, і большасць людзей была п’яная. Спачатку яны пачулі гучны выбух, які прынялі за чарговы бязмэтны ракетны абстрэл, якія нярэдкія на поўдні Ізраіля. Але потым выбухі сталі гучнейшымі і часцейшымі, не сціхалі каля пяці хвілін. Музыку спынілі, і паліцыянты, якія ахоўвалі некалькі тысяч рэйвераў, пачалі падштурхоўваць іх пакінуць пляцоўку.
У гэты момант да месца ўжо набліжаліся тэрарысты на пікапах з вайсковай маркіроўкай ХАМАС.
Пачалася страляніна. Многія былі расстраляныя на месцы. На гэта момант на пляцоўцы рэйву знайшлі 260 целаў.
Астатнія кінуліся бегчы па плоскай раўніне пустыні Негеў, дзе няма амаль ніякіх хованак. Убачыўшы гэта, тэрарысты пачалі наганяць і атачаць іх. Адных забівалі, іншых хапалі і звязвалі, забіраючы ў закладнікі.
«Я бачыў кадры, як мужчыну схапіла група арабскіх дзяцей. Ім гадоў па 16−17, гэта дзеці, але гэта ўжо і маладыя мужчыны. Яны трымалі гэтага хлопца, а ён глядзеў, як яго дзяўчыну грузяць на матацыкл і вязуць», — кажа адзін з тых, хто выжыў.
Гаворка пра дзяўчыну кітайскага паходжання на імя Ноа. Пазней амбасада Ізраіля ў Кітаі пацвердзіла, што дзяўчына нарадзілася ў Пекіне і вучылася ў Ізраілі, імаверна, мела два грамадзянствы. Відэа з ёй шырока разышлося ў сацсетках.
«Адзін бог ведае, што ёй давядзецца перажыць. На месцы рэйву жанчын гвалтавалі проста побач з целамі іх сяброў», — кажа выжылы.
Частку ахвяр згвалтаванняў, мяркуючы з усяго, потым забілі. Астатніх забралі ў Газу. Выданне піша, што ў інтэрнэце ёсць фатаграфіі некалькіх жанчын, якія вымушана ідуць разам з «парадам» па вуліцах горада. Паміж ног у іх цячэ кроў.
Адзін з выжылых пазней у той жа дзень вярнуўся на месца трагедыі, каб знайсці сваіх сяброў. Дрыготкім голасам ён расказваў, што бачыў. Пра знявечаныя целы, у асноўным маладых жанчын. Пра напаўголыя трупы, многія з якіх, відавочна, былі расстраляныя ва ўпор. Пра аўтамабілі, зрашэчаныя кулямі і падарваныя гранатамі.
Некаторыя шчасліўчыкі змаглі дабегчы да найбліжэйшага рова і схаваліся сярод хмызняку.
«Мне здавалася, што яны стралялі проста над нашымі галовамі, — успамінае адзін з выжылых. — Я нырнуў у кусты… Было адчуванне, што страляніна вялася з усіх бакоў на 180 градусаў. Я зразумеў, што нам давядзецца праляжаць там як мінімум пару гадзін. А ў мяне пры сабе нічога не было. Адзінае, чаго мне хацелася ў той момант, гэта зброя. Я хацеў мець нешта, каб абараніць нас».

Урэшце ён і яго сябры — некаторыя засталіся без абутку — адважыліся паспрабаваць дабрацца да бяспечнага месца. Яны вырашылі ісці ўздоўж дарогі, але воддаль, так, каб бачыць яе, але іх саміх не было відаць. «Я кажу: калі ўбачым вайсковыя або паліцэйскія машыны, то выходзім, а калі не, то трымаемся далей. І калі мы ўбачылі войска і паліцыю, мы зразумелі, што тут ужо бяспечна», — расказаў хлопец.
Пазней, калі атака нарэшце скончылася і салдатам ЦАХАЛа ўдалося перамагчы нападнікаў, яны абшукалі іх грузавікі і знайшлі гранатамёты, сучасныя сродкі сувязі, розныя аўтаматы АК-47 і іншую зброю, у асноўным савецкай вытворчасці, а таксама шматлікія копіі Карана.
Нагадаем, многія ўдзельнікі фестывалю лічацца зніклымі без вестак. Адну з дзяўчат, 30-гадовую Шані Лук з Германіі, апазналі па татуіроўцы на назе ў відэа, знятым баевікамі, як яе вязуць раздзетай і без прытомнасці ў кузаве пікапа ХАМАС. Пра яе далейшы лёс нічога не вядома.
Чытайце таксама