У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што нанеслі ўдары па ўкраінскіх цэнтрах прыняцця рашэнняў, «дзе пад кіраўніцтвам спецыялістаў заходніх спецслужбаў планаваліся тэрарыстычныя акты на тэрыторыі Расіі». Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што ў раёне Мар'інкі за суткі адбілі 12 расійскіх атак. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны разважаюць, як расійскія ўдары па Кіеве паўплываюць на планаванае ўкраінскае контрнаступленне.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 461-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Пабілі тры важныя цэлі расійскіх войскаў
За мінулыя суткі Расія нанесла два масіраваныя ракетна-авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Украіны, выкарыстоўваючы крылатыя ракеты паветранага базавання Х-101/Х-555, іранскія ўдарныя БПЛА Shahed-136/131, а таксама крылатыя і балістычныя ракеты аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр». На жаль, ёсць пацярпелыя сярод цывільнага насельніцтва, пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы, іншая інфраструктура, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Усяго за мінулыя суткі праціўнік нанёс 62 авіяцыйныя ўдары і здзейсніў 54 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расіяне нанеслі авіяцыйны ўдар у раёне Мелавога Харкаўскай вобласці. З мінамётаў і артылерыі абстралялі 22 населеныя пункты Сумскай вобласці і на Харкаўшчыне.
— На Купянскім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Масютоўкі, Крахмальнага Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскага і Стальмахоўкі — Луганскай. Нанеслі авіяцыйны ўдар у раёне Стальмахоўкі. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся 13 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар у раёне Лімана і авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся чатыры населеныя пункты.
— На Бахмуцкім напрамку цягам сутак праціўнік наступальных дзеянняў не праводзіў. Нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Тарэцка Данецкай вобласці. Абстраляў 11 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку авіяцыйныя ўдары нанесеныя ў раёнах Аўдзееўкі і Вадзянога. З артылерыі расійскія войскі абстралялі чатыры населеныя пункты Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі 12 атак расійскіх сіл у раёне горада Мар'інка. Расіяне нанеслі авіяўдар у раёне Георгіеўкі, абстралялі Мар'інку і Георгіеўку Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Вуглядара і Прачыстаўкі. Абстраляў шэсць населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні. Нанеслі авіяўдары ў раёнах Гуляйполя і Малой Такмачкі Запарожскай вобласці. Абстралялі раёны 19 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей і горад Херсон.
— Украінская авіяцыя за суткі нанесла 15 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка.
— Знішчаныя чатыры разведвальных БПЛА рознага тыпу.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі тры раёны канцэнтрацыі ўзбраення і вайсковай тэхнікі, склад боепрыпасаў, тры сродкі супрацьпаветранай абароны і яшчэ тры важныя цэлі расійскіх войскаў.
У Генштабе таксама паведамілі, што ў Скадоўскім раёне Херсонскай вобласці акупацыйныя ўлады ўзмацнілі контрвыведніцкія меры: праводзяць масавыя рэйды па дамах і кватэрах мясцовых жыхароў, правяраюць дакументы і мабільныя тэлефоны, спрабуючы «запалохаць мясцовае насельніцтва і выявіць тых, хто дапамагае Сілам абароны Украіны».

Мінабароны Расіі: Ліквідавалі ўкраінскія ДРГ у Харкаўскай і Данецкай абласцях
Цягам сутак Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі нанесеныя групавыя ўдары з ужываннем высокадакладнай зброі вялікай далёкасці паветранага базавання па цэнтральных пунктах прыняцця рашэнняў, дзе пад кіраўніцтвам спецыялістаў заходніх спецслужбаў планаваліся тэрарыстычныя акты на тэрыторыі Расіі. Усе прызначаныя аб’екты пабітыя", — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— На Купянскім напрамку агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Цімкаўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Сінькоўка Харкаўскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
За суткі знішчаныя да 40 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік». Акрамя таго, у раёне населенага пункта Маскоўка Харкаўскай вобласці знішчаная радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку армейскай авіяцыяй і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Кузьміно Луганскай вобласці і Ямпалоўка Данецкай вобласці. Знішчаныя больш за 85 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, гаўбіца Д-20, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Данецкім напрамку ў выніку ўдараў авіяцыі, актыўных дзеянняў падраздзяленняў і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў знішчаныя да 145 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-30. У раёне населенага пункта Краснае Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 54-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вялікая Навасёлка і Урэмеўка Данецкай вобласці. У раёне населенага пункта Уладзіміраўка Данецкай вобласці ліквідаваная ўкраінская дыверсійна-разведвальная група.
За суткі на гэтых напрамках знішчаныя звыш 140 украінскіх вайскоўцаў, а таксама чатыры аўтамабілі.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння страты УСУ за суткі склалі да 30 вайскоўцаў, пяць аўтамабіляў, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», а таксама гаўбіцы Д-30 і «Мста-Б».
Усяго за мінулыя суткі, паводле МА РФ, пабітыя 88 артылерыйскіх падраздзяленняў, жывая сіла і ваенная тэхніка УСУ ў 96 раёнах. Сродкамі СПА збітыя сем рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і адна супрацьрадыёлакацыйная ракета HARM. Акрамя таго, знішчаныя восем украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Прыгожын абверг абвінавачанні ў арганізацыі ваеннага перавароту
У апошнія месяцы расійскія сілы пачалі новую абмежаваную паветраную кампанію па нанясенні удараў па Украіне. Яе мэта — аслабіць украінскія контрнаступальныя магчымасці. Але тое, што Расія аддае прыярытэт ударам па Кіеве, імаверна, яшчэ больш абмяжоўвае здольнасць кампаніі істотна стрымліваць патэнцыйныя ўкраінскія контрнаступальныя дзеянні, гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны. Эксперты нагадваюць, што ўдары па Кіеве былі нанесеныя ў ноч з 28 на 29 траўня і ўдзень 29 траўня. Практычна ўсе ракеты і дроны-камікадзэ збіла ўкраінская СПА.
Эксперты таксама звяртаюць увагу на тое, што 28 траўня Расія перакінула ў Беларусь дадатковыя сістэмы СПА С-400 (як мінімум адну батарэю). Адпаведнае відэа апублікавала беларускае Мінабароны. Пакуль незразумела, паступяць гэтыя С-400 на ўзбраенне паблізу Стоўбцаў ці будуць разгорнутыя ў іншым месцы. Як адзначаюць у ISW, гэтыя сістэмы ў любым выпадку будуць знаходзіцца пад аператыўным кантролем Расіі. У Інстытуце нагадваюць, што створаная ў 2009 годзе сумесная рэгіянальная сістэма СПА Расіі і Беларусі фактычна падпарадкоўвае сродкі беларускай СПА Заходняй вайсковай акрузе РФ.
Уладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын абверг абвінавачанне ў тым, што ён можа арганізаваць ваенны пераварот, заявіўшы, што ў яго няма неабходнай для гэтага арміі, а акрамя таго — добрыя адносіны з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Прыгожын цьмяна намякнуў, што міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу можа зладзіць пераварот, бо ў яго ёсць доступ да расійскага спецназу. Эксперты адзначаюць, што Прыгожын рэзка павялічыў колькасць непасрэдных згадак Пуціна з 9 траўня — пасля таго, як ускосна пакрытыкаваў расійскага прэзідэнта.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і на рубяжы Сватава — Крамянная;
- тэмп расійскіх наступальных аперацый у Бахмуце і яго ваколіцах застаецца прыкметна нізкім;
- расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наступальныя аперацыі на фронце Аўдзееўка — Данецк, надаючы асаблівую ўвагу Мар'інцы;
- расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі на захадзе Данецкай вобласці і пашыраюць умацаванні ў Марыупалі;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскія сілы пабілі ўкраінскую разведгрупу падчас сілавых аперацый у Запарожскай вобласці;
- прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 29 траўня падпісаў закон, які яшчэ больш узмоцніць рэжым ваеннага становішча на акупаваных тэрыторыях Украіны.