Былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа арыштавалі перад пачаткам паседжання суда, дзе яму мусяць выставіць крымінальныя абвінавачанні па 33 пунктах. Пра гэта паведаміў тэлеканал CNN.
Трамп 4 красавіка прыбыў у Нью-Ёрк у офіс акруговага пракурора Манхэтэна, дзе ён знаходзіцца пад вартай да выстаўлення абвінавачання, перадае CNN.
Чакаецца, што ў яго возьмуць адбіткі пальцаў, а потым даставяць у залу суда, дзе яму выставяць абвінавачанне.
«Ваў, яны збіраюцца мяне арыштаваць. Не верыцца, што гэта адбываецца ў Амерыцы», — напісаў Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.
Трамп стаў першым у гісторыі экс-прэзідэнтам ЗША, у дачыненні да якога будзе афіцыйна распачатая крымінальная справа. Раней AP пісала, што палітыку інкрымінуецца як мінімум адно абвінавачанне ў крымінальным злачынстве. Паводле звестак агенцтва, гэта можа быць звязана з фальсіфікацыяй дзелавой дакументацыі.
CNN і NYT паведамлялі, што былога кіраўніка дзяржавы падазраюць у наўмыснай падробцы фінансавай дакументацыі ў сувязі з выплатамі порнаакторцы Стормі Дэніэлс (сапраўднае імя — Стэфані Кліфард).