У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што вядуць «актыўныя дзеянні» на Чырвона-Ліманскім і Данецкім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што адбілі за суткі больш за 70 атак расіян на пяці напрамках. Інстытут па вывучэнні вайны апублікаваў падрабязную карту па сітуацыі ў Бахмуце.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 387-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: нанеслі ўдары па 12 раёнах канцэнтрацыі расіян
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі пяць ракетных і 18 авіяцыйных удараў, а таксама правялі 73 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. У выніку абстрэлу Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласці параненыя шасцёра мірных жыхароў, пашкоджаныя больш за 20 дамоў, школа і іншыя аб’екты цывільнай інфраструктуры. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Асноўныя намаганні расійскія войскі засяроджваюць на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў на гэтых напрамках больш за 70 атак.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў раёны 31 населенага пункта.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне спрабавалі прарваць абарону, вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка, Крамянная, Кузьміно, Верхнякаменскае і Спірнае. З артылерыі абстралялі восем населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы не спыняюць спробаў штурмаваць Бахмут. Адбітыя шматлікія атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка, Бахмут, Іванаўскае і Грыгораўка. Варожым абстрэлам падвергліся больш за 15 населеных пунктаў паблізу лініі судакранання.
— На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках расійскія войскі беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёнах населеных пунктаў Каменка, Аўдзееўка, Першамайскае, Невельскае і Мар'інка. Больш за ўсё атак на гэтым участку фронту было ў раёне Мар'інкі — 12. Усе адбітыя. Абстрэлам падвергліся больш за 20 населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расіяне абараняюцца. Абстрэлам падвергліся 12 населеных пунктаў і горад Херсон.
— За мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны нанесла сем удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па пяці пунктах кіравання, пяці раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка, складзе гаруча-змазачных матэрыялаў, дзвюх радыёлакацыйных станцыях, станцыі радыёэлектроннай барацьбы і зенітна-ракетным комплексе на агнявой пазіцыі.
У Генштабе таксама заявілі, што расійскія сілы працягваюць несці страты. Так, на тэрыторыі Алешкаўскай раённай бальніцы, часова занятай тэрыторыі Херсонскай вобласці, на лячэнне прывезлі больш за 20 цяжкапараненых.
На акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці, паводле звестак Генштаба, ідзе прымусовая пашпартызацыя. У прыватнасці, у горадзе Мелітопаль акупацыйныя ўлады забаранілі ажыццяўляць якія-кольвек выплаты і разлікі грамадзянам, якія не маюць рэгістрацыйнага нумара ўліковай карткі падаткаплатніка РФ, які можна атрымаць выключна пры наяўнасці пашпарта грамадзяніна Расійскай Федэрацыі.
Мінабароны РФ: перахапілі пяць HIMARS
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі пра знішчэнне двух складоў з боепрыпасамі і двух РСЗА «Град» УСУ.
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў пабілі падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчнае, Бераставое Харкаўскай вобласці і Арцёмаўка Луганскай вобласці. Страты УСУ склалі звыш 40 вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, два аўтамабілі, а таксама склад боепрыпасаў 113-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», удараў авіяцыі і агню артылерыі нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Церны і Ямполаўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя больш за 70 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, баявая браніраваная машына, тры пікапы, аўтамабіль і гаўбіца Д-30.
— На Данецкім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў і агню артылерыі ў раёнах населеных пунктаў Сямёнаўка, Пятроўскае і Тоненькае Данецкай вобласці за суткі знішчаныя да 135 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры пікапы, адзін аўтамабіль, баявая машына РСЗА «Град», гаўбіца Д-30, а таксама склад боепрыпасаў 53-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» нанеслі ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар і Новаміхайлаўка Данецкай вобласці. Агульныя страты УСУ на гэтых напрамках склалі да 65 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, тры аўтамабілі і дзве гаўбіцы Д-20.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння знішчаныя да 25 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, дзесяць аўтамабіляў, баявая машына РСЗА «Град» і самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 82 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 112 раёнах. У раёне населенага пункта Мірнае Харкаўскай вобласці выкрытая пазіцыя і знішчаная ўкраінская радыёлакацыйная станцыя выяўлення нізкалётных паветраных цэляў 36Д6. У раёне населенага пункта Радкадуб Данецкай вобласці знішчаная радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-36. За суткі перахопленыя пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і тактычная ракета «Точка-У», знішчаныя чатырнаццаць беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Прыгожын прыдумаў змову
Расійская Федэральная служба дзяржаўнай бяспекі (ФСБ), падобна, спрабуе кантраляваць прадпрыемствы абаронна-прамысловага комплексу, як гэта было ў часы КДБ, адзначаюць у амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны. Так, украінскі бок напярэдадні заявіў, што выявіў маркіроўку ФСБ на многіх кампанентах расійскага ўзбраення, знішчанага або захопленага ўкраінскімі войскамі на полі бою. Маркіроўка прысутнічае не толькі на такім абсталяванні, як танкі Т-90М, але нават на мікрасхемах. Ва Украіне лічаць, што гэта азначае, што ФСБ не давярае расійскаму вайсковаму кіраўніцтву і, адпаведна, праводзіць праверкі расійскай тэхнікі.
Маркіроўка ФСБ, калі яна пацвердзіцца, будзе мець шырэйшыя наступствы для адносін паміж ФСБ, расійскім ваенна-прамысловым комплексам і вайсковым апаратам у цэлым. Альбо дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў даручыў свайму ведамству правесці гэтыя расследаванні па ўказанні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, альбо Бортнікаў выдаў гэтае распараджэнне незалежна ад Пуціна. У любым выпадку ФСБ, падобна, наўпрост умешваецца ва ўнутраную працу расійскага ВПК, лічаць у ISW. Там нагадваюць, што аналагічным чынам КДБ кантраляваў Чырвоную армію і савецкую абаронную прамысловасць.
Яўген Прыгожын заявіў, што атрымаў пытанне ад СМІ пра тое, ці ведаў ён пра меркаваныя дыскусіі паміж Пуціным і Патрушавым адносна будучай групы «Вагнера» і пра тое, што Патрушаў намякнуў Пуціну, што «праз паўтара-два месяцы» ад ПВК «нічога не застанецца». Далей у пасце сцвярджаецца, што Патрушаў дапусціў, што пасля знішчэння «Вагнера» ва Украіне Прыгожын паспрабуе «аб'яднаць былых і цяперашніх актыўных вагнераўцаў пад надуманай падставай», узброіць іх і «адправіць на тэрыторыю Расіі для захопу ўлады ў памежных з Украінай абласцях з магчымым прасоўваннем углыб краіны.
ISW паведамляе, што не знайшоў пацверджання, што гэтыя абмеркаванні мелі месца, і не зафіксаваў ніякіх спекуляцый у расійскай інфармацыйнай прасторы з гэтай нагоды. Эксперты лічаць, што Прыгожын прыдумаў гэтую «змову» «для правядзення некалькіх інфармацыйных аперацый ад імені Вагнера» і ратавання сваёй рэпутацыі. Магчыма, ён збіраецца абвінаваціць Патрушава ў няўдачах ПВК Вагнера і наступных магчымых рэпрэсіях супраць групы. Гэтыя намаганні ўяўляюць сабой наступную эвалюцыю кампаніі Прыгожына супраць расійскага вайсковага істэблішменту, адзначаюць у Інстытуце.
Уладзімір Пуцін, імаверна рыхтуючы расіян да зацяжной вайны, паспрабаваў запэўніць, што яна не будзе мець значных доўгатэрміновых эканамічных наступстваў. Выступаючы на з’ездзе Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў 16 сакавіка, Пуцін заявіў, што расійская эканоміка няўхільна расла цягам апошніх васьмі месяцаў, прамысловасць будзе значна расці, бо запоўніць нішы, якія раней займалі заходнія фірмы.
Эксперты адзначаюць, што гэтыя заявы супярэчаць рэальным праблемам Расіі, звязаным, у прыватнасці, з няздольнасцю расійскага ВПК ва ўмовах санкцый задаволіць патрэбы арміі ў вайне супраць Украіны, а таксама значным прагназаваным Крамлём дэфіцытам бюджэту.
Пуцін, імаверна, імкнуўся супакоіць расійскую грамадскасць, бо Крэмль усё часцей сігналізуе насельніцтву, што збіраецца весці зацяжную вайну ва Украіне, а вытворчасць, звязаная з вайной, не паўплывае на астатнюю частку расійскай эканомікі.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- рашэнне Расіі перакінуць элементы сваіх «міратворчых сіл» з Нагорнага Карабаха ва Украіну падрывае ўплыў Расіі на Арменію;
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і на мяжы Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наземныя атакі на лініі Аўдзееўка — Данецк і ў заходняй частцы Данецкай вобласці;
- 16 сакавіка расійскія войскі працягвалі наступ у раёне Бахмута. На кадрах з геалакацыяй відаць, што расійскія войскі прасунуліся на паўночны захад ад Бахмута на паўночным беразе Паўночнага вадасховішча. Гэтыя выявы пацвярджаюць заяву Прыгожына пра захоп вёскі Залізянскае за 9 км на паўночны захад ад Бахмута. Кадры з геалакацыяй таксама пацвярджаюць прасоўванне расійскіх войскаў у раёне Курдзюмаўкі, за 13 км на паўднёвы захад ад Бахмута;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы праводзілі лакальныя штурмы ў Запарожскай вобласці;
- украінскія крыніцы паведамілі, што расійскія сілы павялічылі сваю ваенна-марскую прысутнасць у Чорным моры.