У нядзелю, 26 лютага, нідэрландскі праект Oryx апублікаваў інфаграфіку, якая адлюстроўвае страты рознай ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў і УСУ за год вайны. Амаль па ўсіх тыпах тэхнікі, адзначаных на графіцы, Масква панесла большыя страты, прычым па многіх — у разы (напрыклад, па танках і БМП — прыкладна ў 4 разы). Мы прааналізавалі лічбы па кожным тыпе баявых машын і паспрабавалі разабрацца, чаму расійскія страты шматкроць пераўзыходзяць украінскія.
Як і што лічыць Oryx
Праект Oryx займаецца зборам і аналітыкай інфармацыі з адкрытых крыніц пра ход баявых дзеянняў у розных канфліктах. З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну нідэрландцы сістэматызуюць і публікуюць інфармацыю пра страты ваеннай тэхнікі абодвух бакоў, сабраную з адкрытых крыніц. У статыстыцы Oryx улічваюцца візуальна пацверджаныя страты (гэта неабавязкова знішчаная тэхніка — трафеі таксама ўлічваюцца) — то-бок тыя, якія трапілі на фатаграфіі або відэа. Відавочна, што далёка не ўсю страчаную баявую тэхніку ўдаецца пацвердзіць такім чынам, ды і не ўсё адзнятае робіцца здабыткам грамадскасці. Таму звесткі Oryx можна лічыць мінімальнай ацэнкай — хутчэй за ўсё, рэальныя лічбы большыя.

На нядзельнай інфаграфіцы Oryx ваенная тэхніка згрупаваная ў 13 катэгорый.
Што ўваходзіць у кожную з іх:
- Tanks — гэта танкі;
- AFV (Armoured fighting vehicle) — усе баявыя браніраваныя машыны (ББМ), якія не трапляюць у першую, трэцюю, чацвёртую і пятую катэгорыі. Гэты вельмі разнамасны клас, сабраны метадам выключэння, уключае ў сябе такія разнастайныя вонкава і па прызначэнні машыны, як састарэлыя савецкія плавальныя бронетранспарцёры МТ-ЛБ, браніраваныя разведвальна-дазорныя машыны БРДМ-2 і баявыя машыны падтрымкі танкаў «Тэрмінатар»;
- IFV (Infantry fighting vehicle) — баявыя машыны пяхоты (БМП);
- APC (Armoured personnel carrier) — бронетранспарцёры (БТР);
- IMV (Infantry mobility vehicle) — тут складана падабраць зразумелае ў Беларусі вызначэнне, самае блізкае — поўнапрывадныя бронеаўтамабілі, якія выконваюць функцыі лёгкіх бронетранспарцёраў;
- Command posts — камандна-штабныя машыны і машыны сувязі;
- Engineering — розныя тыпы ваенна-інжынернай тэхнікі;
- Towed artillery — буксаваная артылерыя;
- Artillery — самаходная артылерыя;
- MLRS — рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА);
- Anti-Air — сістэмы супрацьпаветранай абароны;
- Aircraft — ваенныя самалёты;
- Helis — верталёты.
Суадносіны стратаў розных тыпаў тэхнікі
Па стане на 27 лютага Oryx дае наступную інфармацыю пра ўкраінскія і расійскія страты:
-
танкі: 470 да 1779 (то-бок на адзін страчаны УСУ танк расіяне страчваюць 3,8 свайго);
-
баявыя браніраваныя машыны, за выключэннем танкаў, БТР, БМП і бронеаўтамабіляў: 265 да 794 (то-бок 1 украінская да 3 расійскіх);
-
БМП: 493 да 2130 (1 украінская да 4,3 расійскай);
-
БТР: 227 да 298 (1 украінская да 1,2 расійскай);

-
бронеаўтамабілі/лёгкія бронетранспарцёры: 288 да 181 (то-бок на адну расійскую страту прыпадае 1,6 украінскай). Гэта адзіны клас ваеннай тэхнікі, дзе ўкраінскія страты пераўзыходзяць расійскія. Прырода гэтай анамаліі, імаверна, у тым, што ўкраінскія пяхотныя падраздзяленні больш насычаныя такімі машынамі і больш актыўна выкарыстоўваюць іх у баявых дзеяннях, чым расійскія. У расіян жа, якія актыўней выкарыстоўваюць цяжэйшую бранятэхніку, такіх машын на фронце адносна мала;
-
камандна-штабныя машыны і перасоўныя радыёстанцыі: 9 да 233 (на 1 украінскую прыпадае 25,9 знішчаныя расійскія машыны такога класа);
-
ваенна-інжынерныя машыны: 46 да 284 (на 1 страчаную ўкраінскую — 6,2 расійскай);
-
буксаваная артылерыя: 104 да 176 (1 украінская гармата да 1,7 расійскай);
-
самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі: 117 да 349 (1 украінская да 3 расійскай);
-
рэактыўныя сістэмы залпавага агню: 40 да 178 (1 украінская да 4,5 расійскай);
-
сістэмы СПА: 96 да 135 (1 украінская да 1,4 расійскай);
-
ваенныя самалёты: 59 да 74 (1 украінскі да 1,3 расійскага);
-
верталёты: 30 да 78 (1 украінскі да 2,6 расійскага).

У інфаграфіку Oryx увайшлі не ўсе тыпы тэхнікі, звесткі пра якія збірае праект. Сярод тых, якія не трапілі, ёсць наступныя:
-
беспілотныя лётныя апараты: 85 да 194 (1 украінскі да 2,3 расійскага);
-
грузавыя ваенныя аўтамабілі і ўседарожнікі: 518 да 2309 (1 украінскі да 4,5 расійскага);
-
MRAP (Mine-Resistant Ambush Protected), клас колавых бронемашын, які вылучаюць на Захадзе; яны ўстойлівыя да падрыву мін і нападаў з засад: 42 да 44.
Пра што сведчаць звесткі пра страты ваеннай тэхнікі, сабраныя Oryx
Спрабуючы зразумець, чым выкліканая такая розніца ў стратах, хочацца знайсці лёгкі адказ на гэтае пытанне. Можна, напрыклад, сказаць, што расіяне страчваюць шмат тэхнікі праз тое, што наступаюць. Калі гэтая гіпотэза і можа быць слушнай, то толькі часткова.
Па-першае, характар вайны за год вельмі моцна змяніўся. Калі ў лютым-сакавіку 2022 года ўкраінская армія сапраўды пераважна абаранялася, з пачатку красавіка УСУ перайшлі ў контрнаступленне пад Кіевам, Чарнігавам і Сумамі, а пазней паспяхова наступалі ў Харкаўскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласцях. Калі нават дапусціць, што армія, якая наступае, па змоўчанні нясе вялікія страты, чым тая, што абараняецца, то за час украінскіх контрнаступленняў суадносіны знішчаных, пашкоджаных і захопленых з абодвух бакоў танкаў, БМП і іншых машын маглі больш-менш выраўняцца.
Па-другое, інтуітыўная здагадка, пакодле якой бок, што наступае, мусіць несці цяжэйшыя страты, чым той, што абараняецца, далёка не заўсёды адпавядае рэальнасці. Калі падчас падрыхтоўкі наступлення камандаванне арміі, што атакуе, дакладна ацаніла свае сілы і сілы праціўніка, пісьменна спланавала аперацыю і змагло скарыстацца эфектам раптоўнасці, тыя, што атакуюць, могуць несці страты, супастаўныя са стратамі тых, што абараняюцца — і нават менш, чым апошнія. Прычым для гэтага бок, які атакуе, неабавязкова мусіць мець перавагу ў колькасці і тэхнічным забяспечанні сваіх армій. Існуюць шматлікія прыклады паспяховых наступальных аперацый, у якіх тыя, хто абараняўся, неслі нашмат большыя страты.
Сярод самых яркіх прыкладаў можна назваць летнюю кампанію вермахта 1941 года супраць СССР (з чэрвеня да верасня немцы, што наступалі, страцілі каля 0,56 млн, а Чырвоная армія, якая абараняліся, — каля 2,74 млн чалавек забітымі, параненымі, палоннымі і зніклымі без вестак). Яшчэ адзін прыклад — Маньчжурская наступальная аперацыя Чырвонай арміі супраць Японіі ў паўночна-ўсходнім Кітаі (савецкія войскі, якія наступалі, страцілі 36 тысяч чалавек, а японскія, што абараняліся, — звыш 700 тысяч).
Бок, які наступае, сапраўды можа несці вялікія страты, але ў тым выпадку, калі наступ дрэнна падрыхтаваны, праціўнік, які абараняецца, аказваецца мацнейшым, чым падказала разведка, а яго баявы дух — вышэйшым, чым у тых, хто атакуе. Менавіта недаацэнка праціўніка — адна з галоўных прычын правалу наступлення, што багатае на вялізныя страты.
Звесткі Oryx пра суадносіны ўкраінскіх і расійскіх стратаў ваеннай тэхнікі за год вайны — яшчэ адно сведчанне таго, што Расія атрымала ва Украіне зусім не тую вайну, на якую разлічвала. Адказныя за гэта — расійскія спецслужбы, якія вельмі дрэнна спрацавалі, і (парадаксальным чынам) эфектыўная расійская прапаганда. Першыя забяспечылі ваенна-палітычнае кіраўніцтва краіны абсалютна недакладнай інфармацыяй пра Украіну і гатоўнасць сусветнай супольнасці ёй дапамагаць. А другая так пераканаўча даносіла да масаў тэзіс пра нежыццяздольнасць украінскай дзяржавы, што, падобна, у гэта паверылі і самі заказчыкі.
Чытайце таксама


