У Мінабароны Расіі заявілі, што ў Харкаўскай і Луганскай абласцях знішчылі восем дыверсійна-разведвальных груп УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі вядуць наступальныя дзеянні і на Шахцёрскім напрамку. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі, як шматмесячная абарона Бахмута можа быць звязаная з планаваным украінскім контрнаступленнем.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 357-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі атакі праціўніка ў раёнах больш чым 20 населеных пунктаў
Расійскія войскі, спрабуючы ўзяць пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці, працягваюць канцэнтраваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках, паведамляе Генштаб у ранішняй зводцы.
— Цягам сутак праціўнік нанёс два ракетныя і тры авіяцыйныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ў Данецкай вобласці. Акрамя таго, зафіксавана 68 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці па цывільных аб’ектах Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках абстрэлам падвергліся раёны 24 населеных пунктаў; на Купянскім і Ліманскім напрамках праціўнік абстраляў з танкаў, мінамётаў і артылерыі больш за 20 населеных пунктаў; на Бахмуцкім напрамку мінамётным і артылерыйскім абстрэлам падверглася больш за 25 населеных пунктаў; на Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках пад танкавыя, мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы трапілі 30 населеных пунктаў; на Запарожскім — больш за 20; на Херсонскім напрамку ад агню расійскай артылерыі пацярпелі прыгарад і горад Херсон, а таксама раёны больш чым 30 населеных пунктаў.
— За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах больш чым 20 населеных пунктаў. Сярод іх — Гранікаўка Харкаўскай вобласці; Неўскае, Крамянная, Белагораўка Луганскай вобласці; Фёдараўка, Бахмут, Іванаўскае, Вадзяное, Першамайскае, Мар'інка, Перамога, Новаміхайлаўка, Вуглядар і Прачыстаўка Данецкай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны Украіны нанесла восем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка;
— Ракетчыкі і артылерысты пабілі пункт кіравання, два раёны канцэнтрацыі жывой сілы праціўніка, шэсць складоў боепрыпасаў і дзве станцыі радыёэлектроннай барацьбы праціўніка.
У Генштабе сцвярджаюць, што расійскія войскі працягваюць несці вялікія страты. Каб схаваць гэта, целы загінулых спальваюць. Так, каля крэматорыя ў Сімферопальскім раёне Крыма пастаянна назіраецца канцэнтрацыя вайсковых грузавікоў, якімі прывозяць загінулых расійскіх вайскоўцаў.
«Крэмацыя ажыццяўляецца кругласутачна. Паслугі па крэмацыі цывільным не аказваюцца», — заяўляюць у Генштабе.

Мінабароны РФ: наступ на Данецкім напрамку працягваецца
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што нанеслі ўдары па жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 112 раёнах.
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя «Заходняй» групоўкі войскаў нанеслі ўдары па канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі 14-й механізаванай брыгады УСУ і 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная і Катляроўка Харкаўскай вобласці. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Крухмальнае, Масютаўка, Першатраўневае, Цімкаўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўское Луганскай вобласці знішчаныя восем дыверсійна-разведвальных груп УСУ. Агульныя страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі да 100 вайскоўцаў забітымі і параненымі, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, адна гаўбіца Д-30. У раёне населенага пункта Ветэрынарнае Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 113-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» нанеслі паражэнне падраздзяленням 67-й, 92-й механізаванай і 25-й паветрана-дэсантнай брыгады УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Стальмахоўка Луганскай вобласці і Ямполаўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 65 вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, дзве самаходныя гаўбіцы «Гваздзік» і ўстаноўка РСЗА «Град» УСУ.
— На Данецкім напрамку падчас працягу наступальных дзеянняў і агню артылерыі «Паўднёвай» групоўкі войскаў за суткі знішчаныя да 190 вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, адзін бронетранспарцёр, тры аўтамабілі, гаўбіца «Мста-Б» і артылерыйская сістэма М777.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар і Навасёлка Данецкай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі звыш 60 вайскоўцаў, два танкі, чатыры баявыя машыны пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, гаўбіцы Д-20 і Д-30, а таксама самаходная гаўбіца «Гваздзік».
— На Херсонскім напрамку ў рамках контрбатарэйнай барацьбы за суткі знішчаныя самаходная гаўбіца «Гваздзік» і гаўбіца Д-30.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 87 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 112 раёнах. Збітыя восем рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама знішчаныя 11 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: абарона Бахмута стварае ўмовы для контрнаступлення
Захад занепакоены рашучасцю Украіны ўтрымаць Бахмут і даў ёй зразумець, што яго дапамога Украіне ў сферы бяспекі абмежаваная. Аднак рашэнне Украіны абараняць горад — гэта, імаверна, стратэгічна абгрунтаваны крок, нягледзячы на ўсе выдаткі, гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Эксперты адзначаюць, што абарона Бахмута, якая праводзіцца Украінай, вымусіла Крэмль выкарыстаць большую частку ПВК Вагнера і задзейнічаць каштоўныя расійскія паветрана-дэсантныя сілы для падтрымання наступальных аперацый на знясіленне. Усё гэта прывяло да аслаблення значных расійскіх сіл і, імаверна, створыць спрыяльныя ўмовы для будучага ўкраінскага контрнаступлення. Калі б расійскія войскі ўзялі Бахмут без значнага супраціву, яны маглі б спадзявацца, што змогуць і далей адцясняць Украіну, і той давялося б паспешліва будаваць абарончыя пазіцыі на менш спрыяльнай мясцовасці. Такім чынам, абарона Бахмута Украінай і спроба стварыць умовы для контрнаступлення — імаверна, узаемадапаўняльныя, а не ўзаемавыключальныя дзеянні, улічваючы тое, што расійскія войскі працягнулі б наступ за Бахмут, калі б Украіна здала горад раней, робяць выснову эксперты.
Што да паведамленняў, што Мінабароны РФ вярбуе на вайну зняволеных, то, на думку ISW, гэта паказчык таго, што Крэмль імкнецца выкарыстоўваць асуджаных, нягледзячы на іх абмежаваную баяздольнасць, для будучых хваляў нападзенняў у якасці «гарматнага мяса», як гэта робіць і ПВК Вагнера.
Інтэграцыя Мінабароны Расіі гэтых сіл у фарміраванні самаабвешчанай ЛНР таксама можа сведчыць, што расійскія ваеначальнікі спрабуюць пазбегнуць папаўнення сваіх кадравых вайсковых частак недастаткова падрыхтаванымі зняволенымі, каб не парушаць баявы дух падраздзяленняў.
У Інстытуце таксама адзначаюць, што калі звесткі CNN дакладныя і Мінабароны РФ пачало вербаваць зняволеных восенню 2022 года, то гэта супадае з перыядам узмацнення крытыкі Яўгена Прыгожына на адрас расійскага камандавання. Магчыма, умяшанне Мінабароны Расіі ў яго схему вярбоўкі і выклікала незадаволенасць, лічаць эксперты. Яны таксама нагадваюць пра заяву прадстаўніка праваабарончай арганізацыі Gulagu.net, які адзначыў, што многія ў Маскве пачалі асцерагацца Прыгожына і яго непрадказальнай і ўсё буйнейшай «арганізаванай злачыннай групы наймітаў і забойцаў», здольнасцю вербаваць і вучыць асуджаных.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- 14 лютага расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на Купянскім напрамку і на рубяжы Сватава — Крамянная;
- 14 лютага расійскія войскі працягвалі наземныя атакі вакол Бахмута і ўздоўж заходняй ускраіны Данецка;
- 14 лютага расійскія войскі не наносілі ніякіх пацверджаных наземных удараў у заходняй частцы Данецкай вобласці, а таксама ў Херсонскай, Мікалаеўскай або заходняй частцы Запарожскай абласцей;
- расійскія сухапутныя сілы на Кольскім паўвостраве на паўночным захадзе Расіі былі скарочаныя да адной пятай ад іх першапачатковай колькасці перад уварваннем ва Украіну, што пацвярджае даўнюю ацэнку ISW тое, што Крэмль не занепакоены звычайнай вайсковай пагрозай NATO Расіі;
- паведамляецца, што 10 лютага ў Новай Кахоўцы група партызан падарвала аўтамабіль з двума вайскоўцамі і двума прадстаўнікамі расійскіх спецслужбаў;
- прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка могуць сустрэцца 17 лютага.