Дзяржаўная памежная служба Украіны заявіла пра выкрыццё схемы легалізацыі мільёнаў грыўняў, скрадзеных на акупаваных тэрыторыях: іх вывозяць праз Расію і Беларусь у краіны Еўрасаюза, а потым спрабуюць зноў завезці ва Украіну і вярнуць там у абарот.
У ведамстве расказалі пра адзін з такіх выпадкаў, які адбыўся на мяжы Украіны і адной з краін ЕС: 46-гадовы грамадзянін Украіны спрабаваў правезці ў краіну 7,25 млн грыўняў, пры гэтым не змог пацвердзіць законнасць паходжання сродкаў, пададзеных у мытнай дэкларацыі. У дачыненні да яго распачатае расследаванне.
Памежнікі сумесна з прадстаўнікамі Бюро эканамічнай бяспекі і СБУ высветлілі, што гэта ўжо не першы такі выпадак.
— У такіх схем ёсць пэўны алгарытм: скрадзеныя на часова акупаваных тэрыторыях сумы вывозяць праз тэрыторыю Расіі і Беларусі ў краіны ЕС, потым наяўныя спрабуюць завезці ва Украіну і ўвесці ў абарот для стварэння рэальных пагрозаў нацыянальным інтарэсам Украіны, — заявілі ў Дзяржпамежслужбе Украіны.

Нагадаем, на падобную сітуацыю звярнула ўвагу і мытня Літвы: там ужо некалькі месяцаў таму заўважылі, што ў краіну пастаянна вязуць вялікія сумы ва ўкраінскіх грыўнях. Грошы, як правіла, перавозяцца не грамадзянамі Украіны, часта групамі асобаў, якім, магчыма, раздаюць грыўны пры ўездзе, каб не перавысіць суму, неабходную для дэкларавання.
Ведамства лічыць, што такім чынам грошы, захопленыя падчас вайны ва Украіне, могуць паспрабаваць нелегальна рэалізаваць. На літоўскай мытні ўвялі больш жорсткі кантроль.