Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Ідэя пра тое, што захоп Расіяй украінскага Крыма ў 2014 годзе стаў адказам на зрынанне прэзідэнта Януковіча, — адзін з найважнейшых тэзісаў расійскай прапаганды. Сцвярджаецца, што Расія нібыта і не збіралася акупаваць Крым і да 2014 года нават не заікалася пра нешта такое, прызнаючы паўвостраў цалкам украінскім. Але адсутнасць «легітымнай» улады ў Кіеве разам з неабходнасцю аднаўлення «парушанай Хрушчовым гістарычнай справядлівасці» і праведзеным у Крыме «рэферэндумам» нібыта проста вымусілі Крэмль закрыць вочы на міжнароднае права і расійска-ўкраінскія дамовы. Насамрэч жа можна лёгка выявіць, што гісторыя прэтэнзій РФ на паўвостраў пачалася задоўга да Еўрамайдана 2013−2014 гадоў. На фоне намёкаў украінскіх уладаў на планы па вызваленні Крыма цягам паўгода мы ўспомнілі тры такія эпізоды.

«Халодная вайна» за Чарнаморскі флот

Яшчэ да афіцыйнага скасавання СССР, якое адбылося ў снежні 1991 года, Украіна пачала фармаваць уласныя ўзброеныя сілы. Іх асновай мусілі стаць савецкія вайсковыя фарміраванні, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украінскай ССР. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам у кастрычніку 1991 года Вярхоўная Рада прыняла рашэнне аб перападпарадкаванні Чарнаморскага флоту ВМФ СССР, які базаваўся ў Севастопалі, Украіне.

Пры гэтым Чарнаморскі флот (ЧФ), які прыкметна нарасціў сваю баявую моц у другой палове XX стагоддзя (асабліва пасля фарміравання ў яго складзе 5-й аператыўна-стратэгічнай «Міжземнаморскай» эскадры), традыцыйна разглядаўся Масквой як найважнейшы элемент гарантыі ваеннай бяспекі СССР і, пазней, РФ.

30 снежня 1991 года ў Мінску прайшла сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў СНД, на якой была зробленая спроба вырашыць праблему Чарнаморскага флоту. Згодна з падпісаным тады дакументам, дзяржавы СНД стваралі свае арміі на аснове частак Узброеных сіл СССР, якія знаходзіліся на іх тэрыторыі. Акрамя армій новых дзяржаваў стваралася і наднацыянальнае Галоўнае камандаванне Узброеных сіл СНД, якому падпарадкоўваліся ўзброеныя фарміраванні, прызнаныя «стратэгічнымі сіламі». Расійскае кіраўніцтва імкнулася аднесці да катэгорыі «стратэгічных сіл» і Чарнаморскі флот, але Украіна не згаджалася з такой пастаноўкай пытання.

5 красавіка 1992 года прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук падпісаў Указ «Аб пераходзе Чарнаморскага флоту ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Міністэрству абароны Украіны». А ўсяго праз два дні, 7 красавіка, аналагічны ўказ «Аб пераходзе пад юрысдыкцыю Расійскай Федэрацыі Чарнаморскага флоту» быў выдадзены прэзідэнтам РФ Барысам Ельцыным. Як відаць з назваў, гэтыя дакументы наўпрост супярэчылі адзін аднаму.

«Вайна ўказаў» адбівалася і на самім флоце, які не заставаўся пасіўным назіральнікам за спрэчкамі наконт свайго лёсу. 22 лютага 1992 года прысягу на вернасць украінскаму народу прыняў асабісты склад 880-га асобнага батальёна марской пяхоты пад камандаваннем маёра Віталя Рожманава. Загадам міністра абароны Украіны злучэнне было прынятае ў склад УСУ, але штаб ВМФ у Маскве адразу адрэагаваў загадам аб расфармаванні гэтай часткі. Расійскае камандаванне спрабавала абмежаваць праўкраінскую актыўнасць на флоце, прыняўшы рашэнне камплектаваць баявыя падраздзяленні толькі расіянамі, і перайшло да прамой канфрантацыі. У красавіку 1992 года супраць арганізацыйнай групы ВМС Украіны выкарыстоўваўся комплекс радыёэлектроннага падаўлення, які перашкаджаў вайскоўцам падтрымліваць сувязь з Кіевам і вёў радыёперахоп.

Украинский боевой корабль в порту Севастополя во время визита министра обороны Украины Юрия Еханурова, 20 августа 2008 года. Фото: Reuters
Украінскі баявы карабель у порце Севастопаля падчас візіту міністра абароны Украіны Юрыя Еханурава, 20 жніўня 2008 года. Фота: Reuters

Нягледзячы на такія дзеянні, падраздзяленні Чарнаморскага флоту працягвалі пераходзіць пад украінскі сцяг. Прысягу на вернасць Украіне прынялі афіцэры штаба Крымскай базы ў Новаазёрным і ўзвод аховы, які размяшчаўся тамсама, экіпажы некалькіх караблёў, ваенная камендатура Севастопальскага гарнізона, ваенная контрразведка і спецназ Чарнаморскага флоту.

Усё гэта суправаджалася дэмаршамі з боку сіл, якія заставаліся пад расійскім кантролем: караблі з украінскімі экіпажамі блакаваліся, а ў часткі, якія перайшлі на бок Украіны, ўводзілася баявая тэхніка і штурмавыя групы. Калі 21 ліпеня 1992 года вартавы карабель СКР-112, падняўшы ўкраінскі сцяг, здзейсніў пераход з крымскай базы на возеры Данузлаў у Адэсу, яго пераследавалі караблі Чарнаморскага флоту з прарасійскімі экіпажамі, якія выкарыстоўвалі загараджальны артылерыйскі агонь і спрабавалі высадзіць на «ўцекача» групу захопу. На дапамогу СКР-112 быў адпраўлены ўкраінскі знішчальнік і група патрульных катараў. Паводле сцверджанняў украінскіх крыніц, толькі праз пагрозы сутыкнення з украінскімі сіламі расійскія маракі не сталі выконваць загад «спыніць карабель любой цаной».

Улетку 1992 года міністр абароны Расіі Павел Грачоў агучыў намер уводзіць расійскія войскі на тэрыторыю былых савецкіх рэспублік з мэтай абароны рускамоўнага насельніцтва. У гэтых умовах працягваліся перамовы пра лёс Чарнаморскага флоту. У жніўні 1992 года Украіна і Расія дамовіліся прыняць рашэнне пра падзел флоту праз тры гады, а на гэты час ён мусіў заставацца Аб’яднаным флотам Расіі і Украіны з агульным камандаваннем.

На мяжы ваеннага сутыкнення

Увосень 1993 года ў Крыме адбылося ўзброенае сутыкненне паміж украінскімі і расійскімі вайскоўцамі, падчас якога трое расіян атрымалі раненні. Прыкладна з гэтага часу пытанне падзелу Чарнаморскага флоту аказалася цесна звязанае з пытаннем прыналежнасці Крыма. Консульства Расіі пачало выдаваць расійскія пашпарты тым, хто працаваў на аб’ектах Чарнаморскага флоту, прэс-служба ЧФ атрымала сучаснае абсталяванне, з дапамогай якога змагла ахапіць прапагандай увесь паўвостраў. Расійская разведка занялася каардынацыяй дзеянняў сепаратысцкіх сіл у Крыме, пачаўшы стварэнне незаконных узброеных фарміраванняў. На паўвостраве з’явіліся нібыта добраахвотніцкія казацкія падраздзяленні.

«Силы самообороны» у здания парламента Крыма. 1 марта 2014 года. Фото: Reuters
«Сілы самаабароны» ля будынка парламента Крыма. 1 сакавіка 2014 года. Фота: Reuters

Такія дзеянні выклікалі рост антыўкраінскіх настрояў у Севастопалі. Расійскія маракі называлі сваіх украінскіх калегаў здраднікамі. Адзін з афіцэраў 174-й зенітна-ракетнай брыгады СПА Украіны быў збіты ў горадзе за тое, што насіў кукарду з украінскім трызубам. Адмірал Ігар Ценюх (камандуючы ВМС Украіны ў 2006−2010 гадах) успамінаў, як падчас параду ў гонар Дня незалежнасці Украіны калону ўкраінскіх курсантаў закідалі памідорамі. Справа дайшла да таго, што расійскія марскія пехацінцы ноччу праніклі ў размяшчэнне зенітна-ракетнага комплексу С-300 украінскіх сіл СПА і кінулі дымавыя шашкі ў казарму з салдатамі.

У канцы 1993 года флагман украінскага флоту фрэгат «Гетман Сагайдачный» вяртаўся з вучэнняў і выявіў, што расіяне не прапускаюць яго на базу ў Севастопаль. Першы намеснік галоўнакамандуючага ВМФ Расіі Ігар Касатонаў адкрыта заклікаў выкінуць украінскіх маракоў у Адэсу. Украінцы нават рыхтаваліся прарывацца на базу з боем, але абышлося.

У 1993 годзе ўкраінскае камандаванне, жадаючы мець процівагу расійскім марпехам на выпадак магчымага сутыкнення, сфармавала 1-ы асобны батальён марской пяхоты ў Севастопалі і 41-ы батальён — у Феадосіі. Дзве гэтыя часткі камплектаваліся дэсантнікамі з аэрамабільных войскаў і былі зведзеныя ў 4-ю асобную брыгаду марской пяхоты ВМС Украіны. Адначасова ЧФ РФ распрацаваў план на выпадак узброенага канфлікту з Украінай, разгарнуў да штатаў ваеннага часу сваю брыгаду марской пяхоты, узброіў яе ручнымі агнямётамі на выпадак вулічных баёў і перадаў батальён танкаў Т-64.

У студзені 1994 года на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Крым, што ўваходзіла ў склад Украіны, перамогу атрымаў Юрый Мяшкоў, які імкнуўся да максімальнага збліжэння з Расіяй. Сваім першым распараджэннем ён змяніў час на паўвостраве на маскоўскі — па ім ён жыў у наступныя два гады. А на пасаду віцэ-прэзідэнта Крыма запрасіў грамадзяніна Расіі. У выпадку атрымання каманды з Масквы Мяшкоў мусіў адыграць ролю, якую ў падзеях 2014 года ўзяў на сябе прарасійскі «кіраўнік» Крыма Сяргей Аксёнаў.

У красавіку 1994 года Краўчук і Ельцын падпісалі пагадненне, згодна з якім Украіна магла разлічваць на 20% караблёў ЧФ. Нарэшце, у чэрвені 1995 года Ельцын і новы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма дасягнулі дамоўленасці, паводле якой расійскі Чарнаморскі флот мог грунтавацца ў Севастопалі, Расія атрымлівала 81,7% яго караблёў, а Украіна — 18,3%.

Российские корабли Черноморского флота в военной гавани Севастополя, ноябрь 2008 года. Фото: Reuters
Расійскія караблі Чарнаморскага флоту ў вайсковай гавані Севастопаля, лістапад 2008 года. Фота: Reuters

Працяг вайны пасля падпісання дакументаў

У траўні 1994 года ў Крыме адбылося некалькі спробаў паралізаваць нармальную працу сіл СПА Украіны. Невядомыя пераразалі тэлефонныя драты і закладвалі фугасы на дарогах. Адна з такіх групаў з чатырма кілаграмамі выбухоўкі была выяўленая Нацыянальнай гвардыяй Украіны. Сярод «дыверсантаў», апранутых у чорную форму марской пяхоты, аказаўся адстаўны капітан 2-га рангу. У адказ украінскія ўлады выставілі на выездах з Севастопаля пасты з узброенымі супрацоўнікамі СБУ, а 22 траўня па вуліцах горада прайшла калона з 28 бронетранспарцёраў Нацгвардыі.

У справу ўключылася расійская прапаганда — і ўжо тады яна працавала з аганьком. Прарасійскі прэзідэнт Крыма Мяшкоў у эфіры расійскага тэлебачання заявіў, што ўкраінскі спецназ рыхтуецца да штурму штаба ЧФ. Сярод па-прарасійску настроеных жыхароў Севастопаля распаўсюджваліся чуткі пра нечалавечую жорсткасць «нацыкаў» — так расіяне тады называлі ўкраінскіх нацгвардзейцаў. Індукаваны прапагандыстамі псіхоз дайшоў да таго, што да афіцэраў УСУ ў Балаклаве падыходзілі перапалоханыя пенсіянеры і прасілі «не забіваць хаця б дзяцей».

Пророссийские протестующие сжигают флаг США во время демонстрации, осуждающей планы по созданию представительства посольства Соединенных Штатов в Симферополе, 18 февраля 2009 года. Фото: Reuters
Прарасійскія пратэстоўцы спальваюць сцяг ЗША падчас дэманстрацыі, якая асуджае планы па стварэнні прадстаўніцтва амбасады Злучаных Штатаў у Сімферопалі, 18 лютага 2009 года. Фота: Reuters

Сітуацыя ў Крыме стабілізавалася пасля ўвядзення на паўвостраў каля 60 тысяч вайскоўцаў Памежных войскаў Украіны і Нацыянальнай гвардыі. Сваю ролю, магчыма, адыграў і правальны навагодні штурм Грознага ў снежні 1994 года — студзені 1995 года. Параза, якую расіянам нанеслі чачэнскія паўстанцы, прадэманстравала рэальную баяздольнасць Узброеных сіл РФ. Вырашэнне пытання Чарнаморскага флоту вярнулася ў дыпламатычнае рэчышча.

9 чэрвеня 1995 года прэзідэнты Ельцын і Кучма падпісалі Пагадненне аб асобным базаванні расійскага Чарнаморскага флоту Расіі і Ваенна-марскіх сіл Украіны, а ў 1997 годзе ў Кіеве былі падпісаныя выніковыя міжурадавыя пагадненні аб статусе і ўмовах знаходжання Чарнаморскага флоту Расіі на тэрыторыі Украіны. Дакументы ў 1999 годзе ратыфікавалі парламенты абедзвюх краін.

Па выніках кіеўскіх пагадненняў, ЧФ РФ атрымаў 338 караблёў і суднаў і мог мець на тэрыторыі ўкраінскага Крыма не больш за 25 тысяч чалавек. Ваенна-марскія сілы Украіны атрымалі 30 баявых караблёў і катараў, адну падлодку, 6 караблёў спецыяльнага прызначэння і 28 суднаў забеспячэння. Украіна, пагадзіўшыся на перадачу расіянам большай часткі караблёў, з дапамогай міжнароднай дамовы з Расіяй пацвердзіла свой суверэнітэт над Крымам наогул і над Севастопалем у прыватнасці, а таксама захавала за сабой значную частку берагавой флоцкай інфраструктуры. Расія ў сваю чаргу атрымала права карыстацца ваенна-марской базай у Крыме на правах арэнды.

Не Крым — дык хоць Тузлу

Пагадненні пра падзел Чарнаморскага флоту чарговы раз зафіксавалі ўкраінскі суверэнітэт над Крымам і яго безумоўнае прызнанне расійскім бокам. Але ўсяго праз чатыры гады пасля іх ратыфікацыі, у верасні 2003-га, Расія зноў паспрабавала змяніць статус-кво ў рэгіёне.

Востраў Тузла размешчаны «ўпоперак» Керчанскага праліва, паміж Краснадарскім краем Расіі і ўкраінскім Крымам. Цяпер па ім праходзіць пабудаваны пасля захопу Расіяй паўвострава Крымскі мост. Востраў на гэтым месцы з’явіўся ў 1925 годзе, калі моцны шторм разбурыў касу, што злучала яго з Таманскім паўвостравам (часткай сучаснага Краснадарскага краю). У студзені 1941 года востраў даўжынёй 6,5 км і шырынёй каля 500 метраў быў перададзены ў склад Крымскай АССР, а ў 1954 годзе разам з Крымам уключаны ў склад Украінскай ССР. Адпаведна, пры выхадзе ў 1991 годзе са складу СССР Украіна працягвала лічыць гэты востраў сваім.

Керченский пролив в 2011 году. В центре пролива — остров Тузла, восточнее видна построенная россиянами часть дамбы. Фото: NASA, commons.wikimedia.org
Керчанскі праліў у 2011 годзе. У цэнтры праліва — востраў Тузла, у паўднёва-ўсходнім кірунку відаць пабудаваная расіянамі частка дамбы. Фота: NASA, commons.wikimedia.org

Пры гэтым ад украінскага берага Тузлу аддзяляў суднаходны праліў з глыбакаводным фарватарам, па якім праходзілі вялікія марскія судны. А з расійскага боку, на месцы размытай касы — праліў плыткі, які выкарыстоўваецца рыбалавецкімі лодкамі. Знаходзячыся ў цэнтры Керчанскага праліва, Тузла дазваляе кантраляваць адзіны прыдатны для марскіх суднаў уваход у Азоўскае мора з Чорнага.

У канцы верасня 2003 года Расія пачала вельмі хутка будаваць дамбу ад Таманскага паўвострава ў бок Тузлы. Адначасова ў рэгіёне пачаліся ваенныя вучэнні: расійскія караблі пачалі заходзіць у тэрытарыяльныя воды Украіны ў раёне Керчы. Тут жа ў справу ўступіла і прапаганда. Расійскія СМІ напіралі на тое, што Тузла — гэта нібыта і не востраў, а каса, якая па-ранейшаму належыць расійскаму берагу, і што будаўніцтва дамбы — гэта ўсяго толькі «пад'ём узроўню касы над узроўнем мора» (гэты нетрывіяльны тэрмін належыць Дзмітрыю Рагозіну, на той момант дэпутату і старшыні камітэта Дзярждумы па міжнародных справах). Пры гэтым афіцыйна лічылася, што будаўніцтва дамбы ініцыяваў не ўрад Расіі, а ўлады Краснадарскага краю — нібыта праз экалагічную абстаноўку (размыццё карэннай часткі касы, як запэўнівалі чыноўнікі, прыводзіла да разбурэння берагавой лініі і наносіла шкоду ўрадлівым землям, пляжам і камунальным аб’ектам).

Пазіцыя ўкраінскага боку зводзілася да палажэнняў дзейных дамоваў паміж дзвюма краінамі і нормаў міжнароднага права, згодна з якім дзяржмяжа праходзіла па праліве паміж Тузлай і Таманскім паўвостравам. Цікава, што расійскія прэтэнзіі на невялікі востраў з’явіліся ў той момант, калі ва ўладзе ў Кіеве знаходзіліся людзі, якіх нават цяперашняй прапагандзе вельмі цяжка назваць «нацыстамі» ці хаця б «нацыяналістамі». Прэзідэнтам Украіны быў Леанід Кучма, а прэм’ер-міністрам — будучы прэзідэнт Віктар Януковіч.

Расійскія дзеянні прывялі да кансалідацыі разнароднага ўкраінскага палітычнага асяроддзя, паколькі будаўніцтва дамбы да Тузлы было расцэненае большасцю палітыкаў як пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці іх краіны. Кіеў сцягнуў на ўсходні бераг Крыма войскі, адправіў у праліў ваенныя караблі, а на самой Тузле ўзмацніў памежную заставу. Леанід Кучма перапыніў візіт у Лацінскую Амерыку, тэрмінова вярнуўся ва Украіну і наведаў Тузлу, дзе пракантраляваў будынак пагранічнага паста і агледзеў будаваную ў кірунку выспы расійскую дамбу.

Пограничники укрепляют украинские морские границы понтоннами всего неподалеку от строящейся к острову Тузла плотины, 23 октября 2003 года. Фото: Reuters
Памежнікі ўмацоўваюць украінскія марскія межы пантонамі непадалёк ад будоўлі да вострава Тузла плаціны, 23 кастрычніка 2003 года. Фота: Reuters

23 кастрычніка Кучма правёў перамовы з Пуціным, і будаўніцтва дамбы было спыненае прыкладна за 100 метраў ад лініі, па якой, на думку Украіны, праходзіла расійска-ўкраінская мяжа. Тым не менш Крэмль не пагадзіўся лічыць вырашаным пытанне пра дзяржаўную мяжу ў Керчанскім праліве. У 2014 годзе Тузла была анексаваная Расіяй разам з астатнім Крымам. Але нават пасля гэтага востраў так і не быў перададзены Краснадарскаму краю, а застаўся часткай горада Керч Рэспублікі Крым.

Што за справа мэру Масквы да Севастопаля

Расійская пазіцыя па Крыме ў нулявых — пачатку дзясятых гадоў была вельмі падобная да знакамітага ката з разумовага эксперыменту Эрвіна Шродынгера. Спрабуючы наглядна прадставіць фізічны сэнс хвалевай функцыі, фізік змадэляваў сітуацыю, калі праз асаблівасці квантавай механікі кот можа адначасова лічыцца і жывым, і мёртвым, што выглядае абсурдна з пункту гледжання здаровага сэнсу і супярэчыць звыклай нам логіцы.

Дакладна гэтаксама Расія ў асобе свайго прэзідэнта пераконвала свет у тым, што яна прызнала мяжы Украіны і Крым не з’яўляецца спрэчнай тэрыторыяй, але амаль адначасова з гэтым чыноўнікі высокага рангу сцвярджалі адваротнае. У траўні 2008 года мэр расійскай сталіцы Юрый Лужкоў заявіў, што Расія проста абавязаная «пацвердзіць статус Севастопаля як расійскага горада». У якасці абгрунтавання расійскіх правоў на крымскі горад Лужкоў прыводзіў набор аргументаў рознай ступені пераканаўчасці. Па-першае, Севастопаль, па яго словах, быў папросту патрэбны Расіі, каб «забяспечыць свае паўднёвыя рубяжы». Па-другое, мала таго, што Крым быў перададзены ў склад Украіны нібыта з парушэннем Канстытуцыі СССР, дык яшчэ і Севастопаль пры гэтым быццам бы ў склад УССР наогул не перадаваўся.

Украіна адрэагавала на гэтую заяву прыняццем пастановы аб бестэрміновай забароне Лужкову на ўезд. Зрэшты, праз два гады, у чэрвені 2010-га, статус персоны нон-грата з амбіцыйнага маскоўскага мэра быў зняты. А ўжо ў наступным месяцы на ўрачыстым прыёме, прысвечаным дню ВМФ РФ, Лужкоў заявіў, што Расіі ні ў якім разе нельга пакідаць не толькі Севастопаль, але і ўвесь Крым цалкам.

Неизвестные в военной форме без опознавательных знаков блокируют 36-ю бригаду Вооруженных сил Украины в селе Перевальном. 3 марта 2014 года. Фото: Reuters
Невядомыя ў вайсковай форме без апазнавальных знакаў блакуюць 36-ю брыгаду Узброеных сіл Украіны ў вёсцы Перавальнае. 3 сакавіка 2014 года. Фота: Reuters

Заявы Лужкова могуць падацца дробяззю на фоне таго, што федэральныя ўлады афіцыйна заяўлялі пра адсутнасць тэрытарыяльных спрэчак з Украінай. Але менавіта такая «раздвоеная» пазіцыя Расіі ў крымскім пытанні дазваляла яе кіраўніцтву з аднаго боку ўсыпляць пільнасць Украіны і міжнароднай супольнасці, а з другога — падтрымліваць рэваншысцкія настроі. Што і спатрэбілася ў 2014 годзе, калі асноўная частка насельніцтва краіны з разуменнем паставілася да парушэння Расіяй умоваў велізарнай колькасці заключаных ею міжнародных дамоваў. У тым ліку дамовы паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай аб расійска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы.