Бізнесовец Яўген Прыгожын, які ў верасні прызнаў, што з’яўляецца адным са стваральнікаў прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера, звярнуўся ў Генпракуратуру РФ з запытам у сувязі з магчымым пакараннем смерцю байца ПВК Яўгена Нужына. У пакаранні, відэазапіс якога быў апублікаваны ў блізкім да ПВК Вагнера тэлеграм-канале Grey Zone, ён западозрыў спецслужбы ЗША.
Прэс-служба кампаніі «Канкорд», якая належыць бізнесоўцу, у тэлеграм-канале растлумачыла, што заява ў Генпракуратуру РФ была пададзеная з мэтай праверкі для высвятлення факта і абставінаў забойства Яўгена Нужына.
«Таксама з мэтай праверкі версій аб дачыненні да забойства Нужына спецслужбаў ЗША просім запытаць у спецслужбаў ЗША інфармацыю пра тое, якім чынам і пры якіх абставінах Яўген Нужын апынуўся на тэрыторыі Украіны, і паведаміць, ці бралі ўдзел у яго выкраданні, допытах і пакаранні смерцю супрацоўнікі ЦРУ або іншых спецслужбаў краін NATO», — гаворыцца ў паведамленні.
У копіі заявы, апублікаванай у тэлеграм-канале, гаворыцца, што «ў рэчаіснасці Яўген Анатольевіч Нужын удзельнічаў у спецыяльнай ваеннай аперацыі, якая праводзіцца Расійскай Федэрацыяй па абароне ЛНР і ДНР, у якасці добраахвотніка ў складзе ПВК „Вагнер“ і 4 верасня 2022 года быў выкрадзены».
У дакуменце прыводзіцца некалькі «доказаў» таго, што ПВК не мае да справы ніякага дачынення:
- на заднім плане роліка чуваць англійская гаворка і фраза «f**k you»;
- таксама ў роліку не чуваць рускай гаворкі з нецэнзурнай лаянкай, «характэрнай для такіх ролікаў з удзелам расійскіх грамадзян»;
- «колер цэглы з шэрай акантоўкай, на якую паклалі галаву Нужына, не характэрны для Расіі, у якой для афарбоўкі цэглы выкарыстоўваюцца іншыя колеры»;
- «камуфляж катаў на відэа, а менавіта расфарбоўка мульцікам, якую, паводле публікацый у СМІ і сайта Вікіпедыя, распрацавала амерыканская кампанія Crye Precission сумесна з салдацкім цэнтрам рыштунку арміі ЗША».
На падставе вышэйзгаданага Яўген Прыгожын робіць выснову: «Для мяне цалкам відавочна, што Яўген Нужын быў выкрадзены і па-зверску забіты супрацоўнікамі спецслужбаў ЗША».
У якасці доказу таго, што гэта не зрабілі найміты з ПВК Вагнера, Прыгожын выкарыстоўвае наступны аргумент: «Я правёў апытанне супрацоўнікаў ПВК „Вагнер“, не выкрадалі яны Яўгена Нужына і не ўдзельнічалі ў яго пакаранні. Ніводзін з іх не давёў інфармацыі пра тое, што выкрадаў Нужына альбо ўдзельнічаў у яго пакаранні смерцю».
Прыгожын адзначае, што Нужын «быў завербаваны ў ЦРУ і загадзя сеў у турму на 27 гадоў», загадзя ведаючы пра «магчымыя сутыкненні на тэрыторыі Украіны».
«Ён укараніўся ў ПВК „Вагнер“ і стварыў умовы для свайго пакарання смерцю», — адзначаецца ў заяве.
Забойства кувалдай
Нагадаем, на мінулым тыдні ў ананімных тэлеграм-каналах пачаў распаўсюджвацца відэазапіс, на якой невядомыя б’юць чалавека ў вайсковай форме кувалдай па галаве. Телеграм-канал Grey Zone, звязаны з ПВК Вагнера, пісаў, што чалавек, пакараны смерцю, — гэта экс-баец ПВК з ліку прызваных асуджаных, які добраахвотна здаўся ў палон украінскім вайскоўцам, за што «атрымаў традыцыйнае вагнераўскае пакаранне».
13 лістапада стваральнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын пракаментаваў відэазапіс фразай «Сабаку — сабачая смерць», а сам ролік назваў в"ыдатнай рэжысёрскай працай".
У Крамлі адмовіліся каментаваць запіс, заявіўшы, што «гэта не нашая справа».
Чалавек на відэа — зняволены Яўген Нужын. Ён адбываў пакаранне ў Разанскай вобласці і быў завербаваны ПВК Вагнера для ўдзелу ў вайне. У верасні ён здаўся ва ўкраінскі палон і заяўляў у інтэрв'ю, што адразу хацеў зрабіць гэта, каб ваяваць на баку Украіны, дзе, як ён сцвярджаў, у яго жывуць сваякі. Яшчэ 1 лістапада ён дасылаў родным відэа з палону.