У Мінабароны Расіі заявілі, што дзякуючы «высокадакладным ударам» у панядзелак па тэрыторыі Украіны абцяжарылі для УСУ перавозку рэзерваў і тэхнікі ў раёны баявых дзеянняў. У Генштабе Украіны паведамілі, што за дзень збілі чатыры ваенныя расійскія верталёты. У Інстытуце па вывучэнні вайны прывялі факты, якія сведчаць пра немінучы наступ украінскіх сіл у Херсонскай вобласці.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 251-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: «У Беларусь працягваюць прыбываць расійскія падраздзяленні»
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 60 ракетных і 15 авіяцыйных удараў, здзейснілі больш за 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пацярпелі больш за 50 населеных пунктаў, у тым ліку: Салядар, Вуглядар, Якаўлеўка, Вясёлае Данецкай вобласці, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
У ведамстве звяртаюць увагу на тое, што захоўваецца пагроза нанясення ракетных удараў і выкарыстання ўдарных беспілотных лётных апаратаў з тэрыторыі Беларусі. У нашу краіну працягваюць прыбываць асобныя падраздзяленні расійскай арміі.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 14 удараў па раёнах канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, апорных пунктах і пазіцыі комплексаў супрацьпаветранай абароны расійскіх войскаў.
— УСУ збілі чатыры верталёты, два БПЛА і 45 крылатых ракет.
— Ракетныя войскі і артылерыя за мінулыя суткі нанеслі ўдары па двух пунктах кіравання, трох раёнах канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення, ваеннай тэхнікі і іншых важных ваенных аб’ектах расійскіх войскаў.
У Генштабе таксама паведамляюць, што ў Херсонскай вобласці расіяне праводзяць прымусовае перамяшчэнне цывільнага насельніцтва. Так, у населеным пункце Кахоўка Херсонскай вобласці людзей, якія пражываюць уздоўж берага Дняпра, сілком высяляюць з дамоў і абсталёўваюць інжынерныя ўмацаванні і мінна-выбуховыя загароды. У населеным пункце Новачарнамор’е Скадоўскага раёна вызваленыя такім чынам дамы аддаюць пад засяленне расійскім салдатам.
Мінабароны Расіі: «Парушылі кіраванне групоўкамі УСУ»
У Міністэрстве абароны РФ заяўляюць, што ў выніку ўчорашняга ўдару «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага і марскога базавання па аб’ектах сістэм кіравання, сувязі і энергетыкі Украіны істотна парушанае кіраванне групоўкамі УСУ і іх тылавым забеспячэннем. Значна абцяжараныя перавозкі рэзерваў і матэрыяльных сродкаў у раёны баявых дзеянняў чыгуначным транспартам. Акрамя таго, парушаная вытворчасць на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу Украіны».
— На Купянскім напрамку адбітыя атакі ўкраінскіх сіл у кірунку населеных пунктаў Мікалаеўка, Куземаўка Луганскай вобласці і Арлянка Харкаўскай вобласці. Знішчаныя больш за 150 украінскіх вайскоўцаў, тры танкі, чатыры баявыя браніраваныя машыны і шэсць пікапаў.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку сарваныя спробы пераходу ў атаку ў кірунку населеных пунктаў Чырвонапапоўка і Макееўка Луганскай вобласці: знішчаныя больш за 30 украінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя машыны пяхоты і тры пікапы.
— На Мікалаеўска-Крыварожскім напрамку спыненыя спробы наступлення падраздзяленняў УСУ ў кірунку населеных пунктаў Мылавое, Суханава, Брускінскае, Кастромка і Зялёны Гай Херсонскай вобласці. Знішчана больш за 110 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, восем баявых браніраваных машын і восем пікапаў.
Усяго за суткі, паводле дадзеных МА РФ, нанесеныя ўдары па васьмі пунктах кіравання УСУ, 63 артылерыйскіх падраздзяленнях, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 154 раёнах. Знішчаныя тры склады боепрыпасаў, дзве радыёлакацыйныя станцыі контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50. Збіты Су-24 паветраных сіл Украіны, дзевяць беспілотных лётных апаратаў і адна балістычная ракета «Точка-У», а таксама шэсць снарадаў рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Вольха».
У Мінабароны Расіі таксама заявілі, што УСУ абстралялі Энергадар і прылеглую да ЗАЭС тэрыторыю: за суткі было выпушчана больш за 20 снарадаў.
«Агнём у адказ расійскіх артылерыйскіх падраздзяленняў агнявыя сродкі праціўніка здушаныя. Радыяцыйнае становішча ў раёне атамнай электрастанцыі застаецца ў норме», — заявілі ў МА РФ.
Інстытут па вывучэнні вайны: «Расіі не ўдаецца аслабіць украінскую ідэнтычнасць»
Расійскі бок, імаверна, працягвае перакідваць войскі і ваенную тэхніку праз Днепр у чаканні наступлення Украіны на Херсон, адзначаюць у Інстытуце па вывучэнні вайны (ISW). Аналітыкі звяртаюць увагу на заяву прадстаўніка акупацыйнай улады Кірыла Страмавусава пра тое, што 30 кастрычніка расійскія сілы пачалі інжынерныя працы ў Белазёрцы (6 км на захад ад Херсона) і Чарнабаеўцы (1 км на поўнач ад Херсона), што пацвярджаецца здымкамі.
«Той факт, што расійскія калабарацыяністы рыхтуюцца абараняць Чарнабаеўку, заслугоўвае асаблівай увагі, бо Чарнабаеўка — апошні населены пункт на трасе М14 на поўнач ад Херсона. Цяперашняя лінія фронту праходзіць менш чым за 20 км на паўночны захад ад Чарнабаеўкі, і актыўныя намаганні па ўмацаванні абароны тут сведчаць пра немінучы надыход украінскіх сіл. Адначасовая эвакуацыя вайсковай маёмасці з заходняга берага і падрыхтоўка да абароны крытычных раёнаў вакол Херсона сведчаць пра сур’ёзную заклапочанасць з нагоды расійскага кантролю над заходнім берагам», — адзначаюць эксперты.
ISW таксама звяртае ўвагу, што расійскія акупацыйныя ўлады змянілі рыторыку што да Кахоўскай ГЭС. 31 кастрычніка Уладзімір Сальда зноў заявіў, што Украіна нібыта рыхтуецца да «масіраванага ракетнага ўдару» па плаціне Кахоўскай ГЭС, таму неабходна пашырыць зону «эвакуацыі» на 15 км ад Дняпра. Хоць яшчэ 26 кастрычніка Сальда сцвярджаў адваротнае: што разбурыць плаціну будзе «практычна немагчыма» і што нават у выпадку яе прарыву ўзровень вады ў Дняпры падымецца «ўсяго» на 2 метры.
«Такое ваганне пазіцыі Сальда што да Кахоўскай ГЭС паказвае на тое, што яго адміністрацыя, імаверна, выкарыстоўвае пагрозы прарыву і затаплення з дваістай мэтай: арганізаваць эвакуацыю з заходняга берага і патлумачыць блізкі сыход рускіх», — лічаць эксперты.
У Інстытуце называюць прычыны, з якіх падрыў Кахоўскай ГЭС нявыгадны Украіне:
— узнікаюць рызыкі для Запарожскай АЭС, якая выкарыстоўвае ваду Кахоўскага вадасховішча ў якасці цепланосбіта;
— цяжкасці прасоўвання УСУ;
— эканамічныя і сацыяльныя наступствы затаплення больш чым 80 населеных пунктаў.
Правал шматмесячных намаганняў арганізаваць рублёвую зону ў Херсонскай вобласці, на думку экспертаў, сведчыць пра тое, што імкненне РФ аслабіць украінскую ідэнтычнасць і магчымасці ўкраінскай улады на акупаваных тэрыторыях, хутчэй за ўсё, асуджаныя на няўдачу. «Украінская нацыянальная ідэнтычнасць і патрыятызм на акупаваных Расіяй тэрыторыях захоўваюцца, хоць Украіна сутыкнецца з цяжкасцямі ў аднаўленні інстытутаў (і мясцовай эканомікі), разбураных расійскімі акупантамі, па меры таго, як УСУ вызваляюць дадатковыя тэрыторыі», — адзначаюць у Інстытуце вывучэння вайны.
З расійскай павесткі ў ISW звяртаюць увагу на заявы ўладальніка ПВК Вагнера з крытыкай пецярбургскіх чыноўнікаў. Прыгожын абвінаваціў губернатара Санкт-Пецярбурга Аляксандра Бяглова ў стварэнні «злачыннай супольнасці на тэрыторыі Санкт-Пецярбурга з мэтай рабавання дзяржбюджэту і ўзбагачэння карумпаваных чыноўнікаў, якія ўваходзяць у яго асяроддзе».
Эксперты лічаць, што такім чынам Прыгожын спрабуе павысіць свой статус унутры расійскай эліты і нарошчвае сваю прысутнасць у Санкт-Пецярбургу, і такая кампанія, магчыма, ужо прыносіць яму плён.
Яшчэ з ключавых высноваў экспертаў:
- 30 і 31 кастрычніка ўкраінскія войскі, паводле дадзеных расійскіх крыніц, працягнулі контрнаступальныя аперацыі на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці і на лініі Сватава — Крамянная (Луганская вобласць);
- украінская армія таксама працягвае контрнаступленне ў Херсонскай вобласці;
- УСУ працягваюць біць расійскія сілы падчас іх спробаў перабрацца праз Днепр на поўдні;
- 30 і 31 кастрычніка расійскія войскі працягвалі наземныя атакі ў раёне Бахмута;
- расійскія крыніцы заяўлялі, што 30 і 31 кастрычніка войска РФ нібыта прасунулася ў раёне Аўдзееўкі, аднак ISW не можа пацвердзіць гэтыя сцверджанні;
- Міністэрства абароны Расіі, імаверна, хоча прадухіліць ухіленне ад прызыву, спрабуючы падмануць насельніцтва Расіі і прымусіць яго паверыць у тое, што салдаты тэрміновай службы не будуць адпраўленыя ваяваць ва Украіну;
- мясцовыя расійскія ўлады, якія нясуць адказнасць нават за базавае забеспячэнне мабілізаваных салдат, дэманструюць неэфектыўнасць і нескаардынаванасць каналаў іх забеспячэння для сучаснай арміі;
- расійскія ўлады, імаверна, вымушаюць жыхароў Херсонскай вобласці «эвакуявацца».