У Беларусі распадаецца больш чым палова шлюбаў, і гэтая колькасць расце. Да судоў штогод даходзіць больш за 30 тысяч справаў пра разводы, часцей за ўсё муж і жонка называюць прычынай расстання «непераадольную адрознасць» і «несумяшчальнасць характараў». Пра гэта расказала ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё суддзя Вярхоўнага суда Вера Кругава.
Тры апошнія гады ў беларускіх судах штогод разглядаюцца больш чым 30 тысяч справаў пра скасаванне шлюбу — гэта самыя частыя спрэчкі, якія датычаць шлюбна-сямейных адносін.
У абсалютнай большасці выпадкаў (99,6%) такія пазовы задавальняюцца ў поўным аб’ёме. Але ў некаторых выпадках суды адмаўляюцца даць развод — у асноўным на падставе арт. 35 Кодэкса пра шлюб і сям’ю, згодна з якім скасаванне шлюбу недапушчальнае падчас цяжарнасці жонкі і да дасягнення дзіцем трох гадоў без пісьмовай згоды іншага сужэнца.
«Штогод скасоўваецца больш за 55% шлюбаў да колькасці зарэгістраваных, і гэты працэнт, на жаль, расце», — падкрэсліла суддзя.
У 2023 годзе больш чым у 82% выпадкаў (24 963) разводзіліся муж і жонка з няпоўнагадовымі дзецьмі. Толькі ў 18% выпадкаў (5497) распаліся пары, якія не мелі дзяцей.
Сярод прычын распаду сям'і муж і жонка часцей за ўсё называюць:
- непераадольныя адрозненні ў поглядах на далейшае жыццё, адсутнасць агульных інтарэсаў, несумяшчальнасць характараў (54%);
- асобнае пражыванне цягам доўгага часу (каля 20%);
- узаемная страта пачуцця кахання і павагі (больш за 10%);
- наяўнасць шкодных звычак у аднаго з сужэнцаў: алкагалізм, наркаманія, гульняманія, а таксама сямейны гвалт (больш за 10%);
- шлюбная здрада (7%).
Ініцыятаркамі скасавання шлюбу ў 72% выпадкаў становяцца жанчыны. Яны ж у тры разы часцей за мужчын прысутнічаюць на судовых паседжаннях.
Дарэчы, у 18% выпадкаў муж і жонка перадумваюць разводзіцца — тады працэс спыняецца ў сувязі з замірэннем бакоў.
Чытайце таксама