За «экстрэмісцкія» чаты, падпіскі і рэпосты асудзілі ўжо тысячы беларусаў. Многія ў судах прызнаюць віну. Аднак у Арцёма іншая гісторыя: ён упэўнены, што атрымаў штраф за падпіску, якой ніколі не было. Мужчына лічыць, што прычынай разбіральніцтва стала не яго палітычная пазіцыя, а, хутчэй, асабісты канфлікт.
Звесткі суразмоўцы змененыя з меркаванняў яго бяспекі.
«Хлопцы, ну, вы трошкі не па адрасе»
Арцём жыве ў адным з беларускіх райцэнтраў. Значную частку жыцця мужчына пражыў у Расіі, але пераехаў у Беларусь, тут жа і асталяваўся. Палітычную сітуацыю ў агульных рысах ведаў, але кажа, што быў досыць далёкі ад яе. Цяпер ён не можа назваць сябе ні прыхільнікам, ні праціўнікам уладаў. Адзначае, што заўсёды цаніў Беларусь за спакой і парадак, але быў непрыемна здзіўлены нядаўнім здарэннем.
Усё пачалося з канфлікту на працы. Мужчына моцна пасварыўся з кіраўніцтвам. Праз некалькі дзён да яго дадому прыехалі міліцыянты. «Выдралі тэлефон з рук, запіхалі ў машыну», — апісвае ён той момант.
Потым яго павезлі ў пастарунак. Там сілавікі спрабавалі даказаць, што ён удзельнічаў у беларускіх пратэстах у жніўні 2020 года.
— Нібыта ёсць нейкія відэазапісы з маім удзелам, што я там недзе трапіў пад камеры відэаназірання, — успамінае Арцём. — На што я ў прынцыпе спакойна сказаў: хлопцы, ну, вы трошкі не па адрасе. За секунду ўсё правяраецца.
Суразмоўца з упэўненасцю кажа, што гэтага не магло быць — на момант пратэстаў ён знаходзіўся за межамі Беларусі. Мужчына прапанаваў сілавікам вывучыць білінг мабільнага тэлефона і гісторыю плацяжоў, якія бясспрэчна даказвалі, што ён быў у іншай краіне.
«Я не бачыў, што робіцца ў тэлефоне»
У гэтым жа памяшканні іншы супрацоўнік міліцыі вывучаў смартфон Арцёма. Мужчына не бачыў, што канкрэтна ён рабіў.
— Я сядзеў на другім канцы стала. То-бок я не бачыў, што робіцца ў тэлефоне, дзе яны лазяць, як яны лазяць. Потым мне проста перавярнулі прыладу і спыталі: «А гэта што?» На мой адказ «Паняцця не маю» сказалі: «Добра, так і запішам», — расказвае суразмоўца.
У смартфоне знайшлася падпіска на групу, створаную Сяргеем Ціханоўскім. У 2022 годзе яе ўключылі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»"
Праўда, ёсць нюанс: цяпер гэта група-«пустышка». Паводле звестак архіўнага сэрвісу Wayback Machine, якія вывучыла «Люстэрка», там актыўна асвятлялі падзеі першага тыдня пратэстаў у жніўні 2020 года. Пасля адміністратары заклікалі падпісвацца на іншую суполку з падобнай назвай і тэматыкай. А ў «старую» перасталі дадаваць публікацыі.
У 2023 ці 2024 годзе (дакладней сказаць немагчыма) з суполкі выдалілі ўсе пасты. Цяпер там нічога няма, але засталіся «экстрэмісцкі» статус і тысячы падпісчыкаў. У іх ліку міліцыянты і знайшлі Арцёма.
«Калі я нават не ведаў пра яго існаванне, як я мог быць на яго падпісаны?»
— Думаю, што падпісаліся яны самі, — кажа мужчына. — Запрасіць адваката мне не далі. Падчас «агляду» тэлефона ніхто не прысутнічаў. Яны калі зразумелі, што мяне там не было (на пратэстах 2020-га года. — Заўв. рэд.), самі трошкі разгубіліся. Яны мяне пачалі пытаць пра гэты канфлікт [на працы]: як так атрымалася, чаго я наогул туды палез? Ну, а потым неяк так перазірнуліся: «А вось гэта што такое?» Я дапускаю: яны проста зразумелі, што, скажам так, самі трапілі ў не вельмі добрую сітуацыю, схапіўшы чалавека, які наогул ніякім бокам [не звязаны з пратэстамі ў Беларусі]. Мабыць, проста трэба было ўжо неяк гэтую ўсю справу ўзаконьваць… Бо проста мяне адпусціць і сказаць «прабачце» — ну, зразумела, што гэта было б наогул надзвычайнае здарэнне сусветнага маштабу.
У выніку справа дайшла да суда. Арцём не прызнаў віны, агучыў суддзі свае аргументы. Суддзя прыйшоў да высновы, што доказаў віны дастаткова, а мужчына забыў пра сваю падпіску. Суразмоўца настойвае: летам 2020 года ён нават не ведаў імені Сяргея Ціханоўскага.
— Калі я нават не ведаў пра яго існаванне, як я мог быць на яго падпісаны? — задаецца пытаннем суразмоўца.
Усё скончылася штрафам на некалькі базавых велічынь. Арцём выплаціў гэтыя грошы.
— Непрыемна, але для мяне сума не смяротная. Больш, відаць, [хочацца] нейкай справядлівасці. Што гэта за ператрусы? Што гэта за вышукі? Што гэта за выхопліванне тэлефонаў? — задаецца пытаннямі суразмоўца.
А такія суды былі раней?
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна» на лістапад 2024 года, усяго, пачынаючы з 2020-га ў Беларусі па арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) судзілі больш за шэсць тысяч чалавек. У банку судовых рашэнняў, паводле звестак на 18 чэрвеня 2024 года, ёсць больш за пяць тысяч пастановаў судоў. У вельмі многіх выпадках людзі прызнаюць сваю віну. Часам адмаўляюць — але суды ўсё роўна вырашаюць, што яны вінаватыя. Зрэдку такія справы закрываюць. У некалькіх пастановах судоў захаваліся паказанні людзей, якія заяўлялі, што не падпісваліся на «экстрэмісцкія» групы і каналы.
Да прыкладу, вось фрагмент пастановы аднаго з судоў Гомельскай вобласці: «Знаходзячыся ў АУС супрацоўнікамі міліцыі ў гэтым тэлефоне ў мэсэнджары T. была выяўленая падпіска на канал N. <…>. Хто і якім чынам ажыццявіў падпіску на гэты канал, яму (затрыманаму. — Заўв. рэд.) не вядома. Сам жа ён выкарыстаў мэсэнджар T. на гэтым тэлефоне толькі для зносін са сваімі знаёмымі». Суддзю гэтыя аргументы не пераканалі, мужчына атрымаў сем сутак адміністрацыйнага арышту.
На іншым судзе зафіксавалі такія паказанні: «Сваёй віны не прызнаў і паказаў, што з’яўляецца карыстальнікам сацыяльнай сеткі А., пры якіх абставінах ён аказаўся ўдзельнікам групы Н., выяўленай у яго мабільным тэлефоне, растлумачыць не можа, самастойна ў гэтую групу не ўступаў і знаходжанне гэтай групы ў яго мабільным тэлефоне яму не вядомае». Рашэнне суддзі аналагічнае — таксама сем сутак.
У лютым 2024 года ў Паставах жанчыну судзілі за «экстрэмісцкія» падпіскі ў «Аднакласніках». Яна заяўляла пра канфлікт з калегамі на дзяржпрадпрыемстве, сцвярджала, што раней скардзілася на іх у міліцыю. Паводле яе, яны выступілі сведкамі на яе судзе і агаварылі яе.
«З яе тлумачэнняў у судовым паседжанні вынікае, што ў сацыяльнай сетцы „Аднакласнікі“ яна не зарэгістраваная, старонка (профіль) ёй не належыць. Ніякай інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, яна не распаўсюджвала». У выніку разбіральніцтва суд палічыў віну даказанай. Рашэнне: 10 сутак адміністрацыйнага арышту і канфіскацыя смартфона.
Чытайце таксама