Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пабудаваць хуткасныя чыгуначныя лініі да гарадоў — спадарожнікаў Мінска. Такую заяву ён зрабіў 21 кастрычніка, заслухоўваючы даклад па пытаннях развіцця сеткі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і фармавання транспартнай інфраструктуры, перадае яго прэс-служба.
Палітык падкрэсліў, што адно з асноўных пытанняў, якое яго хвалюе ў кантэксце транспартных зносін, — «гэта рассяленне насельніцтва, якое імкнецца жыць і працаваць у Мінску».
— Я ўжо неаднойчы казаў, што перанасяленне Мінска — гэта не на карысць тых людзей, якія жывуць у Мінску. У тым ліку не на карысць тых, хто хоча прыехаць у Мінск, — адзначыў Лукашэнка.
Негатыўныя наступствы такой тэндэнцыі ён праілюстраваў на прыкладзе расійскай сталіцы. Паводле афіцыйных звестак, у Маскве жыве каля 13,1 млн чалавек. Аднак рэальная колькасць людзей, якія адначасова жывуць у мегаполісе, складае 15 млн чалавек.
— Суцэльныя заторы, неабходнасць будаўніцтва ў велізарных маштабах развязак, дарог і гэтак далей. Што прыемнага для чалавека жыць у гэтай жалезабетоннай «вопратцы», і вакол аўтамабілі, аўтамабілі, аўтамабілі, — заявіў Лукашэнка.
У Беларусі, на ягоную думку, «пайшлі іншым шляхам, пачаўшы развіваць так званыя гарады — спадарожнікі Мінска». Цяпер да іх адносяцца Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Смалявічы, Фаніпаль і пасёлак Рудзенск. Лукашэнка прапанаваў чыноўнікам падумаць пра тое, як зрабіць дарогу ў сталіцу з гэтых населеных пунктаў «яшчэ больш хуткаснай».
— Нам трэба падумаць пра будаўніцтва больш хуткасных, незалежных ад аўтамабільных дарог, участкаў. Я не думаю, што гэта зойме шмат часу ці вялікіх грошай (запатрабуе. — Заўв. рэд.), — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Чытайце таксама