У чацвер, 25 красавіка, падчас выступу на УНС Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нейкія беларускія добраахвотнікі плануюць захапіць Кобрынскі раён. Мы патэлефанавалі ў мясцовыя райвыканкам, РАУС і КДБ, каб даведацца, ці варта хвалявацца жыхарам Кобрыншчыны.
Лукашэнка сцвярджаў, што за мяжой праходзяць трэніроўкі беларускіх добраахвотнікаў (асобнага ад палка Каліноўскага фарміравання), якім нібыта даюць грошы на ўзброены захоп улады ў Беларусі. Пачаць, паводле палітыка, збіраюцца з Кобрынскага раёна.
— Галоўнае — гэта ўзброеная барацьба. Вось іх трэніруюць, [даюць] зброю, мэту — хаця б захапіць нейкі, не ведаю, чаму выбралі, Кобрынскі раён, — сказаў палітык.
Пасля гэтага, паводле версіі Лукашэнкі, байцы збіраюцца абвясціць у захопленым раёне сваю ўладу, «звярнуцца да NATO і ўвесці войскі».
— Першымі будуць ісці «дэмакратычныя сілы», другой шарэнгай — войскі NATO, — заявіў ён, але паабяцаў, што ўварвання ніхто не дапусціць.
Лукашэнка дапусціў, што аперацыя будзе праходзіць паводле таго ж сцэнара, што і нядаўнія рэйды ў Белгародскую вобласць Рускага добраахвотніцкага корпуса, дзе нібыта большасць байцоў — «асобы ўкраінскай нацыянальнасці».
Пад выглядам занепакоенага жыхара горада журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у Кобрынскі райвыканкам. Там пытанню пра словы Аляксандра Лукашэнкі здзівіліся і папрасілі пачакаць. У трубцы было чуваць, як чыноўнікі абмяркоўваюць, да каго скіраваць жыхара з пытаннем пра «словы прэзідэнта». У выніку прапанавалі патэлефанаваць у Кобрынскі РАУС. У РАУС адказваць на пытанні адмовіліся.
— Я не гатовы каментаваць словы кіраўніка дзяржавы. І тым больш праз тэлефон, — сказаў дзяжурны.
— А як жа яшчэ — акрамя як праз тэлефон?
— Як ёсць.
— Да каго тады мне звярнуцца як жыхару горада?
— Паспрабуйце ў больш кампетэнтныя органы — да тых, хто займаецца непасрэдна бяспекай нашай дзяржавы.
— Каго вы маеце на ўвазе? КДБ?
— Як варыянт.
— Але вы можаце хаця б сказаць, якая абстаноўка ў горадзе? Варта хвалявацца?
— Яшчэ раз кажу: я не збіраюся каментаваць гэтыя моманты праз тэлефон.
— А калі я асабіста прыйду ў РАУС?
У гэты момант супрацоўнік міліцыі кінуў трубку. Тады «занепакоены грамадзянін» патэлефанаваў ва ўпраўленне КДБ па Брэсцкай вобласці. Там прапанавалі пераслухаць словы Лукашэнкі яшчэ раз.
— Напэўна, вы трошкі перабольшваеце тое, што было сказана [пра планы захапіць Кобрынскі раён], — сказаў супрацоўнік спецслужбы. — Праслухайце яшчэ раз, і іншыя высновы ў вас з’явяцца.
Чытайце таксама