Чэргі з фур і легкавікоў выраслі перад усімі еўрапейскімі памежнымі пераходамі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржпамежкамітэта Беларусі.
У прыватнасці, больш за ўсё аўто сабралася ў пункце пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог»), бо там ноччу адбыўся пажар і было прыпыненае афармленне транспарту.
Станам на 12 гадзін больш за 900 грузавых і легкавых аўто чакаюць аднаўлення руху на гэтым маршруце. У чарзе стаяць 195 легкавых машын і 735 грузавікоў.
Тым часам перад літоўскім памежным пераходам «Беняконі» («Шальчынінкай») выезду з Беларусі чакае 610 фур і 150 легкавікоў.
На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Брэст» («Тэрэспаль») выезду з Беларусі чакае 220 легкавікоў і 17 аўтобусаў. На мяжы з Латвіяй на памежным пераходзе «Грыгароўшчына» («Патэрніекі») уезду ў ЕС чакаюць 50 легкавых аўто і 760 фур.
Нагадаем, што ў ноч на 18 красавіка на літоўскім памежным пераходзе «Мядзінінкай» (сумежны пункт пропуску — «Каменны Лог») успыхнуў пажар. У выніку згарэў будынак мытні.
Паводле інфармацыі паліцыі, падчас праверкі аўтамабіля Porsche Cayenne у надглядальным ангары мытні ўспыхнуў пажар. Агонь ліквідавалі толькі раніцай — каля 7.00.