У чатах, дзе кіроўцы і пасажыры манітораць сітуацыю на мяжы, не сціхаюць абмеркаванні чэргаў у пунктах пропуску. На мінулых выходных, 6−7 красавіка, і ў пачатку тыдня ў Беларусі пабілі рэкорд — на выезд у Польшчу з раніцы і да вечара стаіць па 500 легкавікоў, а яшчэ ад 40 да 50 аўтобусаў. Некаторыя людзі чакалі больш за суткі. «Люстэрка» пагаварыла з пасажыркай адной з маршрутак, якой у гэтыя дні таксама давялося доўга дабірацца да польскіх гарадоў.
Некаторыя кіроўцы расказваюць, што суткі патрацілі на тое, каб прайсці беларускую мяжу і чакаць чаргі на ўезд на тэрыторыю польскага памежнага пункта. Іншыя ж дзеляцца, што ехалі ў зваротным кірунку, прайшлі ў палякаў усе працэдуры за 25 хвілін, і дзівяцца, што на ўезд у Беларусь стаіць такая «калейка».
Хтосьці пры гэтым загадзя размяшчае абвесткі: «Вазьму спадарожніка з дзіцем да трох гадоў, бясплатна». Ёсць шанцы, што аўто з маленькімі дзецьмі праедзе нашмат хутчэй. «Цяпер такая сітуацыя, што дзіця можна зрабіць у чарзе на мяжы — і яму акурат да беларускага КПП будзе да трох гадоў», — пажартаваў у адказ на такія пошукі яшчэ адзін карыстальнік і сабраў больш за дзясятак лайкаў.
Доўга чакаць даводзілася і пасажырам легкавікоў, і аўтобусам. Ганна (імя змененае з меркаванняў бяспекі) выехала ў Варшаву позна ўначы ў нядзелю на маршрутцы, каля чатырох раніцы кіроўца стаў у чарзе на мяжу ў Брэсце. Да дзевяці, кажа суразмоўніца, не прапусцілі яшчэ ніводнага пасажырскага аўтобуса.
— У гэты ж час пяцёра пасажыраў сышлі ў аўтобусы, што стаялі бліжэй да шлагбаўма. Потым наш кіроўца дамовіўся з іншай маршруткай, якая таксама ехала да Варшавы, але стаяла пятай у чарзе да шлагбаўма, і мы пераселі ў яе. Аказалася, гэтыя людзі стаялі там яшчэ з 17.00 суботы, — расказвае яна. — У выніку ў 15.30 мы заехалі на мяжу з беларускага боку.
Дзяўчына кажа, што пасля яна і іншыя пасажыры прайшлі пашпартны кантроль даволі хутка, а вось далей захраслі на ўездзе на мост у бок польскага КПП. Там яны прастаялі сем гадзін.
— Шчыра скажу, наш бок працаваў выдатна, памежніца прасіла машыны стаць кампактней, каб запусціць больш аўтобусаў. Уся беларуская частка на ўезд на мост была цалкам забітая. У 22.30 мы заехалі на польскі бок, пастаялі каля гадзіны — і нас адправілі на пашпартны кантроль. Памежнік манерна піў каву, паставіў штампы пра ўезд, спытаў, навошта едзем у Польшчу. Праўда, маршрутку мытнікі моцна не правяралі, таму гэтую мяжу мы прайшлі дзесьці за паўтары гадзіны, — тлумачыць суразмоўніца і дадае, што супрацоўнікі мытні і ДПК ніводнага з бакоў не тлумачылі, з чым звязаныя затрымкі і чэргі.
У суме, на тое, каб прайсці мяжу, Ганна патраціла 19 гадзін. Дзяўчына кажа, што для яе гэта пакуль асабісты рэкорд — раней даводзілася чакаць максімум 18 гадзін.
— У асноўным у нас людзі ехалі ў госці да родных ці на працу, студэнты — вучыцца. Многія ў выніку спазніліся, як і я сама. Людзі былі стомленыя, змораныя, хоць і разгаварыліся за гэты час паміж сабой, жартавалі і балбаталі. І ўсё роўна чакаць так доўга — вельмі цяжка. Уратавала шыкоўнае надвор’е — амаль увесь час я хадзіла на дварэ. З сабой былі вада і ежа, але, шчыра кажучы, ужо пад вечар балела ўсё: і спіна, і ногі, і галава ад недахопу сну.
Пры гэтым пасажыры, якія былі ў гэтай, бліжэйшай, маршрутцы, прастаялі больш за суткі — 30 гадзін. Колькі давялося б чакаць Ганне, калі б кіроўца яе рэйса не перасаджваў сваіх кліентаў бліжэй да мяжы, а застаўся стаяць у чарзе разам з усімі, суразмоўніца не ведае. Далей ёй давялося яшчэ дабірацца з Варшавы да горада Лодзь.
— Таму ўся дарога ў мяне заняла 32 гадзіны. Пасля такіх паездак жаданне ездзіць кудысьці адпадае зусім, — прызнаецца беларуска. — Усё гэта злуе, вельмі злуе. Але супакойваеш сябе думкай, што калі-небудзь гэтая сітуацыя з чэргамі скончыцца, і трэба проста чакаць. Вельмі хачу, каб ужо адкрылі межы.
«Люстэрка» працуе ўжо больш за два гады. Мы адкрыта гаворым пра тое, што сапраўды хвалюе беларусаў. Без цэнзуры, без прапаганды.
Дапамажыце «Люстэрку» працаваць далей 👇
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


