Дырэктарка Ліцэя БДУ Таццяна Мамчыц сустрэлася з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пра гэта паведамляе прэс-служба ліцэя.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся «шляхі павышэння эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы, пытанні ідэалагічнай і выхаваўчай работы з моладдзю».
«Таццяна Паўлаўна таксама перадала рэктару БДУ Андрэю Дзмітрыевічу Каралю калектыўны зварот супрацоўнікаў ліцэя з прапановай пра наданне навучальнай установе імені выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, Таццяна Мамчыц была прызначаная дырэктарам Ліцэя БДУ ў кастрычніку 2023 года. Раней яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі, які рыхтуе кадры для КДБ.
Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе. Забяспечвае профільнае навучанне ў 10−11-м класах, рыхтуе да паступлення ў ВНУ. Яго вучні рэгулярна становяцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па самых розных прадметах. У 2004 годзе ліцэй быў узнагароджаны прэміяй урада за дасягненні ў галіне якасці.
У 2020 годзе больш чым тысяча выпускнікоў установы падтрымала свабодныя выбары. Пасля выбараў з ліцэя звольнілі не менш за 15 выкладчыкаў, за гэты час змяніліся два дырэктары.
Увосень 2022 года Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў конкурс, падчас якога ўдзельнікам прапаноўвалі намаляваць комікс пра Фелікса Дзяржынскага і стварыць станоўчы вобраз супрацоўніка КДБ.