На «пакаяльных відэа», запісаных сілавікамі, і ў іх кабінетах у цэлым людзей часта змушаюць прызнавацца ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога» BYPOL. Адзін з такіх беларусаў — айцішнік і прадпрымальнік з Мінскага раёна Дзмітрый Барайчук. Яго спачатку асудзілі па адміністрацыйнай справе, а пасля завялі дзве «крыміналкі», у тым ліку за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні. Мужчына цяпер у бяспецы і адкрыта расказаў «Люстэрку», як ГУБАЗіК выбіваў з яго прызнальныя паказанні, чаму на справы некаторых затрыманых ставяць пазнаку «К» і чым потым для іх гэта абарочваецца.
Дзмітрый Барайчук — 51-гадовы бацька чатырох дзяцей з Мінскага раёна. Па адукацыі мужчына — інжынер-радыёфізік. З 1987 года працаваў у сферы IT, таксама больш за 30 гадоў займаўся прадпрымальніцтвам. У апошнія гады — таксама рамесніцтвам, рабіў сувенірную прадукцыю з выявай гістарычных аб’ектаў Беларусі. Захапляўся юрыспрудэнцыяй, як валанцёр дапамагаў людзям адстойваць свае правы ў адміністрацыйным працэсе.
Дзмітрый цяпер аднаўляецца пасля складанай аперацыі, для яго і яго сям'і адкрыты збор на BYSOL. Вы можаце падтрымаць яго па спасылцы.
«Падбягаюць двое нейкіх чарцей, выцягваюць мяне, кідаюць на калені на снег, надзяваюць кайданкі»
У 2020-м Дзмітрый Барайчук збіраў подпісы за вылучэнне Віктара Бабарыкі ў прэзідэнты. Мужчына кажа, што быў «дастаткова наіўны, як і Віктар Дзмітрыевіч», лічачы, што, калі «рабіць усё правільна і па законе», уладам няма да чаго будзе выстаўляць прэтэнзіі.
У канцы ліпеня таго года Дзмітрый, як і дзясяткі іншых людзей, пайшоў падаць хадайніцтва ў КДБ, каб Віктару Бабарыку змянілі меру стрымання і адпусцілі пад асабістае даручальніцтва. Яго, як і яшчэ 50 чалавек, тады затрымалі. Дзмітрыю далі 14 сутак. Пасля выхаду на волю мужчына пачаў заўважаць да сябе цікавасць з боку сілавікоў. Пачаліся званкі з патрабаваннем прыйсці ў СК. Потым у кватэры сям'і правялі першы ператрус — канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара. Летам 2021-га быў другі ператрус. Абодва разы самога Дзмітрыя дома не было, але ён зразумеў, што знаходзіцца ў распрацоўцы. Сям’я, як ён кажа, перайшла на «аблогавае становішча».
— Я стараўся не свяціцца, доўгі час дома не жыў. Дома ўсе навучыліся не адказваць на званкі з невядомых нумароў, не адчыняць дзверы адразу, практычна бясшумна падыходзіць да вочка, каб звонку гэта было не відаць, — расказвае мужчына. — З намі тады жыло трое няпоўнагадовых дзяцей — двайняткі 15 гадоў і малодшая дачка, якой 12. Усіх мы з жонкай навучылі не адказваць на пытанні пра сябе і бацькоў, калі хтосьці пытае ў школе. А такія выпадкі былі: міліцыя прыходзіла ў музычную школу і распытвала, дзе знаходзіцца тата. Я разумеў, наколькі гэта абсурдна і няправільна — вучыць дзяцей такому. Але мы былі вымушаныя так жыць.
Праз год, у канцы лістапада 2022-га, да Барайчука прыйшлі трэці раз. Ён расказвае, што ў той дзень чакаў сантэхніка, таму не насцярожыўся, убачыўшы за дзвярыма людзей у цывільным. Імі аказаліся двое супрацоўнікаў Мінскага ГУУС. Дзмітрый успамінае, што ў аператыўнікаў не было з сабой санкцыі на ператрус, які яны збіраліся правесці ў яго дома, — па яе разам паехалі ў СК. Пасля на месцы мужчыну давялося нагадваць супрацоўнікам, што патрэбныя панятыя і адвакат. Панятымі ўзялі супрацоўнікаў «Белтэлекама», якія пракладалі дзесьці побач оптавалакно, а наконт адваката мужчыну адмовілі.
— Яны канфіскавалі майкі з сімволікай, якая ім падалася забароненай, хоць там проста прысутнічалі чорны і чырвоны колеры на белым фоне, — расказвае суразмоўца. — Знайшлі дзве карціны з мазкамі белага і чырвонага колераў. Канфіскавалі інструменты, з дапамогай якіх я ўсё гэта рабіў як рамеснік, — прынтары, ноўтбук. Знайшлі, на жаль, мой тэлефон — запатрабавалі код доступу. Перавярнулі ўсё ў доме, склалі пратакол так, каб было немагчыма нічога разабраць, і павезлі мяне ў Мінск, у непрыкметны будынак у раёне вуліцы Розы Люксембург. Там я чакаў на заднім сядзенні машыны ва ўнутраным дворыку, як раптам падбягаюць двое нейкіх чарцей, выцягваюць мяне, кідаюць на калені на снег, надзяваюць кайданкі. Так мяне на напаўсагнутых нагах, з капюшонам на галаве, у становішчы «мордай у падлогу», каб я нічога не бачыў, пацягнулі на пяты паверх. Як зразумеў потым, я трапіў у аддзяленне ГУБАЗіК па Мінскай вобласці.
Дзмітрый кажа, што ў кабінеце яго пасадзілі на крэсла і пачалі выбіваць пароль ад тэлефона. Мужчына спрабаваў растлумачыць, што ў яго ёсць права захоўваць сваю перапіску ў таямніцы. У адказ, успамінае, — атрымліваў удары.
— Наваліліся некалькі супрацоўнікаў. Я сядзеў галавой уніз, абцякаючы ад удараў. Потым зразумеў, што страціць жыццё і здароўе тут і цяпер не планаваў, і даў ім пін-код, — успамінае мужчына. — У тэлефоне яны нічога не знайшлі, вырашылі, што мне няма чаго прад’явіць, і спыталі: «Слухай, а за што цябе наогул сюды прывалаклі?» Яны не ведалі самі, у чым рэч. Адзін з супрацоўнікаў тэлефанаваў начальніку і пытаў, што са мной рабіць. Той сказаў, каб я падпісаў паперу, што я папярэджаны «пра недапушчальнасць парушэння закона». Праўда, папера з сябе ўяўляла чысты бланк. Я не стаў вырабляцца і падпісаў.
«Ён на маёй справе паставіў значок — літару „К“, абведзеную ў колца. Я тады яшчэ не ведаў, што гэта такое»
Бліжэй да вечара Дзмітрыя адвезлі ў Першамайскі РУУС і перадалі інспектару аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.
— Памятаю яго пакуты ў пошуках артыкула, па якім можна было б сфабрыкаваць супраць мяне справу! Потым яму сказалі «шыць» мне хуліганства — нібыта я лаяўся матам, размахваў рукамі і гэтак далей. Потым ён зрабіў копію ўсіх маіх папер і на справе паставіў значок — літару «К», абведзеную ў колца (пра такую пазнаку расказвала мінчанка, якая прайшла праз Акрэсціна, яе таксама затрымліваў ГУБАЗіК. — Заўв. рэд.). Я тады яшчэ не ведаў, што гэта такое, — кажа суразмоўца.
Так Дзмітрый трапіў у ІЧУ на Акрэсціна. Назаўтра яго і іншых затрыманых па чарзе адводзілі ў кабінет — на суд па скайпе. Абаронцам Барайчука была яго жонка. Ён кажа, што ў пратаколе было шмат парушэнняў, нягледзячы на гэта, яму далі 15 сутак. Тады мужчына і даведаўся, што значыць тая самая літара «К» на яго справе.
— Калі перада мной адчынілі дзверы камеры, я не зразумеў, куды заходзіць — там не было месца! У чатырохмеснай «хаце» я быў ужо 22-м, — дзеліцца беларус. — Хлопцы ўзрадаваліся мне, бо былі адарваныя ад інфармацыі звонку, а некаторыя прайшлі ўжо па трэцім і чацвёртым коле перазатрыманняў. Мая гісторыя была падобная да гісторый многіх з іх, і тут прагучала слова «кантрольны». Некаторыя арыштанты ведалі, што іх так называюць. Тады я ўспомніў пра той значок у колцы. Аказалася, яго ставяць у РУУС перад тым, як адправіць чалавека на Акрэсціна. І ён вызначае яго далейшы лёс — як мусіць прайсці суд, як утрымліваць у ЦІП.
Дзмітрый быў у некалькіх камерах, дзе ўтрымліваліся «кантрольныя», і яшчэ ў дзвюх, дзе знаходзіліся затрыманыя без такой пазнакі. Паводле мужчыны, розніца ва ўмовах і стаўленні ў іх — каласальная.
— У звычайных камерах няма перанасялення. Хоць там былі людзі ў чаканні СІЗА або звычайныя злодзеі, ім даюць пасцельную бялізну, падушку і матрац, а гэта ўжо багацце! — эмацыйна кажа суразмоўца. — У іх ёсць асабістыя рэчы, якімі можна сагрэцца, калі холадна. Свае кнігі, часопісы ці хаця б абрыўкі чагосьці, што можна пачытаць. Посуд, лыжка, пячэнькі свае і нават перадачкі з волі! Нічога гэтага ў «кантрольных» не было. Я палічыў, што сярэдняя плошча на аднаго, у залежнасці ад камеры, складала прыблізна 0,5 кв.м. Гэта прастора, якую табе вылучаюць на пражыванне цягам 15 сутак, а можа, і больш. Як гэта наогул можна ўявіць? Я ўжо не кажу пра ўвесь час уключанае святло, пабудкі два разы за ноч, адсутнасць зубной шчоткі і пасты — калі мяне закінулі ў камеру, у нас нават туалетнай паперы некалькі дзён не было. Даводзілася шукаць спосаб, як трымацца ў гэтых умовах: мы абціраліся, абмываліся вадой, якую награвалі ў пластыкавых бутэльках да пакаёвай тэмпературы.
Былы «кантрольны» расказвае, што такую пазнаку атрымлівалі не толькі палітычныя. Мужчына лічыць, што такімі называлі і тых, каго хацелі запалохаць:
— Напрыклад, сярод нас быў дастаткова вядомы сябра Саюза мастакоў (гаворка пра Аляксея Панцюка-Жукоўскага, на адной з карцін трыпціха «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў» ён выявіў Аляксандра Лукашэнку і яго сына Мікалая. — Заўв. рэд.). Ён быў зусім не супраць улады! Але яго затрымалі па даносе — знаёмая здалёк убачыла на яго карціне спалучэнне чырвонага і белага колераў. Яшчэ з намі быў мужчына ў добрым касцюме, кашулі і туфлях — відаць, яго забралі проста з працоўнага месца. Я неяк да яго падсеў і пытаю: «Віталь, што ты тут робіш?» Ён сказаў, што адбылася, напэўна, нейкая памылка. Я спытаў: «Віталь, а дзе ты працуеш?» Ён на вуха мне кажа: «Я намеснік старшыні праўлення «Белаграпрамбанка» (гаворка пра Віталя Крука, які ўваходзіць у кіраўніцтва банка. Інфармацыя пра яго затрыманне з’яўлялася ў снежні 2022 года, калі быў затрыманы і Барайчук. — Заўв. рэд.). То-бок, разумееце, гэты чалавек не мог быць палітычным — ён прайшоў велізарны кантроль, каб трапіць на такую пасаду. І тым не менш меў статус «кантрольнага». Некаторыя падначаленыя Віталя, якіх узялі разам з ім, сядзелі ў іншых камерах. Потым я ўжо даведаўся, што там чыста эканамічная справа. «Кантрольным» быў яшчэ прадпрымальнік, які падаў сваю фірму на банкруцтва, і на ім віселі сур’ёзныя даўгі. Так на яго хацелі націснуць, каб ён знайшоў грошы і ўсё выплаціў, — хутчэй за ўсё, былі закранутыя інтарэсы кагосьці зверху.
Дзмітрый кажа, што праз здзекі, прыніжэнне і гвалт з боку сілавікоў прайшлі практычна ўсе «кантрольныя», з якімі ён перасякаўся.
— Тое, праз што прайшоў я, быў нават вельмі лёгкі варыянт. Па-першае, я не асабліва вандраваў, — тлумачыць суразмоўца. — А па-другое, быў у абласным ГУБАЗіКу, а большасць хлопцаў прайшла праз гарадскі на Рэвалюцыйнай. З таго, што яны расказвалі пра катаванні там, якія яны паказвалі сляды ад электрашокераў, — гэта літаральна пекла на зямлі! Некаторых збілі так, што яны былі цалкам сінімі. Памятаю аднаго хлопца, які не хацеў даваць свае паролі. Ён не палітычны, але яго збівалі два дні ў ГУБАЗіКу, потым перадалі ў РУУС — там яшчэ суткі. Калі зразумелі, што ён — крэмень, кінулі да нас у ЦІП.
«Калі мне далі паперу, у ёй стаяла ўжо каля 50 подпісаў іншых людзей па гэтай жа справе за план «Перамога»»
Перыядычна мужчын з камеры забіралі на гутаркі з аператыўнікамі. Такую «гутарку» прайшоў і Дзмітрый. Мужчына ўжо ў кабінеце зразумеў: нешта ў яго тэлефоне ўсё ж знайшлі. Ён кажа, што з яго выбівалі прызнанне ў падпісцы на чат-бот плана «Перамога».
— Спачатку пыталі, якое я да яго маю дачыненне. Я тлумачыў: ніякага, — расказвае мужчына. — Яны знайшлі ў мяне скрыншот. Калісьці ў 2020-м мне прыйшло паведамленне ад невядомага акаўнта, маўляў, «вы з’яўляецеся ўдзельнікам плана «Перамога», каб перайсці да актыўных дзеянняў, запоўніце форму па спасылцы». Я не мог ставіцца да гэтага як да сапраўднай інфармацыі, не ведаў, ад каго яна, зрабіў скрын і адправіў знаёмай з пытаннем, ці ведае яна нешта. І ўсё. Слядоў рэгістрацыі ў тэлефоне яны не маглі знайсці і не знайшлі. Але зачапіліся за гэты скрыншот і зразумелі, што могуць апраўдаць у дачыненні да мяне ўсё, што адбывалася да гэтага: «Ці вы пачынаеце даваць паказанні, ці мы прыступаем да пэўных працэдур».
Барайчук кажа, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пагражалі яму гвалтам і некалькі разоў ударылі. Пагражалі таксама крымінальным пераследам: фразамі накшталт «ты адсюль няхутка выйдзеш».
— Я вырашыў пагадзіцца, разумеючы, што гэтыя паказанні ў судзе юрыдычнага значэння мець не будуць: некаторыя фармальнасці сістэма яшчэ ўсё ж выконвае. Каб іх было можна прад’явіць у судзе, пратакол допыту мусіць складацца ў прысутнасці адваката, — кажа ён. — Таму я вырашыў пайсці на гэтую рызыку і даў паказанні, што нібыта рэгістраваўся ў гэтым боце. Тут трэба разумець, што для сілавікоў важна было мяне як «кантрольнага» памардаваць некалькі дзён у той камеры. Чалавек пасля гэтага становіцца больш згаворлівы і гатовы пайсці на агавор сябе. Было дастаткова пары ўдараў, каб я пагадзіўся падпісаць тыя паказанні. І так адбываецца з многімі людзьмі. Яшчэ следчым трэба было даказаць мэту маёй рэгістрацыі ў тым боце — што планаваў нейкія дзеянні. А я сказаў, што зрабіў гэта з мэтай задавальнення цікаўнасці. Такая прычына з фактам рэгістрацыі складу крымінальнага злачынства не мае. Ім трэба было знайсці нейкую маю дзейнасць, каб прывязаць экстрэмізм.
Тады Дзмітрый падпісаў пратакол, пасля чаго яго вярнулі на Акрэсціна і перазатрымалі ўжо па крымінальным артыкуле на трое сутак. Мужчыну пасадзілі ў «стакан», пасля — у карцар ІЧУ. Паводле яго словаў, карцар чакаў усіх «кантрольных», якія праходзілі па «крыміналках».
— Гэта маленечкае памяшканне — 1,75 на 3 метры. У цэнтры — нічым не абгароджаная прыбіральня, да сцяны прышпіленыя аднамесныя нары (іх не адшпільвалі). Нас у пакоі было ад сямі да дзевяці чалавек, — успамінае суразмоўца. — Сядзелі на халоднай бетоннай падлозе і стараліся сагрэцца. Тут я ўжо проста марыў пра тую камеру ў ЦІП! Хаця б таму, што там былі драўляныя падлогі. У панядзелкі ноччу з гэтай камеры вывозілі людзей ужо на Валадарку. У карцары сядзеў і святар Уладзіслаў Багамольнікаў, ён ужо доўгі час там быў. Тыя, хто з ім перасякаўся, расказвалі, што ён увесь час падбадзёрваў людзей побач. Са мной сядзеў адзін з найбуйнейшых прадпрымальнікаў у краіне Віталь Васілевіч і шмат іншых класных людзей. Мы гулялі ў інтэлектуальныя гульні, расказвалі адзін аднаму гісторыі, чыталі нейкія лекцыі, бо было шмат тых, хто эксперт у нейкіх галінах. Мае лекцыі, дарэчы, былі на тэму права.
Тады Дзмітрыя пачалі вазіць на допыты ў СК. На іх пускалі і адваката, якога для яго знайшла жонка.
— Для чаго гэта рабілася? Каб той дакумент, што я падпісаў раней, ператварыць у легальны, які потым прызнае суд. Выглядала гэта так: у кабінеце сядзяць следчы, адвакат і я ў кайданках, — апісвае ён. — За спінай — супрацоўнік ГУБАЗіК. Вядома, я спрабаваў следчаму пачаць «спяваць», што пра план «Перамога» нічога не ведаю, не рэгістраваўся. А ззаду да мяне падыходзіць супрацоўнік: «Дзмітрый, вы нешта не тое кажаце! Давайце вы будзеце прытрымлівацца той жа версіі, што ў нашай паперы. Або заедзем да нас па дарозе назад і пагутарым яшчэ раз». Якая будзе «гутарка», і так зразумела. Я расцэньваў гэта як пагрозу і на той момант, асабліва пасля карцара, ужо быў пабітым чалавекам з цалкам прыгнечанай воляй. Гэта і ёсць іх задача — задушыць асобу, здольнасць да абароны і ацэнкі рызыкі. Мне не заставалася нічога, акрамя як пагадзіцца з тым, што я пад катаваннямі падпісаў. Так у іх у справе з’явіўся цалкам законны дакумент. Але яго ўсё яшчэ не было дастаткова, каб прызнаць мяне абвінавачаным. Іншых доказаў рэгістрацыі ў іх не было, як і доказаў мэты.
На тым жа допыце следчы папярэдзіў Дзмітрыя, што праз трое сутак яго выпусцяць пад падпіску пра нявыезд. Са словаў суразмоўцы, той дадаў, што дастатковых падставаў для пераводу яго ў СІЗА няма.
— У размовах супрацоўнікаў я чуў, што яны з дапамогай розных электронных сродкаў займаюцца правакацыяй і рассылаюць людзям паведамленні, каб выявіць звязаных з гэтым ботам. Калі мне далі падпісаць паперу, у ёй стаяла ўжо каля 50 подпісаў іншых людзей па гэтай жа справе за план «Перамога», — успамінае ён.
У дакументах, якія даслаў у рэдакцыю «Люстэрка» Дзмітрый, ёсць і пастанова пра завядзенне ў 2021-м годзе справы супраць удзельнікаў тады яшчэ BYPOL за стварэнне «экстрэмісцкага фарміравання» і кіраўніцтва планам «Перамога». У ім жа згаданыя і «нявысветленыя асобы». Пад гэтую фармулёўку трапляюць беларусы, якія прайшлі рэгістрацыю ў чат-боце і падалі свае звесткі, на думку следства, тым самым «увайшоўшы ў экстрэмісцкае фарміраванне і захавалі ў ім свой удзел». У рашэнні гаворыцца, што яны такім чынам «выказалі згоду на супрацьпраўныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі, ажыццявіўшы пошук суўдзельнікаў, змову на здзяйсненне злачынстваў», складанне плана дзеянняў, пошук і прыстасаванне прылад і сродкаў для здзяйснення злачынстваў. Гэта падпадае пад артыкул 361−1 КК РБ (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).
Дзмітрыю Барайчуку інкрымінавалі ч. 3. гэтага артыкула — удзел у такім фарміраванні. Нібыта расследаванне выявіла, што ён «здзейсніў наўмысныя дзеянні, непасрэдна скіраваныя на ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання «Мабілізацыйны план «Перамога»» з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці».
«Яны дасягаюць мэтаў сваёй так званай прафілактыкі — людзі не будуць рабіць чагосьці такога, рызыкуючы апынуцца там зноў»
Праўда, адразу ж пасля допыту мужчыну перазатрымалі яшчэ раз — ужо па новай крымінальнай справе. Гэтым разам — за каментар у тэлеграм-канале. Справу вяла ўжо іншая следчая. Дзмітрый сцвярджае, што тут яго паказанні зноў атрымалі праз пагрозы.
— Нібыта нейкі чалавек напісаў нейкі каментар супраць нейкага міліцыянта. Нібыта гэта я. Яны паказалі аватарку — той чалавек трохі нагадваў мяне, але гэта быў не я, — кажа суразмоўца. — Мая асноўная мэта была — хутчэй пакінуць гэтыя «гасцінныя сцены». Я ацаніў рызыку, падумаў, што тут усе тэрміны даўнасці мусілі ўжо прайсці, і падпісаў прызнанне ў гэтым учынку. Следчая не ведала, што са мной рабіць, але на наступны дзень сама прыехала да мяне на Акрэсціна, уручыла другую падпіску пра нявыезд і пастанову пра вызваленне. Праз два дні, раніцай 18 студзеня, я апынуўся на волі. Выйшаў падазраваным па дзвюх крымінальных справах, з забаронай пакідаць краіну і поўным неразуменнем, што рабіць далей.
Дзмітрый успамінае, што больш чым тры тыдні ў тых умовах на Акрэсціна і здзекі аказаліся для яго моцным эмацыйным шокам. Пасля на волі ён пачаў заўважаць у сябе прыкметы ПТСР. Тыдзень мужчына пражыў у ізаляцыі ад сям'і і свету.
— Я памятаю адчуванне цягам першых трох тыдняў пасля вызвалення — хацелася зрабіць што заўгодна, каб не апынуцца там зноў. Каб не дацца ім у рукі і мяне не знайшлі. Хоць пад зямлю праваліцца … — апісвае ён свой стан. — Быў перыяд, калі ў мяне была патрэба залезці ў нейкую «пячору», дзе нікога б не было, у цемры і з зачыненымі дзвярыма. Жонка завозіла мяне ў дом у вёсцы, замыкала на маю просьбу там і спецыяльна накідвала ланцуг на замок. Я меў усё неабходнае для харчавання і некалькі дзён так жыў. Мне трэба было проста адысці ад гэтага ўсяго. Я навучыўся жыць з выключаным святлом, каб звонку не было відаць, што ўнутры хтосьці ёсць. Звяртаў увагу на тое, што адбываецца вакол: хто і чаму сядзіць у аўтамабілі без відавочнай прычыны. Рабіў усё, каб маё месцазнаходжанне немагчыма было выявіць і электронным чынам. Гэта страх? Я, здавалася б, не з баязлівых. Гэта проста гарачае жаданне не адчуваць такога досведу зноў. У гэты момант разумееш, што так яны дасягаюць мэтаў сваёй так званай прафілактыкі — людзі не будуць рабіць чагосьці такога, рызыкуючы апынуцца там зноў.
«Калі я ехаў да доктара, думаў, што гэта ныркі, — у карцары прасцей за ўсё было «пакінуць» менавіта іх»
Пасля гэтага сям’я яшчэ больш за паўгода заставалася ў Беларусі — у мужчыны пачаліся праблемы са здароўем. Дзмітрый расказвае, што акрамя ПТСР «вынес з сабой незразумелае ўтварэнне ў поласці жывата». У бальніцы ў яго знайшлі пухліну ў забрушыннай прасторы.
— Наогул, калі я паехаў да доктара, думаў, што гэта ныркі, бо ў карцары прасцей за ўсё было «пакінуць» менавіта іх. Нам у ІЧУ выдавалі гумовыя тапкі, і мы вучыліся, як на іх класціся. Я адзін клаў пад галаву ў якасці падушкі, а другі — пад спіну, каб не вымерзлі ныркі. Так спаў. Таму быў упэўнены, што, нягледзячы на свае намаганні, іх і застудзіў: балела ззаду спіны. А потым выявілася, што гэта нейкае ўтварэнне, — успамінае ён. — Я лічу, што на абвастрэнне стану паўплываў высокі ўзровень стрэсу. Спачатку трывога ў чаканні, што да мяне прыйдуць, потым — усё, што адбывалася ў ІЧУ і ЦІП. Ну і збіццё. Ніколі не ведаеш, як гэта ўскрыецца пазней.
У канцы жніўня 2023-га Дзмітрыю рэкамендавалі як мага хутчэй выдаляць пухліну, але ў сям'і заканчваліся візы, таму вырашылі адразу ехаць у Польшчу. Пасля пераезду падаліся на міжнародную абарону і цяпер чакаюць рашэння ад польскіх уладаў. Ужо ў гэтай краіне мужчыну прааперавалі — выдалілі пухліну з часткай кішачніка. Цяпер ён чакае вынікаў гісталагічнага даследавання і спадзяецца, што ўтварэнне было дабраякасным.
— Арганізм больш-менш аднаўляецца, хоць, вядома, пасля аперацыі я адчуваў сябе як маленькае дзіця, якому трэба вучыцца перасоўвацца, есці, хадзіць у прыбіральню, бо ўсе функцыі былі «прыпыненыя», — кажа суразмоўца. — Ну і нам пашанцавала: паводле польскіх законаў грамадзяне, якія чакаюць рашэння па абароне, лічацца застрахаванымі з медыцынскага пункту гледжання. Таму большую частку выдаткаў па маім лячэнні ўзяла на сябе мясцовая фірма. Я аплаціў толькі некаторыя абследаванні, каб не зацягваць сітуацыю, бо пухліна пастаянна расла.
Цяпер сям’я асвойваецца ў новай краіне. Малодшыя дзеці, якія пераехалі разам з Дзмітрыем, ужо вучацца ў мясцовых школе і тэхнікуме. Хоць, як прызнаецца мужчына, уладкаваць іх туды без ведання польскай было цяжка. Яго жонка пачала працаваць, але пакуль яшчэ не ведае, ці возьме яе працадаўца ў штат. Сам жа Барайчук шукае варыянты, як адкрыць сваю справу.
— Усё, што ў нас было, мы ўзялі з сабой. Пагрузілі ў старэнькі мікрааўтобус усё адзенне, рэчы, якія маглі б тут спатрэбіцца, каб не марнаваць грошы. Гэта нам моцна дапамагло, — разважае мужчына. — Першы час у Польшчы мы па звычцы ціхенька падыходзілі да вочка і адкрывалі яго так, каб за дзвярыма гэтага не заўважылі. Але хутка прывыклі і ўжо адчуваем сябе даволі спакойна. Адзінае, напэўна, што мне нагадвае пра перажытае, — моцны трэмар у левай у руцэ. Ён з’явіўся пасля Акрэсціна. Часам немагчыма нешта ўзяць — настолькі яна «гуляе». А яшчэ пасля камер у мяне моцна пагоршыўся зрок (можа, каб не бачыць гэта ўсё?), я вымушаны быў надзець акуляры. Ну і мы, вядома, пакуль пастаянна задаём сабе пытанні: як ты не можаш прыехаць у сваю краіну? А на магілы сваякоў? Ну як жа так?! Ты ж усё роўна за мяжой чужы!
Расказваючы сваю гісторыю і ўспамінаючы, што адбылося з ім у Беларусі, мужчына здзіўляецца і іншаму — званням некаторых сілавікоў, якія з ім працавалі ў кабінетах і падчас ператрусаў.
— Калі аналізаваў свае паперы, заўважыў, што адзін з «красаўцаў», што ў мяне праводзілі апошні ператрус, быў падпалкоўнікам, пры гэтым складаў пратакол. Шараговы аператыўнік! — здзіўляецца суразмоўца. — Ведаеце, якое званне ў аднаго з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, які мяне апрацоўваў і наносіў удары, потым завозіў у РАУС? Таксама падпалкоўнік. І следчая, якая мяне адпусціла, ведаеце ў якім званні была? Падпалкоўнік юстыцыі! Вельмі высокае званне. Гэта ўзровень вялікага кіраўніка. Падпалкоўнікам можа быць, напрыклад, начальнік РУУС з парай сотняў людзей падначаленымі. Але ніяк не аператыўны супрацоўнік. Уявіце, якія ў іх заробкі, пенсіі! І гэтыя «падпалкоўнікі» займаюцца тым, што фабрыкуюць справы, якія пры гэтым развальваюцца на вачах. Таму мая пазіцыя такая: пра ўсё трэба расказваць. Людзі павінныя ведаць рэальны стан рэчаў. Бо да цяперашняй сітуацыі мы прывялі сваім маўчаннем і пасіўнасцю. Гэта нашая віна — усіх грамадзян. Мы не павінныя былі маўчаць яшчэ з 2000-га, пасля 2010-га. Мы ўсе баяліся, як бы не стала горш. І вось да чаго ўсё прыйшло.
Чытайце таксама


