Аранжавы ўзровень небяспекі праз снегапады і моцны вецер абвешчаны на панядзелак, 27 лістапада, у Беларусі. Тым, хто дабіраецца на працу асабістым або грамадскім транспартам, мабыць, варта выйсці з дому крыху раней — на дарогах чакаюцца снежныя заносы.
У Белгідрамеце паведамілі, што 27 лістапада, у панядзелак, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне паўночна-заходняга ветру парывамі да 15−20 м/с, на ўсходзе рэспублікі — моцны снег, завея.
На дарогах — галалёдзіца, снежныя заносы. Уначы ад -4°C да -9°C, пры праясненнях на поўначы -12°C. Удзень прагназуецца ад -1°C да -5°C.
Паводле прагнозаў сіноптыкаў, гэты тыдзень будзе даволі снежным. Папярэдне, да яго канца вышыня снежнага покрыва складзе ад чатырох сантыметраў у Брэсце да трыццаці ў Віцебску. Сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на тры-пяць градусаў ніжэйшая за норму.