Жанчыны, бывае, жартуюць, што мужчыны занадта хутка дасягаюць аргазму ў ложку, а тыя ў сваю чаргу перажываюць, што з імі сапраўды можа быць нешта не так. Але колькі хвілін палавога акту лічацца нормай? Ці ёсць яна наогул? Ці варта ганарыцца, калі вы сутыкнуліся з адваротнай сітуацыяй і можаце займацца сэксам дзве гадзіны нон-стоп? «Люстэрка» вырашыла разабрацца ў гэтых пытаннях.
На што арыентавацца, калі верыць спецыялістам
У навуковай супольнасці, вядома, задаліся пытаннем, якая працягласць сэксу аптымальная, значна раней за нас. Згодна з праведзенымі ў канцы 2000-х апытаннямі, нормай можна лічыць палавы акт, які займае ад 3 да 13 хвілін.
Як атрымалі гэтую лічбу? Выпадкова выбраных сэксолагаў ЗША і Канады, сябраў прафесійных асацыяцый, папрасілі пазначыць у хвілінах, якую працягласць сэксу яны б назвалі «адэкватнай», «пажаданай», «занадта кароткай» і «занадта доўгай». У выніку спецыялісты сышліся на тым, што «адэкватная» працягласць палавога акту — ад 3 да 7 хвілін, а «пажаданая» — ад 7 да 13.
Больш працяглыя фрыкцыі сэксолагі прызналі ўжо «занадта доўгімі», а вось па-сапраўднаму кароткім сэксам назвалі толькі той, які займае менш за дзве хвіліны.
— Тут адразу разаб’ю міфы, якія выраслі з порна: нібыта сэкс мусіць доўжыцца гадзінамі. Нармальны здаровы палавы акт доўжыцца, паводле звестак розных навукоўцаў, ад 1,5 да пяці хвілін, — расказваў Onliner сэксолаг Максім Падаляк. — Тры з паловай хвіліны — сярэдняе значэнне. <…> Больш за 100 фрыкцый [да дасягнення аргазму] - гэта ўжо нармальна.
Усяго некалькі хвілін? Хіба жанчынам не трэба больш?
Людзі, гаворачы пра сэкс, могуць мець на ўвазе крыху розныя рэчы.
У статыстыку вышэй уключаны час, які ў ідэале мусяць займаць менавіта фрыкцыі — то-бок пранікненне пеніса ў вагіну і яго далейшыя рухі з мэтай дасягнення аргазму. Але сэкс не абмяжоўваецца толькі гэтай механікай і можа ўключаць у сябе многае іншае. У прыватнасці, інтымныя ласкі або іншыя варыянты прэлюдыі, якія нярэдка значна даўжэйшыя. Таксама не варта забываць пра існаванне розных відаў сэксу — напрыклад, аральнага. Пра яго ў статыстыцы вышэй таксама гаворкі не ідзе.
Насамрэч, калі кажуць, што жанчынам «падабаецца бавіць час у ложку», хутчэй за ўсё, маюць на ўвазе не фрыкцыі, а менавіта прэлюдыю. Лічыцца, што фізіялагічна партнёркам трэба больш часу для ўзбуджэння — то-бок для таго, што адбываецца да тых самых 3−13 хвілін фрыкцый.
— Для «ўключэння» часта патрэбныя некаторыя ўмовы, асабліва жанчынам. Гэта можа быць пэўная атмасфера, пах, паводзіны партнёра, фантазіі, пачуццё бяспекі і іншае, — тлумачыла «Люстэрку» сэксолаг Аксана Ізгарава. — Трэба памятаць, што сэксуальная блізкасць — гэта не проста механічны акт. Акцэнтуйце сваю ўвагу на пачуццёвасці працэсу, а не толькі на дасягненні аргазму.
Даследчыкі сапраўды падкрэсліваюць, што ўяўленні людзей пра працягласць сэксу разыходзяцца з тым, колькі рэальна складае нармальны перыяд дасягнення мужчынам эякуляцыі з дапамогай фрыкцый. І называюць гэта сур’ёзнай праблемай, бо праз гэта ў многіх з’яўляецца дыскамфорт ад працягласці палавога акту і, адпаведна, магчымае падзенне самаацэнкі.
А калі мужчына не можа атрымаць аргазм за 13 хвілін і яму трэба больш часу, з ім нешта не так?
Магчыма, ён проста старэе. З узростам узбудзіцца і падтрымліваць эрэкцыю робіцца складаней — і гэта нармальна. Калі адбываецца менавіта гэта, праверыцца, аднак, не перашкодзіць. Так — у выглядзе эрэктыльнай дысфункцыі — могуць праяўляцца збоі ў сардэчна-сасудзістай ці нервовай сістэме, нярэдка — цукровы дыябет, атэрасклероз. Акрамя небяспекі для фізічнага здароўя гэта можа прывесці і да псіхалагічных праблем.
Калі ж з эрэкцыяй усё ў парадку і мужчыну проста патрабуецца 30 і больш хвілін бесперапынных фрыкцый, каб дасягнуць аргазму, ці дасягнуць яго ўсё роўна не атрымліваецца, таксама варта занепакоіцца. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра затрыманую эякуляцыю. Часам яна здараецца толькі ў пэўных сітуацыях — тады гэты стан небяспечны выключна з пункту гледжання псіхалагічнага здароўя, бо немагчымасць дасягнуць аргазму значна ўплывае на сэксуальнае жыццё.
Калі такое адбываецца пастаянна, гэта таксама можа быць сігналам пра тое, што ў мужчыны дыябет ці праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай. Але часцей праблема ў псіхіцы: праблемы з эякуляцыяй могуць быць у тых, хто зазнаў траўматычны досвед, звязаны з сэксам. Напрыклад, такое бывае ў мужчын, выхаваных у строгіх рэлігійных сем’ях, дзе сэкс лічыўся чымсьці брудным і непрымальным.
Што рабіць, калі ўсё наадварот і мужчына эякулюе занадта хутка?
Добрыя навіны ў тым, што медыкі ўпэўненыя: большасць такіх выпадкаў усё ж не звязаная з захворваннямі. Хутчэй за ўсё, праблема ў сэксуальнай неспрактыкаванасці, хваляванні і іншых псіхалагічных фактарах, якія можна выпраўляць разам з псіхатэрапеўтам (часам — з дапамогай антыдэпрэсантаў).
А вось спрабаваць працягваць фрыкцыі пасля аргазму, каб «падмануць» партнёрку цм зрабіць ёй прыемна, не варта. Гэта ўсё роўна наўрад ці прынясе задавальненне: паводле версіі навукоўцаў, пенісы анатамічна ўладкаваныя такім чынам, што не прыстасаваныя да палавога акту пасля эякуляцыі, каб не выпхнуць сваю ж сперму з вагіны — гэта супярэчыць эвалюцыйнаму імкненню да размнажэння.
Так што калі мужчына ўжо эякуляваў, але партнёрцы «не хапіла» працягласці фрыкцый, іх можна замяніць на іншыя віды інтымнай блізкасці — напрыклад, той жа аральны сэкс або выкарыстоўваць цацкі. Ці нават паспрабаваць сумесную мастурбацыю: нядаўна навукоўцы высветлілі, што людзі, якія так робяць, схільныя мець вышэйшы ўзровень сэксуальнага задавальнення ў сваіх адносінах. Іншыя знаходкі даследчыкаў: напрыклад, тое, што практычна палове жанчын патрэбная толькі адна пэўная тэхніка для дасягнення аргазму, — таксама сведчаць, што фрыкцыі для партнёрак — наўрад ці найважнейшая частка сэксу.
Зыходзячы з усяго гэтага, можна зрабіць выснову: калі жанчыны смяюцца з мужчын, якія нібыта «занадта хуткія», насамрэч гаворка пра тое, што такія партнёры думаюць толькі пра сваё задавальненне, якое якраз і дасягаецца фрыкцыямі за 3−10 хвілін. Таму, на думку сэксолагаў, саромецца сказаць партнёру, што ў вашым уяўленні сэкс не абмяжоўваецца пранікненнем пеніса ў вагіну, або наўмысна хаваць гэта — правальная стратэгія.
— Частая гісторыя: жанчына адчувае, што палавы акт не паўнавартасны, яна не атрымлівае належнага задавальнення, але, баючыся параніць партнёра, замоўчвае гэта і, больш за тое, імітуе аргазмы, — прыводзіць прыклад Максім Падаляк. — У мяне пытанне: навошта? Па-першае, гэта глыбінны падман. Па-другое, незадаволенасць толькі назапашваецца. Урэшце такая пара, хутчэй за ўсё, распадзецца. Бо закаханасць пройдзе — і што застанецца? Сэксуальная незадаволенасць і бытавуха.
Чытайце таксама