Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. СМИ сообщили, что США готовы прекратить помощь Украине. Эксперты рассказали о последствиях — они очень печальные
  2. Названы победители антипремии «Золотая малина». Худшим признано супергеройское кино
  3. Минский школьник вел дневник во время Второй мировой. Он описал жизнь под оккупацией — вряд ли вы так ее себе представляли
  4. Что произошло после того, как из Белого дома перестали вести трансляцию. В чем признался советник Трампа
  5. Зеленский опубликовал большое заявление после встречи с Трампом: «Нам нужны гарантии безопасности, а не просто прекращение огня»
  6. Мама или бабушка увлекаются «сердечными каплями»? Корвалол таит в себе ряд опасностей и запрещен в США — перескажите близким этот текст
  7. Госсекретарь США заявил, что Зеленский должен извиниться за то, что «превратил переговоры в фиаско»
  8. Как выглядят обложки мировых газет после исторической перепалки Трампа и Зеленского (беларусские вас не удивят)
  9. Причиной недавнего отключения отопления в Мозыре стал беспилотник, залетевший в Беларусь во время российской атаки Украины, — «Флагшток»
  10. The Washington Post: Администрация Трампа рассматривает остановку военной помощи Украине
  11. «Мы сейчас переживаем огромное историческое унижение». Светлана Алексиевич встретилась с беларусами — рассказываем главное
Читать по-русски


Сілавікі затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск грамадзянку Украіны, якая прыляцела з Грузіі і стала жыве ў Беларусі, праверылі яе тэлефон і знайшлі на старонцы ў сацсетцы сэрцы-эмодзі ў бела-чырвоных і жоўта-сініх колерах. За «антыдзяржаўную пазіцыю» дзяўчыну выслалі з краіны з забаронай уезду на пяць гадоў. Пра гэта «Люстэрка» даведалася з апублікаваных судовых дакументаў.

Девушки идут с национальным белорусским и украинским флагами. Варшава, Польша, март 2022 года. Фото: Andrew Keymaster, Unsplash
Дзяўчаты ідуць з нацыянальным беларускім і ўкраінскім сцягамі. Варшава, Польшча, сакавік 2022 года. Фота: Andrew Keymaster, Unsplash

Марыя выйшла замуж за беларуса Антона (імёны змененыя) некалькі гадоў таму і пераехала ў Беларусь, атрымала сталы від на жыхарства. Пара была прапісаная ў Жлобіне, але жыла ў Мінску. Разам яны купілі ў растэрміноўку кватэру ў сталіцы, якую зарэгістравалі на Антона. Дзяўчына працавала выкладчыцай англійскай мовы па дамове падраду з прыватнай установай адукацыі. А яе муж быў старшым інжынерам-праграмістам у IT-кампаніі. Дзяцей у пары не было.

Прыкладна ў сярэдзіне 2022 года муж і жонка пераехалі ў Грузію: як гаворыцца ў матэрыялах суда, кампанія Антона выводзіла свой бізнес з Беларусі і рэлакавала супрацоўнікаў у офісы ў іншых краінах, і ён не хацеў страціць працу. Марыя працягвала выкладаць дыстанцыйна. Пара пражыла ў Грузіі амаль год. Але потым яны вырашылі ці то вярнуцца, ці то наведаць дом і летам 2023-га прыляцелі ў Мінск.

Па прылёце Марыю затрымалі разам з іншымі грамадзянамі Украіны, адвялі да памяшкання міліцыі і пакінулі чакаць. Час ішоў, на ўезд у краіну іх не прапускалі. Праз некалькі гадзін Марыя разнервавалася і ў нейкі момант расплакалася.

І тут супрацоўнікі міліцыі нарэшце звярнулі на яе ўвагу — і склалі пратакол па артыкуле 19.1 КаАП «Дробнае хуліганства». Паводле версіі сілавікоў, Марыя «наўмысна крычала, выказвалася нецэнзурнай лаянкай, паводзіла сябе неадэкватна, размахвала рукамі, чым парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзян, выказваючы відавочную непавагу да грамадства».

Але на гэтым міліцыянты не спыніліся. Яны таксама забралі ў дзяўчыны тэлефон на агляд, пачалі вывучаць яе старонкі ў сацсетках і знайшлі пост з выкарыстаннем сэрцаў белага, чырвонага і белага колераў, а таксама сэрцаў у колерах сцяга Украіны — жоўтых і сініх. Праз гэта на Марыю склалі другі пратакол — па ч.1 арт. 24.23 КаАП пра «несанкцыянаванае пікетаванне».

За «хуліганства» суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызначыў дзяўчыне адміністрацыйны арышт (віны яна не прызнала). Потым ёй паўторна далі «суткі» ўжо за «пікетаванне». Колькі дзён Марыі давялося прабыць у ізалятары, невядома.

«Абсалютна не цікавіцца палітыкай»

Тым часам матэрыялы на яе перадалі па месцы прапіскі — у РАУС Жлобінскага раёна. А там прынялі рашэнне, што такая замежніца Беларусі не патрэбная і «ў інтарэсах грамадскага парадку» яе варта выслаць з краіны з забаронай уезду на пяць гадоў.

Марыя абскардзіла рашэнне ва УУС Гомельскага аблвыканкама, але безвынікова. Тады яна звярнулася са скаргай у суд Жлобінскага раёна. Дзяўчына падкрэсліла, што міліцыя падчас вынясення рашэння не ўлічыла яе асобу і жыццёвыя абставіны. Так, з моманту атрымання пастаяннага віду на жыхарства ўсё яе жыццё звязанае з Беларуссю, яна стварыла тут сям’ю, знайшла працу, яны з мужам купілі кватэру. Калі яе вышлюць, мужу таксама давядзецца з’ехаць. Яны не змогуць плаціць растэрміноўку за кватэру і дапамагаць бацькам мужа (у яго бацькі інваліднасць). Да таго ж у іншых краінах у яе няма ні жылля, ні працы, а сваякі ёсць толькі ва Украіне.

Паседжанне адбылося 25 жніўня. На судзе Марыя раскаялася ва ўчыненых правапарушэннях і паабяцала «весці законапаслухмяны лад жыцця». Яна патлумачыла, што выкарыстала ў сваім пасце «сімвалы бел-чырвона-белай і сіне-жоўтай каляроўкі ў выглядзе сэрцаў» з прычыны таго, што любіць гэтыя колеры. Дзяўчына сказала, што да палітыкі ў цэлым абыякавая, пры гэтым спачувае сваім суграмадзянам-украінцам, якія пакутуюць ад ваенных дзеянняў.

З працы Марыі далі выключна станоўчую характарыстыку. Выступілі сведкі — сям’я мужа, знаёмыя, калегі, яны сказалі, што Марыя — добрая жонка, нявестка, калега, высокакваліфікаваная і адказная спецыялістка, добры і спагадны чалавек. Пры гэтым усе падкрэслілі, што дзяўчына абсалютна не цікавіцца палітыкай, і выказалі ўпэўненасць, што «забароненую сімволіку» ў сацсетцы яна размясціла з прычыны няведання.

Але ўсё гэта дзяўчыне не дапамагло.

Белорусы с бело-красно-белыми и украинскими флагами на акции “Марш єдності” в Киеве 12 февраля 2022 года. Фото: facebook.com/aleh.auchynnikau
Беларусы з бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сцягамі на акцыі «Марш єдності» ў Кіеве 12 лютага 2022 года. Фота: facebook.com/aleh.auchynnikau

«Антыдзяржаўная пазіцыя»

Прадстаўнікі міліцыі ў судзе заявілі, што падчас прыняцця рашэння пра высылку Марыі ўлічвалася «антыдзяржаўная пазіцыя» дзяўчыны. Аказваецца, за час пражывання ў Беларусі з ёй неаднаразова праводзіліся прафілактычныя гутаркі наконт выканання заканадаўства, правілаў знаходжання замежных грамадзян, наступстваў парушэнняў, таксама яе ўжо двойчы ў мінулыя гады папярэджвалі пра магчымасць высылкі.

Зыходзячы з гэтага, а таксама з факту рэлакацыі іх з мужам за мяжу з прычыны санкцый, суд прыйшоў да пункту гледжання, што Марыя не магла не мець інфармацыі пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і пра забарону на пэўную сімволіку, «у тым ліку з пэўным спалучэннем белага і чырвонага колераў».

«А значыць, выкарыстанне ў пасце сімвалаў са спалучэннем менавіта бел-чырвона-белага колеру, а не іншым, на думку суда, з’яўляецца не проста выкарыстаннем сімвалаў любімых колераў, а мае больш глыбокі сэнс, звязаны з ідэнтыфікацыяй дадзеных знакаў з Рэспублікай Беларусь, гэтак жа, як і выкарыстанне сімвалаў сіняга і жоўтага колераў звязанае з ідэнтыфікацыяй з Украінай, грамадзянкай якой яна з’яўляецца», — гаворыцца ў пастанове суда.

Суд адзначыў, што сам факт прыцягнення замежніка да адміністрацыйнай адказнасці, нават неаднаразова, яшчэ неабавязкова цягне высылку з краіны. Але Марыя здзейсніла правапарушэнні «супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці, а таксама супраць парадку кіравання», а гэта ўжо значна сур’ёзнейшая рэч.

«Згаданае ў сваёй сукупнасці сведчыць пра грэблівае стаўленне заяўніка да заканадаўства Рэспублікі Беларусь, да ўстаноўленых на яе тэрыторыі норм і правіл паводзін і пра яе антыдзяржаўную пазіцыю», — гаворыцца ў пастанове суда.

Не дапамаглі Марыі і яе аргументы пра мужа, працу, плацяжы за кватэру, дапамогу сям'і. Суд адзначыў, што выязджаць за мяжу ўслед за жонкай Антона ніхто не абавязвае, неабходнасць плаціць растэрміноўку за кватэру не мае значэння. Больш за тое, суддзя яшчэ і папракнуў Марыю: маўляў, чаму яна не ўспамінае пра неабходнасць дапамогі ўласным бацькам, якія жывуць ва Украіне, а апелюе толькі да дапамогі бацькам мужа, якія яшчэ працуюць на заводзе і ў іх у Жлобіне ёсць другі сын.

А што да станоўчых характарыстык дзяўчыны і іншых жыццёвых абставінаў, суддзя заявіў, што ў міліцыі іх ужо цалкам улічылі, калі прызначалі ёй тэрмін высылкі — бо далі забарону ўезду «ўсяго» на пяць гадоў з магчымых дзесяці.

У выніку суд прызнаў скаргу дзяўчыны неабгрунтаванай і адмовіў у яе задавальненні.

Марыя яшчэ спрабавала пазмагацца і абскардзіла рашэнне ў Гомельскім абласным судзе. Але той таксама прыйшоў да высновы, што дзяўчына мае «антыдзяржаўную пазіцыю» і грэбуе законамі Беларусі, а значыць, рашэнне пра высылку «абапіраецца на закон і прынятая ў мэтах абароны грамадскага парадку».

Згодна з рашэннем абласнога суда ад 17 кастрычніка, першапачатковае рашэнне пакінулі ў сіле. Перадухіліць высылку Марыі не ўдалося.

Чытайце таксама