Раніцай 26 верасня мінчукі не пабачылі на плошчы перад Камароўскім рынкам вядомыя скульптуры, якія шмат гадоў радавалі позірк. Пра тое, куды яны зніклі, агенцтву «Мінск-Навіны» расказаў галоўны інжынер рынку Валерый Федарцоў.
— У рамках работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі было праведзенае абследаванне мацаванняў скульптурных кампазіцый «Дама з сабачкам», «Конь і верабей», «Фатограф», — растлумачыў спецыяліст. — Па выніках заключэння было вырашана дэмантаваць скульптуры «Дама з сабачкам» і «Конь і верабей» для наступнага рамонту.
Паводле яго словаў, пад уплывам умоваў надвор’я і часу помнікі зазнаюць уздзеянне разбуральных фактараў, таму іх своечасовая рэстаўрацыя — неабходная мера. Пасля рэстаўрацыі бронзавыя фігуры вернуць на ранейшыя месцы. Абноўленыя сімвалы Камароўкі гараджане змогуць убачыць зноў у сярэдзіне кастрычніка.