Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Почему в Литве призвали запретить «Пагоню»? Мнение
  2. Россия требует от Украины сдать несколько крупных городов, которые у нее нет шансов захватить, а вместе с ними и более миллиона жителей
  3. Вы наверняка слышали о пенсионной ловушке и, возможно, думали, как работающий человек может в нее попасть. Вот наглядный пример — был суд
  4. Редкоземельная путаница: объясняем, почему Трамп требует от Украины то, чего у нее нет, и что у нее есть на самом деле
  5. «Один из самых понятных, очевидных и уже использованных сценариев». Аналитик — о поведении Трампа в отношении Украины, Путина и Беларуси
  6. Беларусов выгоняли из Польши, а поток в обратную сторону было не сдержать. Вспоминаем послевоенный обмен народами — о нем знают не все
  7. Беларусам, которые получили греческий шенген, звонят из посольства. Вот что спрашивают, и почему лучше ответить
  8. «Стены дрожали». В Минске прозвучал грохот, похожий на звуки от двух взрывов, — вот что известно
  9. Власти по-прежнему пытаются «отжимать» недвижимость у уехавших за границу из-за политики. На торги снова выставляли такое жилье
  10. С 1 июля заработает очередное пенсионное изменение. Рассказываем, что важно об этом знать
  11. Беларуска купила Audi, а прокуратура заподозрила, что воспитывающая ребенка учительница не могла себе этого позволить. Что решил суд
  12. В Беларуси вернулись авиатуры в популярную у туристов страну ЕС. Есть вариант с вылетом из Минска
  13. Чиновники предупредили население, чтобы готовились к очередным пенсионным изменениям
  14. Генпрокурор Швед нашел десятки «аномальных» районов страны и пообещал их «серьезно» проверить
Читать по-русски


Трэба нараджаць, дзеці — галоўная справа жанчыны, чайлдфры — зло. За ліпень беларусы мелі магчымасць шматкроць пачуць гэтыя тэзісы ў выкананні Наталлі Качанавай, прадстаўнікоў Генпракуратуры і некаторых іншых чыноўнікаў. Аказваецца, усё гэта было толькі выкананнем цэнтральнай «лініі партыі». Менавіта тэме дэмаграфічнай бяспекі былі прысвечаныя метадычныя рэкамендацыі для ідэолагаў у ліпені — расказваем, як ім загадалі пераконваць жыхароў больш нараджаць і не з’язджаць з краіны.

Девочка в костюме с национальным орнаментом. Фото: TUT.BY
Дзяўчынка ў касцюме з нацыянальным арнаментам. Фота: TUT.BY

Метадычка называецца «Демографическая безопасность — основа процветания общества, главное условие развития государства». Яе складалі на аснове матэрыялаў МУС, Мінздароўя, Мінадукацыі і іншых ведамстваў, Акадэміі навук, Беларускага саюза жанчын і іншых органаў.

Ананімныя аўтары наракаюць, што ў Еўропе і на постсавецкай прасторы прырост насельніцтва стаў мінімальным або адмоўным. Паводле прагнозаў дэмографаў, да 2050 года ў 45 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі, насельніцтва скароціцца як мінімум на 10%. Звязана гэта, на думку неназваных навукоўцаў, з каштоўнаснымі арыенцірамі грамадстваў.

«Імкненне жыць у сваё задавальненне, нежаданне ахвяраваць сваім камфортам, прыярытэт прыватных інтарэсаў над грамадскімі складаюць першую групу прычын зніжэння нараджальнасці, асабліва ў развітых краінах свету», — сцвярджаюць аўтары метадычкі.

Пры гэтым, адзначаюць яны, у Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амерыцы насельніцтва імкліва расце — мабыць, з прычыны перавагі грамадскіх інтарэсаў над асабістымі. Дасягненні сучаснасці ў плане змены ролі жанчын — іх занятасці ў эканоміцы, імкнення да паспяховай кар’еры, жадання атрымаць некалькі адукацый — вядуць да позняга нараджэння дзяцей або адмовы ад гэтага, гаворыцца ў тэксце.

Пытанні на кантролі

Пасярод свету, які старэе і заграз у эгаізме, Беларусь — як заўсёды, астравок стабільнасці і як ніхто клапоціцца пра нараджальнасць і дабрабыт сем’яў, жанчын з дзецьмі, запэўніваюць аўтары метадычкі.

Якія доказы? Напрыклад, тое, што дэмаграфічная бяспека — важны элемент у новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі.

«Дэмаграфічная бяспека — стан абароненасці асобы, грамадства і дзяржавы ад уздзеяння дэмаграфічных пагрозаў, які забяспечвае стабілізацыю колькасці насельніцтва, развіццё чалавечага патэнцыялу краіны, захаванне сямейных і сувязяў і сувязяў паміж пакаленнямі», — тлумачаць у тэксце.

А яшчэ тое, што дэмаграфічная сітуацыя знаходзіцца на пастаянным кантролі Аляксандра Лукашэнкі, ён асабіста займаецца пытаннямі стабілізацыі колькасці насельніцтва, падтрымкі сем’яў, гаворыцца ў метадычцы. На адной старонцы тэксту выказванні палітыка на гэтую тэму працытавалі чатыры разы.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Такім чынам, да чаго, паводле прапагандысцкіх матэрыялаў, імкнецца беларуская дзяржава:

  • стабілізацыя колькасці насельніцтва і стварэнне перадумоваў для яго ўстойлівага росту на аснове паслядоўнага павелічэння нараджальнасці і працягласці жыцця, зніжэння смяротнасці;
  • павышэнне агульнага ўзроўню здароўя народа, ахова здароўя маці і дзіцяці;
  • умацаванне інстытуту сям'і, развіццё сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі і паляпшэнне ўмоваў іх жыццядзейнасці;
  • аптымізацыя знешніх міграцыйных патокаў, забяспечанне станоўчага сальда міграцыі.

Чаму не нараджаюць?

Што, на думку ўладаў, пагражае стабільнаму прыросту насельніцтва ў Беларусі? У першую чаргу гэта ўнутраныя фактары:

  • нераўнамерная полаўзроставая структура насельніцтва;
  • «зніжэнне рэпрадуктыўных установак насельніцтва, іх няпоўная рэалізацыя»;
  • «негатыўныя трансфармацыі інстытуту сям'і» (зніжэнне ўзроўню шлюбнасці, павелічэнне ўзросту ўступлення ў першы шлюб, рост колькасці няпоўных сем’яў, аўдавенне і іншае);
  • зніжэнне агульнага ўзроўню здароўя насельніцтва, яго асобных полаўзроставых групаў;
  • і нават «кепская эпідэміялагічная сітуацыя» (хоць, здавалася б, нават каранавіруса ў Беларусі, паводле версіі ўладаў, амаль не было).

У іншых краінах, адзначаюць аўтары метадычкі, ёсць іншая пагроза — «навамодная субкультура чайлдфры», але ў Беларусі ў яе няма шанцаў, бо Лукашэнка заявіў, што «любая папулярызацыя ідэй бяздзетнай сямейнай пары ў нашай інфармацыйнай і культурнай прасторы павінная спыняцца, такая ідэалогія павінная быць па-за законам».

Акрамя таго, гаворыцца ў тэксце, у нашай краіне неактуальная праблема выбару для жанчын паміж сям’ёй і кар’ерай, бо Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі «створаныя ўсе ўмовы, каб жанчына магла рэалізаваць сябе як мама і як прафесіянал».

Аднак акрамя ўнутраных пагрозаў нацыянальнай дэмаграфічнай бяспецы ёсць і вонкавыя. А менавіта — дзеянні некаторых замежных дзяржаваў. На думку ідэолагаў уладаў, яны праводзяць палітыку, скіраваную на стымуляванне эміграцыі насельніцтва з Беларусі і пераезд беларусаў у іх краіны. Тое, што беларусы з’язджаюць з краіны праз рэпрэсіі, а таксама праз вайну ва Украіне, у метадычцы не згадваецца.

Забяспечанне паляпшэння ўмоваў і ўмацаванне маральных асноваў

Што робіць дзяржава для дэмаграфічнай бяспекі? На думку аўтараў метадычкі, найважнейшай мерай для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі стала… унясенне ў новую Канстытуцыю паняцця шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Пералічаныя і больш практычныя меры падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Вось чым ганарыцца Беларусь:

  • бясплатнае медыцынскае суправаджэнне жанчыны падчас цяжарнасці і родаў;
  • адпачынак па цяжарнасці і родах з захаваннем 100% заробку;
  • дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці (цяпер 3,5 тыс. рублёў на першае і 4,9 тыс. на наступных дзяцей);
  • штомесячная дапамога на дзяцей да 3 гадоў — на думку ўладаў, плюсам ёсць тое, што ўсім плацяць аднолькавую суму, нават тым, хто не працуе, а не ў залежнасці ад заробку, як у іншых краінах — дзе тыя, хто не працуе, могуць атрымліваць толькі мінімальныя грошы;
  • ёсць дапамога на дзяцей з інваліднасцю, старэйшых за 3 гады (праўда, яна складае менш за 250 рублёў);
  • ёсць сямейны капітал у памеры 10 тыс. даляраў, які вылучаецца пры нараджэнні трэцяга або наступнага дзіцяці, праўда, патраціць гэтыя грошы можна толькі пасля 18-годдзя дзяцей (ёсць выключэнні для куплі жылля);
  • ільготныя крэдыты на жыллё для шматдзетных сем’яў;
  • вылучэнне бясплатнага харчавання на дзяцей да 2 гадоў у шматдзетных ці маламаёмных сем’ях;
  • сем’ям, дзе ёсць двайняты, трайняты, дзеці ці абое бацькоў з інваліднасцю, дзяржава бясплатна дае няньку на абмежаваны час;
  • захаванне працоўнага месца за бацькамі на час дэкрэтнага адпачынку;
  • цяжарных, бацькоў-адзіночак з дзецьмі да 3 гадоў нельга звальняць;
  • для бацькоў з двума і больш дзецьмі ёсць дадатковыя выходныя, або замест гэтага шматдзетныя бацькі маюць права скараціць свой працоўны дзень на адну гадзіну;
  • бáцькі могуць пасля нараджэння дзіцяці ўзяць дадатковы адпачынак на два тыдні, і гэтак далей.

«Праца мацярынства высока цэніцца на дзяржаўным узроўні. Жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, узнагароджваюцца высокай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Маці. Мэтаскіраваная палітыка падтрымкі сем’яў з дзецьмі з фокусам на шматдзетныя сем'і дае адчувальныя вынікі», — запэўніваюць аўтары метадычкі.

Шматдзетных сем’яў у Беларусі на 1 чэрвеня 2023 года было 122 тысячы, з іх 80% — з трыма дзецьмі. Ордэн Маці з пачатку года атрымалі больш за 200 жанчын.

Фото: pixabay.com
Фота: pixabay.com

Пры гэтым 19 тыс. дзяцей у 9 тыс. сем’яў прызнаныя дзецьмі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Як запэўніваюць улады, іх мэта тут — «захаваць дзіця ў роднай сям'і» і аказаць дапамогу.

«Прадстаўленне льгот і гарантый сем’ям з дзецьмі, безумоўна, вельмі важнае. Але без трывалага духоўна-маральнага падмурку сям’я не можа быць устойлівай», — сцвярджаецца ў метадычцы.

Што ж аўтары тэксту называюць такім падмуркам? Аказваецца, святкаванне Дня маці і Дня сям'і, увядзенне Дня бацькі, увядзенне ў школах факультатыву «Асновы сямейнага жыцця» для 9−10 класаў, правядзенне конкурсу «Сям'я года», фестывалю «Сем'і за мір і стварэнне», конкурсу сярод СМІ «Моцная сям’я — моцная дзяржава» і гэтак далей.

Выдатныя рэйтынгі

Дзякуючы намаганням па ўмацаванні дэмаграфічнай бяспекі, падтрымцы сем’яў, развіццю аховы здароўя Беларусь займае высокія пазіцыі ў адпаведных сусветных рэйтынгах. Напрыклад:

  • рэйтынг найлепшых сістэм аховы здароўя амерыканскага часопіса CEOWorld Magazine — 57-е месца з 89;
  • рэйтынг найлепшых краін для нараджэння дзіцяці (ад таго ж выдання) — 40-е месца са 180;
  • узровень дзіцячай смяротнасці — 10-е месца ў свеце нароўні з Нарвегіяй (2,7 памерлага на 1 тыс. народжаных жывымі);
  • перынатальная смяротнасць (ад 23 тыдняў плода да 7 дзён жыцця) — 15-е месца ў свеце;
  • неанатальная смяротнасць (да 28 дзён пасля нараджэння) — 5-е месца ў свеце;
  • рэйтынг шчаслівага дзяцінства — 35-е месца ў свеце.

Праўда, аўтараў метадычкі не збянтэжыла, што ўсё гэта рэйтынгі 2019−2021 гадоў, складзеныя на аснове звестак, не пазнейшых за 2020 год.

Мігранты дапамогуць

Ва ўмовах скарачэння насельніцтва ўлады Беларусі ўскладаюць усё больш надзей на мігрантаў. Бо гэта яшчэ і дазваляе атрымаць працоўныя рэсурсы без выдаткаў на іх адукацыю.

«У краіне не хапае работнікаў па некаторых спецыяльнасцях, дзе патрабуюцца не высокакваліфікаваныя, а рабочыя кадры з пэўнымі навыкамі (сельская гаспадарка, будаўніцтва, сфера абслугоўвання). Мігранты змогуць заняць пасады, якія карыстаюцца малым попытам у жыхароў Беларусі. Тым самым гэта будзе выгадна для нашай краіны як з эканамічнага, так і з дэмаграфічнага пункту гледжання», — адзначаюць аўтары метадычкі.

Паводле звестак МУС, у 2022 годзе ў Беларусі працавала больш за 11 тыс. мігрантаў, у асноўным з Расіі, Кітая, Украіны і Туркменістана. На пачатак 2023 года на ўліку ў МУС стаялі 215 тыс. замежнікаў, з іх 169 тыс. — з пастаянным відам на жыхарства, 45 тыс. — з часовым, 19 тыс. прыехалі вучыцца і 8,5 тыс. — працаваць.

Каб прыцягнуць замежных работнікаў, улады спрабуюць стварыць для іх прэферэнцыі, для некаторых катэгорый, напрыклад, для замежнікаў, якія скончылі беларускія ВНУ, скасаваная неабходнасць атрымліваць дазвол на працу.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Пры гэтым аўтары метадычкі нічога не пішуць пра маштабы міграцыі з Беларусі ў іншыя краіны, хоць толькі з 2020 года за мяжу з розных прычын, у тым ліку праз палітычны пераслед, выехалі сотні тысяч беларусаў. Больш за тое — ідэолагі мяркуюць, што ім удасца частку з іх вярнуць:

«Адзін са спосабаў павелічэння міграцыйнага прыросту краіны — цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з беларускай дыяспарай. Бо ў яе ўваходзяць і эмігранты-студэнты, і высокакваліфікаваныя спецыялісты — патэнцыйнае вяртанне беларусаў уяўляецца значным чалавечым і працоўным рэсурсам для дэмаграфічнага развіцця краіны», — гаворыцца ў тэксце.

Куды ж знікае насельніцтва?

Як бы дзяржава ні намагалася стымуляваць нараджальнасць і падтрымліваць сем'і з дзецьмі, насельніцтва Беларусі ўсё гэтак жа імкліва працягвае старэць, зніжацца, не хоча нараджаць дзяцей. У сваёй метадычцы ідэолагі нават прыводзяць рэальныя звесткі:

  • за апошнія 10 гадоў колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту знізілася на 14,5%;
  • людзей, старэйшых за 65 гадоў, ужо ў 2021 годзе было 15,8%, сярэдняя працягласць жыцця складала 74,5 года (69,3 для мужчын і 79,4 для жанчын);
  • у 2022-м колькасць народжаных была на 20% меншая, чым у 2019-м, каэфіцыент нараджальнасці на адну жанчыну дзетароднага ўзросту знізіўся з 1,73 да 1,38 дзіцяці.
  • зніжаецца колькасць шлюбаў і расце — разводаў (у 2016 годзе было 6,8 шлюба і 3,4 развода на 1 тыс. чалавек, а ў 2021-м — 6,4 і 3,7 адпаведна).

Адзначым, нядаўняе сацдаследаванне Акадэміі навук паказала, што даволі вялікая колькасць людзей хацела б завесці больш дзяцей (дваіх, траіх), калі б палепшыліся іх жыццёвыя ўмовы, але ва ўмовах цяперашніх яны на гэта не гатовыя, сярод асноўных страхаў — недахоп грошай і адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Акрамя таго, ёсць праблемы і са здароўем насельніцтва. Расце ўзровень гінекалагічных хваробаў і бясплоддзя — як жаночага, так і мужчынскага. На 100 тыс. жанчын 18−49 гадоў на бясплоддзе пакутуюць 750−780, сярод мужчын, старэйшых за 18 гадоў, — 100−120. Многія наважваюцца на экстракарпаральнае апладненне, але яго эфектыўнасць складае не больш за 41−43%.

Разам з тым улады збіраюцца прыняць меры для скарачэння абортаў. Іх колькасць за пяць гадоў знізілася на 30,3%, гаворыцца ў метадычцы, але ўзровень «усё яшчэ высокі» — 7,8 выпадка на 1 тыс. жанчын фертыльнага ўзросту.

«Гэта сведчыць пра неабходнасць працягваць комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на прафілактыку і зніжэнне абортаў, уключаючы правядзенне перадабортнага псіхалагічнага кансультавання», — лічаць ідэолагі.

Акрамя таго, сур’ёзна шкодзіць дэмаграфіі заўчасная смяротнасць ад вонкавых прычын — ДТЗ, парушэнне тэхнікі бяспекі, забойствы і гэтак далей. Ва ўзросце да 40 гадоў такіх смерцяў у пяць разоў больш, чым ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, і ў тры разы больш, чым ад анкалагічных. Смерці ад вонкавых прычын наносяць эканоміцы шкоду, супастаўную з датацыямі з рэспубліканскага бюджэту тром рэгіёнам на сацыяльна-эканамічнае развіццё.

У выніку, нягледзячы на ўсе пералічаныя намаганні дзяржавы і нават дасягненні ў некаторых сферах (такіх як дзіцячая смяротнасць), колькасць насельніцтва ў Беларусі імкліва скарачаецца і асабліва моцна знізілася за апошнія некалькі гадоў.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

На 1 студзеня 2023 года насельніцтва Беларусі склала 9 200 617 чалавек. Гэта на 54 907 менш, чым год таму. Паводле перапісу 2019 года, у Беларусі жыло 9 413 446 чалавек.

Такім чынам, усяго за чатыры гады Беларусь страціла 213 тыс. чалавек — гэта як цэлы Бабруйск, сёмы па велічыні горад краіны. Для параўнання, за папярэднія 20 гадоў насельніцтва скарацілася на 631 тыс. чалавек.

Паўплываць на такія страты мог каранавірус — але ж, паводле афіцыйных звестак Мінздароўя, ад яго памерла толькі 7118 чалавек. А яшчэ магла паўплываць міграцыя. Зрэшты, у цяперашніх звестках ніяк не ўлічаны тыя, хто з’ехаў за мяжу, але не выпісваўся са свайго жылля і не станавіўся на ўлік у консульскіх органах.

Аднак у сваёй метадычцы пра дэмаграфічную сітуацыю ў краіне ідэолагі ні разу не згадалі маштабаў змяншэння насельніцтва і нават не агучылі яго цяперашнюю колькасць. Мабыць, на гэтай нязручнай інфармацыі ўвагу вырашылі не завастраць.

Чытайце таксама