У праваабаронцаў з’явіліся звесткі, што на мяжы беларусаў прымушаюць нібыта добраахвотна адмовіцца ад карты паляка, інакш ім пагражаюць «суткі». Пра канкрэтныя выпадкі не паведамляецца, аднак «Вясна» сцвярджае, што іх ужо як мінімум дзясятак. Даведаліся ў Дзяржпамежкамітэце (ДПК), ці праўда ва ўладальніка карты могуць быць праблемы падчас перасячэння мяжы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, уладальнікаў карты паляка падчас праходжання беларускай мяжы адпраўляюць на «гутарку» з супрацоўнікамі КДБ. Пра наяўнасць у чалавека такой карты даведваюцца памежнікі, якія праверылі польскую візу ў пашпарце: калі на ёй стаіць адзнака «Мэта выдачы 24», значыць, яна была атрыманая на падставе гэтага дакумента.
Праваабаронцы паведамляюць пра выпадкі, калі супрацоўнікі спецслужбы прапануюць беларусам «добраахвотна» адмовіцца ад карты паляка — у гэтым выпадку патрабуецца проста на мяжы напісаць адпаведную заяву польскаму консулу. Тым, хто адмаўляецца гэта рабіць, нібыта пагражаюць «суткамі».
Канкрэтныя сітуацыі з такім патрабаваннем не апісваюцца, аднак, паводле звестак «Вясны», з імі давялося сутыкнуцца ўжо як мінімум дзясятку беларусаў.
Журналістка «Люстэрка» як звычайная грамадзянка патэлефанавала ў Дзяржпамежкамітэт з пытаннем, ці сапраўды ва ўладальніка карты паляка могуць узнікнуць такія праблемы падчас перасячэння беларускай мяжы.
У ведамстве запэўнілі, што цяжкасцяў быць не мусіць:
— Нам гэта (наяўнасць карты паляка. — Заўв. рэд.) нецікавае. Мы глядзім толькі пашпарт, а візу не правяраем, — паведамілі ў ДПК.
Там параілі, «калі няма праблем з законам, ехаць праз мяжу спакойна». Пра выпадкі, калі ў людзей патрабавалі здаць карту паляка, у ведамстве нічога не ведаюць.
Нагадаем, на межах сапраўды пачасціліся выбарачныя ўзмоцненыя праверкі — пра гэта расказваюць многія чытачы «Люстэрка», а праваабаронцы паведамляюць і пра затрыманні. Больш за ўсё праверак — на мяжы з Літвой і Польшчай (але кантроль узмоцнены і ў мінскім аэрапорце, і на мяжы з Расіяй).
Допытамі, праверкай рэчаў і тэлефонаў займаюцца сілавікі ў цывільным, аднак, паводле паведамленняў чытачоў «Люстэрка», у гэтым удзельнічаюць і памежнікі. У прыватнасці, яны глядзяць штампы ў пашпарце, вывучаюць візы і цікавяцца мэтай паездкі.
Глядзіце таксама