Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў даклад пра падзеі ў Савецкім РУУС Мінска ў першыя дні пратэстаў пасля выбараў 2020 года — з 9 да 13 жніўня. У 58-старонкавым дакуменце прыводзіцца падрабязная храналогія падзей, зафіксаваныя сведчанні пра жорсткае абыходжанне і катаванні, з якімі сутыкнуліся сотні людзей, што трапілі ў РУУС у гэтыя дні, апісаныя іх пашкоджанні і траўмы. Праваабаронцы змаглі высветліць імёны 22 сілавікоў, якія маюць дачыненне да жорсткага абыходжання з затрыманымі.
Даклад — вынік маштабнага грамадскага расследавання. Эксперты вывучылі 52 індывідуальныя інтэрв'ю з пацярпелымі (568 старонак сведчанняў), перададзеныя імі фота, медыцынскія і іншыя дакументы (яшчэ 137 старонак). Таксама была прааналізаваная інфармацыя з адкрытых крыніц, сацсетак і тэлеграм-каналаў, высвятленне асобаў падазраваных праводзілася з дапамогай «Кіберпартызан» праз базу дадзеных МУС.
Умовы ўтрымання былі настолькі жорсткімі, бесчалавечнымі, зверскімі, адзначаюць аўтары дакладу, што пацярпелыя наўпрост казалі: было адчуванне, быццам трапіў у фашысцкі канцлагер.
Мы расказваем падрабязнасці дакладу. У тэксце шмат цытат пацярпелых — папярэджваем, што чытанне можа быць занадта балючым.
Раней праваабаронцы публікавалі вынікі расследаванняў па ЦІП на Акрэсціна і Фрунзенскім РУУС.
Хто трапляў у Савецкае РУУС
Тады ў Мінску ішлі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Сілавікі масава затрымлівалі як іх удзельнікаў, так і выпадковых мінакоў. У людзей на вуліцах патрабавалі разблакаваць тэлефоны, правяралі асабістыя рэчы. На дарогах узброеныя сілавікі спынялі аўтамабілі для праверкі, падчас акцый пратэсту нярэдка грамілі іх дубінкамі.
Затрыманні часцей за ўсё суправаджаліся збіццём — як на вуліцах, так і ў аўтазаках, абразамі, пагрозамі гвалту. Сілавікі ўжывалі супраць пратэстоўцаў дубінкі, электрашокеры, пярцовыя балончыкі, пнеўматычную зброю з гумовымі кулямі, святлошумавыя гранаты.
У Савецкае РУУС у асноўным траплялі людзі, якіх забіралі ў цэнтры Мінска: у раёне ўніверсама «Рыга» на вуліцы Сурганава, рэстарана «Журавінка», на праспекце Незалежнасці, на вуліцах Няміга, Казлова і іншых. Будынак, размешчаны па адрасе завулак Якуба Коласа, 3, стаў адным з асноўных месцаў утрымання людзей да адпраўкі ў ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна і ізалятары ў іншых гарадах.
За 9−13 жніўня, паводле звестак праваабаронцаў, праз Савецкае РУУС прайшло 400−600 чалавек, сярод іх былі і замежнікі. Гэта было адно з самых жорсткіх месцаў зняволення.
9−10 жніўня
Першых затрыманых прывезлі ў РУУС увечары 9 жніўня, яны былі моцна збітыя. Бліжэй да ночы на дапамогу супрацоўнікам РУУС прыбыў АМАП, які абыходзіўся з людзьмі асабліва жорстка.
Падчас выгрузкі з аўтазакаў людзей праганялі праз калідор з сілавікоў, якія з усёй сілы збівалі іх дубінкамі па руках, нагах і ўсім целе. Потым іх ставілі ва ўнутраным дворыку ля сцен будынка і плота з прафнасцілу на расцяжку — з шырока разведзенымі нагамі і паднятымі рукамі, прыкладзенымі да сцен тыльным бокам далоні. Так людзі стаялі ўсю ноч і наступны дзень, хтосьці — больш за суткі.
Да сярэдзіны ночы каля сцяны было каля 100 чалавек, прыкладна пятая частка — жанчыны. У прыбіральню затрыманых вадзілі вельмі рэдка, некаторых не вадзілі наогул. Вады давалі каля 4 літраў на 100 чалавек, усе пілі з агульнай бутэлькі — у разгар каранавіруса. Меддапамога аказвалася толькі калі чалавек амаль не падаваў прыкмет жыцця.
Супрацоўнікі АМАП збівалі людзей з любых прычын: незвычайны выгляд, прыналежнасць да той ці іншай сацыяльнай групы, просьбы прытрымлівацца законнасці, выклікаць адваката і іншыя, непаслушэнства, нежаданне называць свае дадзеныя. Білі, калі варушыўся, прыбіраў рукі з плота.
Ахоўвалі людзей і курсанты Акадэміі МУС. У супрацоўнікаў АМАП былі і аўтаматы, яны торгалі затвор і абяцалі расстраляць усіх, калі хтосьці пабяжыць.
Днём 10 жніўня стала горача, +30 °С. Затрыманыя працягвалі стаяць ля сцяны, некаторыя страцілі прытомнасць, ім «дапамагалі» нашатырным спіртам і вярталі на расцяжку.
У другой палове дня людзей пачалі грузіць у аўтазакі і везці з РУУС. Пры гэтым ім вельмі моцна і балюча сцягвалі рукі за спінай пластыкавымі сцяжкамі, людзі не адчувалі пальцаў. Заганяючы ў аўтазакі, білі, кідалі на падлогу.
Замест тых, каго павезлі, у Савецкае РУУС прывозілі новых затрыманых. З імі ўсё паўтаралася: калідор сілавікоў, сцяна, расцяжка, збіццё.
«То-бок ты падымаешся і бачыш перад сабой чалавек, можа, 15 з аднаго боку, 15 з другога. І ты ў такі „калідор“ трапляеш, і ўсе крычаць: „Давай, давай, забівай“, размахваючы дубінкамі, то-бок рыхтаваліся ўжо нас прымаць. І ўсё, калі ты бяжыш, па табе наносяць удары дубінкамі з усіх бакоў. Там была задача хутчэй прабегчы гэты калідор».
Калі ў першы дзень людзі проста стаялі ля плота, то на другі паміж плотам і людзьмі паклалі спіральны калючы дрот. Цяпер стаяць трэба было сагнуўшыся, а калі хтосьці падаў, то падаў на «калючку». Падымалі іх ударамі дубінак.
11 жніўня
Увечары і ў ноч на 11 жніўня пачалі прывозіць тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах ля «Рыгі», дзе людзі спрабавалі будаваць барыкады. Паводле сведак, іх ставілі асобна і збівалі мацней, чым усіх астатніх. У двары РУУС былі чутныя гукі выбухаў і страляніны ля «Рыгі».
«Усю ноч усе стаялі ля плота з паднятымі рукамі. У кагосьці рукі зацяклі, як толькі трохі прагнулася рука або нага, білі дубінкамі. Жанчына страціла прытомнасць, яе вадой палілі з бутэлькі, вось так вось нагой: „Пад'ём!“ Білі ўсіх і вельмі моцна. Я нагледзеўся гэтага жаху. У 4 раніцы холад. Жанчына папрасіла вады, а яны прынеслі вядро вады, аблілі, і ўсе стаялі проста калаціліся, дрыжалі».
Гэтай ноччу людзей пачалі вадзіць на допыты ў кабінеты. Там збівалі, душылі, надзяваючы на галаву пластыкавы пакет і патрабуючы прызнацца ў злачынствах.
«Перыядычна забіралі ў аддзел. Уключалі камеру, кажуць: „Ты, с**а, АМАП хацеў спаліць?“ Ты кажаш: „Не“. Тады яны выключаюць, пачынаюць цябе біць. Потым паўтараюць пытанне, зноў уключаюць камеру, і ты ўжо адпаведна адказваеш: „Так, я там быў, я хацеў спаліць“».

«Падпісвай»
Затрыманых змушалі падпісваць фальсіфікаваныя пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне.
«…Распісаліся ўсе, хто там знаходзіўся. Хтосьці раней, хтосьці пазней. Хтосьці не хацеў падпісваць. Але ў выніку з дапамогай дубінкі ўсе без выключэння пратаколы падпісалі».
«„Падпісвай!“ — Я кажу: „Што падпісваць?“ Мяне б’юць. Я кажу: „Я не буду падпісваць“. Удар. Я кажу: „Дайце пачытаць“. Удар. Я кажу: „Добра, скажыце, што тут хоць?“ — „Удзел у несанкцыянаваным мітынгу“».
«Нас паставілі там на калені і прымусілі падпісваць. Я сказаў, што не буду падпісваць тое, чаго я не чытаў. Мяне пачалі біць дубінкамі па спіне. Мне і так ужо балюча. Я кажу: „Можна я прачытаю?“ Мяне пачынаюць біць. Пачынаюць біць па пальцах, па пальцах гэта жудасна, па фалангах атрымліваць, і з нагі: „Падпісвай“. І ў цябе выйсця іншага няма. І мы падпісалі, некалькі подпісаў паставілі. Не чыталі нават».
Адарванае вуха і «Мы з табой зробім як з бабай»
А ў двары працягваліся катаванні людзей, што стаялі на расцяжцы.
«Нас прымушалі прысядаць, і прысяданні складаліся такім чынам, што на „раз“ мы сядаем, на „два“ мы ўстаем. Рукі за галаву. І ён часам казаў проста „раз“ і ўсё, і маўчыць. І вельмі доўга не кажа „два“. Хто падае, таго збіваюць, вось такая сітуацыя».
Паводле сведак, біў затрыманых і асабіста начальнік РУУС Сяргей Каліннік, ён жа даваў указанні не пускаць у прыбіральню і не даваць вады.
Асабліва даставалася тым, хто неяк вылучаўся: прычоскай, адзеннем і гэтак далей.
«І калі аднаго мужчыну сярэдніх гадоў раздзявалі, у яго былі майткі з амерыканскім сцягам. Яго за гэта вельмі моцна білі. У мяне была тады барада, і яны вырашылі, што я бацюшка. І таму мяне спачатку нямоцна білі. А потым яны заўважылі, што ў мяне мезенец і безыменны палец афарбаваныя лакам, і яны сказалі: „А, дык гэта не бацюшка! Гэта п*** р!“ Трэба, значыць, таксама вельмі моцна біць. Тады ўжо мяне раздзелі цалкам і білі па нагах».
Аднаго хлопца сілай абстрыглі і пагражалі згвалтаваць.
«…побач са мной ля сцяны стаяў хлопец. У яго валасы былі трохі-трохі доўгія. Адзін з супрацоўнікаў паклаў пачатак гэтым жартам у яго адрас, што ён „падобны да бабы“. Што з бабамі трэба рабіць так, што: „Зараз мы проста цябе возьмем, дубінку, сам ведаеш куды засунем. Раз ты такі мужык, раз ты да бабы падобны. Мы з табой зробім як з бабай“. У выніку на наступны дзень прыйшоў нейкі ці то палкоўнік, ці то падпалкоўнік і ў грубай форме адвёў за рог. Там ён яго абстрыг. Узяў нейкія нажніцы і зрабіў з яго абскубленую курыцу».
Але абрэзаныя валасы — не самае страшнае з таго, што адбывалася тады ў двары РУУС.
«Я быў тады ўжо ў такім стане, што ўжо і самі супрацоўнікі былі здзіўленыя — кроў ішла адусюль, усё цела было сіняе, кроў ішла з галавы. На просьбу пра меддапамогу адказвалі або груба слоўна, або груба фізічна. У бальніцы [потым] мне зрабілі здымак галавы, а яшчэ мне вуха адарвалі і там прышывалі. Усе даведкі ў мяне ёсць».
Калі днём было горача, то ўначы тэмпература знізілася да 10 градусаў. Людзі моцна мерзлі, але не маглі ніяк сябе сагрэць, іх білі за любы рух.
«А камандаваў гэтым усім падпалкоўнік міліцыі. Званне я бачыў, але твару не бачыў. Крычаў: „Каб я рукі бачыў, ногі“. „Ну што, жывёлы, дамагліся вы свайго? Жывёлы! Што? Дзе вашая Святлана?“… Гэта ўсё доўжылася з вечара да вечара 12-га. Суткі практычна мы стаялі ля плота».
«Хадзілі па нашых спінах»
Частку затрыманых 11 жніўня пагрузілі ў аўтазакі і адправілі з РУУС у ізалятары. У спецтранспарце збіццё працягвалася.
«Зноў надзелі сцяжкі і моцна зацягнулі. Паставілі на калені, галава ўніз, і такім чынам запхнулі [у аўтазак] каля 30 чалавек. Білі палкамі і хадзілі па нас, рукі былі апухлыя, а плечавы сустаў дагэтуль дрэнна працуе. Я ледзь руку не страціў, бо заціснулі рукі сцяжкамі і доўга не здымалі, знялі толькі ў Жодзіне».
«Як толькі ўсіх загрузілі, нас пачалі біць дубінкамі. Хадзіў супрацоўнік і проста лупіў людзей. Мне там адбілі нагу, сцягно, ягадзіцу і правую галёнку. Хадзілі па нашых спінах. Усё гэта пад такія разважанні: „Якіх вам яшчэ перамен захацелася? Хто тут яшчэ перамен захацеў? Нефіг было выходзіць. Зараз мы вам тут зладзім перамены“».

«Бакавым зрокам бачу, што прыехаў аўтазак, адтуль з’яўляюцца людзі ў чорным і [робяць] такую гучную заяву да нас: „Мы прыехалі вас забіваць! Мы прыехалі канкрэтна па вас. Ехаць мы будзем доўга, таму вам пашчасціць, хто даедзе“. Нейкі камандзір сказаў, што ён будзе браць усіх валасатых і з татуіроўкамі, выхоўваць іх».
«У аўтазак закідвалі не проста, а сцяжку пластыкавую на рукі за спіну. У позе сагнутай кідалі на прыступкі, і чалавекі 2−3 білі з усёй сілы. Я такога ніколі не адчуваў, каб так білі».
«Мы нарэшце дачакаліся аўтазака, і гэта быў самы жудасны момант. Калі мы заходзілі ў аўтазак, нас кожны, хто там быў… Гэта было ўжо светла, усіх відаць было. Нас кожны мент, амапавец… Я не ведаю, там розныя былі структуры. Усе нас збівалі, калі нас заводзілі туды. Проста хтосьці па рэбрах дае з рукі, хтосьці з нагі, хтосьці з дубінкі».
12 жніўня
Затрыманыя працягвалі стаяць на расцяжцы з паднятымі рукамі. Часам іх прымушалі да знямогі рабіць фізічныя практыкаванні, калі рабілі кепска — білі.
Падпісваць пратаколы людзей гэтай ноччу пачалі вадзіць у нейкі цёмны закутак, дзе нічога не было відаць — і іх усё роўна забаранялі чытаць. Тых, хто не хацеў падпісваць, зноў білі, ставілі на калені і прымушалі распісвацца.
Збівалі і тых, каго прывозілі ў той дзень — нягледзячы на ўзрост і пол. Аднаго з затрыманых, паводле відавочцаў, прымусілі з’есці яго белы бранзалет.
«Там былі людзі ва ўзросце, найстарэйшаму ці то 75 гадоў было, ці то нешта такое. То-бок стаўленне такое ж быдлячае было нават да іх. Таксама білі іх. Потым, калі дзеду аднаму стала кепска, яны яму нешта там дазволілі прысесці, і, можа, праз пару гадзін яны яму толькі валідол далі».
Жанчынам і мужчынам пагражалі згвалтаваннем дубінкай.
«Недзе пад раніцу з’явіўся падпалкоўнік. Я стаю ля сценкі… Усе шчыкалаткі былі чорныя, бо яны хадзілі і білі з унутранага боку ног. Ён да мяне падыходзіць, гуляецца дубінкай. І кажа: „Ну што, стары сівы п***р, я цябе зараз гэтай дубінкай вы**у“. Па-мойму, гэта намеснік начальніка гэтага РУУС. Я кажу: „Ну, паспрабуй“».
Гэтае відэа, знятае з-за плота РУУС, было апублікаванае 12 жніўня, на ім чуваць благанні затрыманых, каб перасталі біць.
Пракачка
Ранняй раніцай заступіла новая змена сілавікоў, якая ўзялася за катаванні з новымі сіламі. Людзей мардавалі фізічнымі практыкаваннямі.
«Напэўна, ужо зоркі пачалі гаснуць на небе, пад раніцу. У нас зарадка пачалася гадзіны ў 4 раніцы. На „раз“ прысядаць, поўны прысед нельга рабіць, на „два“ падымаешся. Хто падае, таго б’юць».
«Яшчэ, памятаю, быў мужчына, гадоў 60−65, ён былы вайсковец, напэўна, быў. У яго засталіся дома два сабакі. Ён плакаў і прасіў патэлефанаваць, каб пакармілі сабак. Ён ведаў, што сабакі замкнутыя. А гэты „цудоўны“ Валянцін пачаў гарлапаніць на яго, што ён наогул прасраў свае пагоны, што ён прадаўся і сорамна наогул казаць, што ён вайсковец. Прам яго таксама білі па нагах і прымушалі прысядаць».
Валянцін — гэта супрацоўнік РУУС Валянцін Шыманскі, затрыманыя былі ўпэўненыя, што ён «нейкі начальнік». Менавіта яго апісваюць як самага бесчалавечнага сярод усіх.
«Прымушаў прысядаць усіх, потым біў па нагах. Біў нават пенсіянераў. Вадзіў хлопцаў у прыбіральню, не даваў паспець надзець майткі, вёў назад».
«…Валянцін. Гэта, відаць, начальнік нейкі. Ён нас, па іх словах, пракачваў. Ён прыйшоў і перыядычна прымушаў прысядаць і выконваць усякае. Ведаеце, як вайсковыя пракачкі, калі ноччу ўстаеш і раз, два — гэтыя прысяданні. Вось ён як прыйшоў, напэўна, гадзін з дзевяці, а нас павезлі адтуль гадзіны ў 4 ці ў 5 вечара. Усю ноч стаялі, цэлы дзень прысядалі. З усяго часу тры разы па 10 хвілін сядзелі на бардзюры, апусціўшы галаву і вывернуўшы далоні».
«Потым вось гэты, звалі яго Валянцін. Гэта, напэўна, самы гнілы чалавек, якога я бачыла. Ён монстр. Ён атрымлівае задавальненне ад усяго гэтага. Ён потым крычаў на гэтую жанчыну, кшталту чаго вы ходзіце па гэтых вуліцах, трэба сядзець дома і варыць кашу. Я вам пакажу дэмакратыю! Была фраза, што „я вашыя клітары ў вузел завяжу“».
«Разрэзалі штаны, прыставілі дубінку паміж ягадзіц»
Раніцай і днём людзей працягвалі вывозіць на аўтазаках, суправаджаючы гэта жорсткім збіццём.
«Мы пачулі, што прыехаў па нас аўтазак. Нас кідалі, бралі за вопратку і кідалі проста ў аўтазак. Там нас сустракалі 2 супрацоўнікі АМАП. Яны нас збівалі і закідвалі ў асобныя адсекі („стаканы“). Там, дзе магло змясціцца чалавекі 4−5, нас было 10−12. Яны нас адно на аднаго напіхвалі, і нам нельга было ні гаварыць, ні глядзець. За гэта нас адразу білі, адкрывалі краты і білі».
Увечары прывозілі новых затрыманых з горада. Іх, ужо збітых, адводзілі ў малаасветленае месца двара і там працягвалі біць, адтуль да сведак увесь час даносіліся крыкі.
«Адзін ляжаў, яго азадак быў дэфармаваны ад пабояў. Міліцыянты толькі здзекаваліся з яго і смяяліся, пакуль ён толькі ляжаў і не мог нічога рабіць».
«Прывялі кагосьці і вельмі моцна білі ў цёмным куце. Я ніколі ў жыцці не бачыла такіх пабояў. Я думала, калі людзей так моцна б’юць, то людзі не могуць застацца ў жывых. Яны проста ляжалі потым. Аднаго забрала пасля хуткая».

Яшчэ да выгрузкі з аўтазакаў у людзей выбівалі паролі ад тэлефонаў.
«Трэба было зняць пароль. Я пачаў адмаўляцца. Мяне працягнулі біць. Білі ў асноўным па ягадзіцах, па нагах, па сцёгнах. Лупілі, лупілі… …Яны пайшлі па ваду ў РУУС. Аблілі мяне вадой, сказалі, каб дубінка лепш прылягала, і працягнулі біць ужо мокрага. У нейкі момант ім надакучыла, яны дасталі дубінку, сказалі: „Ты п***р“. Нейкую лухту вярзлі. Разрэзалі штаны, прыставілі дубінку паміж ягадзіц, і тут я ўжо сказаў, што разблакую…»
«Говори по-русски»
Адзін з затрыманых расказаў, як сілавікі ў РУУС рэагавалі на ягоную беларускую мову.
«Мяне апытвалі. Адны апытвалі, іншыя білі. …А, і яшчэ яны дакалупаліся да маёй беларускай мовы. Сказаў той, што запісваў пратакол: „Слушай, мне уже голова болит от твоего белорусского, от твоего языка, давай по-русски“. Я кажу: „Ну, я пастараюся“. Зноў жа сітуацыя, калі цябе лупяць і лупяць… Я ўвесь час у жыцці размаўляю па-беларуску. Па-руску я ў прынцыпе магу, але трэба пераключыцца, раблю памылкі як бы і акцэнт. І яны пачалі дакалупвацца да акцэнту, адпаведна, білі, пагражалі, „говори по-русски“, з мацюкамі».
13 жніўня
Ноччу працягвалася ўсё тое самае: людзей білі і катавалі, адводзілі і прымушалі падпісваць пратаколы. Днём затрыманых зноў пачалі везці на перапоўненых аўтазаках.
«А палове дванаццатай прыехала некалькі аўтазакаў, аўтобус, МАЗ. Нам усім па чарзе па прозвішчы адразу пераклічку правялі, некаторых фарбай пазначылі».
«Пасля абеду прыехалі сілавікі, запіхалі нас у аўтазак, у пакойчыку на тры метры па тры чалавекі без святла з маленькай лямпачкай. Калі нас падымалі, адзін вядзе, другі б’е па нагах. Называлі людзей „мясам“ — „мяса, варушыся“, „мяса“ тое, мяса сёе…»
Але яшчэ ўвесь вечар прывозілі новых затрыманых. Абыходзіліся з імі не лепш, чым раней.
«Прасілі вады ці ў прыбіральню. За любое слова білі адразу. Было вельмі грубае абыходжанне. Гэтым вылучаліся менавіта амапаўцы. Нават калі яны самі не білі, яны прымушалі гэта рабіць салдат. Казалі ім: „Вы недастаткова жорстка з імі абыходзіцеся, яны вас не баяцца“. І тады салдаты таксама ўжывалі сілу».
Расследаванне праваабаронцаў ахоплівае толькі 9−13 жніўня, аднак такія практыкі працягваліся ў Савецкім РУУС і далей — мы знайшлі некалькі лістападаўскіх відэа, у прыватнасці, з затрыманымі на пратэсным маршы 8 лістапада 2020 года.
Траўмы і пашкоджанні
Затрыманыя 9−13 жніўня падвяргаліся збіццю на ўсіх этапах — падчас затрымання, у аўтазаку, у РУУС, па дарозе ў ізалятары на Акрэсціна, у Слуцку, Жодзіне, Баранавічах і ў саміх ізалятарах. Таму высветліць, дзе менавіта былі атрыманыя іх траўмы, не заўсёды магчыма. Але праз неаказанне дапамогі і катаванні ў РУУС іх стан яшчэ больш пагаршаўся. Медыкаў там выклікалі толькі ў выключных выпадках. Вось што кажа пацярпелы, якому адарвалі вуха.
«Я сказаў, што ў мяне з рота ідзе кроў. Ён узяў ліхтарык, паглядзеў на мяне і на зямлю, усё было ў крыві. Мяне адвялі да медыкаў, і мяне забрала хуткая. У бальніцы мне зрабілі здымак галавы, а яшчэ мне вуха адарвалі і там прышывалі. Там мне напісалі ЧМТ сярэдняй ступені, ірваная рана вушной ракавіны, унутраныя гематомы, удары».
Сярод апытаных былі і тыя, хто атрымаў асноўныя траўмы менавіта ў РУУС.
Найбольш распаўсюджанымі траўмамі былі драпіны, гематомы, удары спіны, сцёгнаў, ягадзіц і ног. У многіх затрыманых заставаліся сляды па абрысах дубінак, берцаў, сцяжак і далоняў сілавікоў. З больш сур’ёзных пашкоджанняў можна вылучыць чэрапна-мазгавыя траўмы і пераломы рознай ступені цяжкасці, трэшчыны, траўмы твару.
«Закрытая чэрапна-мазгавая траўма, потым страсенне галаўнога мозгу, закрыты пералом грудкаватасці ногцевай фалангі першага пальца правай кісці са здавальняючым станам адломкаў, падногцевая гематома першага пальца правай кісці, падскурныя гематомы галёнак, сцёгнаў, ягадзіц, грудной вобласці з абодвух бакоў. І пералом рабрыны яшчэ. Пералом задняга адрэзка восьмай рабрыны злева. Закрыты пералом грудкаватасці ногцевай фалангі. Ну і мноства гематомаў. Гэта вось што ў бальніцы зафіксаваў».
«Шматлікія ўдары і гематомы. Пашкодзілі сухажыллі, каб было цяжка вызначыць. Не лічачы пляча, усё зафіксавана. У бальніцы былі сотні збітых людзей».
Іншага кшталту траўмы былі выкліканыя перацягнутымі сцяжкамі, якіх не здымалі доўгі час: ад сінякоў і парэзаў да страты адчувальнасці рук.
«Па медыцынскую дапамогу звяртаўся ў медыцынскія цэнтры. Там мне выпісалі медыкаменты. Цэлы стос. Каб вярнуць адчувальнасць руцэ. І рэабілітацыю праходжу дагэтуль [на момант апытання ў канцы жніўня 2020 года]. Бо адчувальнасць у руцэ не вярнулася дагэтуль».
«Шнары ад сцяжкі [на запясцях], тут трошкі костка пашкоджаная, у траўматалогіі ёсць заключэнне, на левым запясці пераціснутая была костка».
Амапаўцы часам пырскалі ў твар людзям слезацечны газ, гэта выклікала апёкі вачэй.
У многіх перанесеныя катаванні абвастрылі старыя хваробы і траўмы. Таксама многія адчувалі наступствы для псіхікі ад перажытага шоку: некантраляваны страх і панічныя атакі, бессань і кашмары.
Апазнанне датычных
Паводле сведчанняў пацярпелых, у Савецкім РУУС Мінска ў гэтыя дні (акрамя сілавікоў РУУС) неслі службу салдаты в/ч 3214, байцы АМАПа і курсанты Акадэміі МУС. Усе яны і іх непасрэдныя камандзіры таксама нясуць адказнасць за масавыя катаванні і жорсткае абыходжанне з затрыманымі, падкрэсліваюць праваабаронцы.
Дзякуючы паказанням пацярпелых, аналізу сацсетак і фота ў інтэрнэце, працы «Кіберпартызан» удалося высветліць асобы 22 датычных да катаванняў у Савецкім РУУС.
Вось поўны спіс
- начальнік Сяргей Каліннік;
- намеснік начальніка Цімур Кесель;

- старшы ўчастковы Ігар Качук;
- інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Марына Сафонава;

супрацоўнікі і супрацоўніцы РУУС:
- Валянцін Шыманскі;
- Павел Мацкевіч;
- Дзмітрый Белы;
- Анатоль Бойка;
- Ігар Бушмак;
- Максім Варанкоў;
- Дзмітрый Дарашэвіч;
- Уладзімір Казак;
- Сяргей Карповіч;
- Павел Раманаў;
- Вольга Карасцялёва;
- Святлана Нікіціна;
- Дзяніс Варанішча;
- Васіль Молчан;
- Дзяніс Аляксееў;
- Сяргей Бічыкаў;
- Сяргей Касабуцкі;
- Мікалай Лук’янчук.
У дакладзе размешчаныя іх фатаграфіі і звесткі пра іх датычнасць да парушэння правоў затрыманых у Савецкім РУУС.
Без тэрміну даўнасці
Згодна з высновамі праваабаронцаў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў, усе апісаныя вышэй дзеянні сілавікоў цалкам ахопліваюцца складам злачынства, прадугледжанага арт. 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва».
Згодна з гэтым артыкулам, незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, катаванні або акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з палітычнымі перакананнямі цывільнага насельніцтва, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смерцю.
Акрамя таго, гэтыя акты гвалту кваліфікуюцца згодна з артыкулам 7 Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда як «злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе зняволення ў турме або іншага жорсткага пазбаўлення фізічнай волі ў парушэнне асноватворных нормаў міжнароднага права, а таксама ў выглядзе катаванняў і іншых бесчалавечных дзеянняў аналагічнага характару, якія палягаюць на наўмысным прычыненні моцных пакут, або сур’ёзных цялесных пашкоджанняў, або сур’ёзнай шкоды псіхічнаму ці фізічнаму здароўю».
Гэтыя злачынствы, згодна з артыкулам 85 Крымінальнага кодэкса Беларусі, не маюць тэрмінаў даўнасці. Тыя, хто іх здзейсніў, не падлягаюць вызваленню ад крымінальнай адказнасці.
Больш за тое, асудзіць іх можна будзе не толькі ў любым узросце пры жыцці, але нават пасля смерці. Нядаўна ў Беларусі якраз прынялі адпаведны закон.