З пачатку чэрвеня ў Віцебскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры рэалізуецца праект па даследаванні крыві на больш чым 60 відаў раку, аналіз называецца PanTum Detect. Пра тое, як ён працуе, у эфіры АНТ расказаў доктар медыцынскіх навук, прафесар, намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Сяргей Красны.
«Гэта праграма па выяўленні больш чым 60 відаў злаякасных пухлін па адным аналізе крыві, — сказаў Сяргей Красны. — На сённяшні дзень ужо ўсе расходныя матэрыялы, усе рэактывы выпускаюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Больш за 99% адчувальнасць і спецыфічнасць метаду. Выконваецца аналіз крыві, <…> з крыві выдзяляюцца так званыя макрафагі — гэта клеткі імуннай сістэмы, якія, уласна, і змагаюцца са злаякаснымі пухлінамі, у нас у арганізме пастаянна гэта адбываецца. Калі гэтых клетак становіцца больш і ў іх выяўляюцца адломкі злаякасных пухлін, гэта кажа пра тое, што ў чалавека ўжо ёсць пухліна, яе трэба толькі выявіць. Калі аналіз станоўчы, то мы адпраўляем гэтага чалавека на кансультацыю да анколага».
Паводле словаў медыка, клінічныя выпрабаванні паказалі, што з дапамогай PanTum Detect можна выяўляць нават пухліны не толькі на першай стадыі, але і на нулявой (то-бок у перадракавым стане, калі ракавыя клеткі не распаўсюджваюцца ў іншыя тканкі, размяшчаючыся ў месцы свайго першапачатковага з’яўлення — у такім выпадку пухліна лёгка выдаляецца і з імавернасцю 100% надыходзіць рэмісія).
«Пачалі мы з Віцебскай вобласці, дакладней, з Віцебскага анкалагічнага дыспансера. Там ужо запушчаны працэс. Запісацца можна па тэлефонах, яны размешчаныя на сайце Міністэрства аховы здароўя. Там жа ёсць спіс пунктаў забору крыві, каб можна было ў любым пункце Рэспублікі Беларусь здаць кроў. Аналізы выконваюцца пакуль на платнай аснове (кошт анкатэсту для грамадзян Беларусі складае 330 рублёў, для замежных грамадзян — 430 рублёў. — Заўв. рэд.). Але я спадзяюся, калі мы пакажам эфектыўнасць гэтага метаду, маштабную эфектыўнасць на тэрыторыі Рэспублікі, то будзе і дзяржаўная праграма».
Паводле Краснага, анколагаў у Беларусі недастаткова, каб праводзіць не толькі лячэнне, але і дыягностыку.
«Вядома, [дактароў] недастаткова для таго, каб забяспечыць наогул усё: і дыягностыку, і лячэнне. Таму задача анколага — усё ж лячыць пацыента, а дыягностыку павінная праводзіць першасная лекавая сетка. Падступнасць злаякасных пухлін яшчэ і ў тым, што яны на ранніх стадыях не праяўляюцца. Калі мы будзем чакаць, што пацыент сам звернецца па медыцынскую дапамогу, то ў асноўным будзем выяўляць 3−4-ю стадыю захворвання».
Кожны год у Беларусі выяўляецца каля 50 тысяч новых выпадкаў анкалагічных захворванняў. У агульнай структуры смяротнасці насельніцтва рак займае другое месца пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Што гэта за тэст?
Анкатэст PanTum Detect распрацавала ў 2019 годзе нямецкая кампанія Zyagnum AG. Ён ацэньвае рухомыя клеткі імуннай сістэмы і дазваляе выявіць анкалагічнае захворванне на ранняй стадыі, ідэнтыфікуе 97,5 выпадку раку са 100.
Усё той жа Сяргей Красны адзначаў, што тэст PanTum Detect трэба здаваць пачынаючы з 40 гадоў, а калі ў блізкіх сваякоў былі злаякасныя пухліны — з 30 гадоў. Паводле яго словаў, анкалагічным пацыентам такі аналіз пакуль рабіць не трэба, яны мусяць абследавацца па іншай схеме. А тым, хто атрымаў адмоўны вынік, рэкамендуюць здаваць тэст раз на год.
Чытайце таксама