У Беларусі змянілі закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». У яго ўнесеныя папраўкі, якія былі апублікаваныя сёння, 16 траўня, на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, а дакумент атрымаў статус закона. Самае галоўнае: навучанне за мяжой — больш не падстава для адтэрміноўкі, а тыя, хто аформіў выезд для пастаяннага пражывання за мяжой, змогуць зняцца з вайсковага ўліку.
Адтэрміноўка
Адтэрміноўку ад службы для беларусаў, якія вучацца за мяжой, адмянілі. Яе атрымаюць толькі тыя студэнты, хто вучыцца за мяжой па накіраванні рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання ў рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм. Але ёсць выключэнне — адтэрміноўка будзе, калі на дзень уступлення ў сілу закона студэнты вучацца за мяжой ва ўстановах адукацыі вочна і паступілі ў названыя ўстановы ва ўзросце да 18 гадоў.
У законе таксама прапісана, што ў выпадку, калі ў сям'і прызыву на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве падлягаюць некалькі грамадзян, якія маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, то яна «даецца аднаму з іх па хадайніцтве членаў сям'і (сваякоў)».
Іншыя змены
У законе ёсць яшчэ два моманты, якія могуць быць цікавыя. Цяпер зняць з вайсковага ўліку могуць тых, хто аформіў «выезд для пастаяннага пражывання (аформіў пастаяннае пражыванне) за межамі Рэспублікі Беларусь».
Мяняецца тэрмін, неабходны для залічэння ў запас у выпадку, калі чалавек не служыў па прызыве, але праходзіў службу ў сілавых ведамствах. Раней замест службы ў войску можна было два гады (24 месяцы) прапрацаваць на атэставанай пасадзе, напрыклад, у МНС, СК або МУС. Цяпер тэрмін павялічылі да пяці гадоў (60 месяцаў). Не датычыць гэта толькі выпускнікоў ВНУ МУС і МНС. То-бок калі яны адмовяцца ад размеркавання, то павінныя будуць толькі кампенсаваць сродкі за навучанне, але служыць па прызыве ўжо будзе не трэба.
Закон уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.