«Рэаліі так званага „дзяржаўнага двухмоўя“», — так актывістка Кацярына Варажун падпісала скрыншоты перапісак з беларускімі кампаніямі «Сливки.бай» і «Буслік». У першай кампаніі адмовіліся прымаць дакументы на беларускай мове, а ў другой супрацоўнікаў збянтэжыла транслітарацыя імя. Папрасілі юрыста пракаментаваць гэтыя выпадкі.
«А можаце па-руску?»
На першым скрыншоце — перапіска кліента і супрацоўнікс кампаніі «Сливки.бай». Кліент даслаў рэквізіты кампаніі па-беларуску. У адказ супрацоўнік кампаніі папрасіў перакласці матэрыялы на рускую мову, спаслаўшыся на тое, што іх бухгалтар не будзе разбірацца «як правільна ўсё пісаць». У адказ на абурэнне сітуацыяй работнік заявіў, што іх кампанія ўвогуле «не прымае дакументы на беларускай мове».
Прадстаўніка іншай беларускай кампаніі — «Буслік» — збянтэжыла транслітарацыя імя Дзяніс з беларускай мовы — Dzianis. Нібыта праз яе ў атрымальніка «могуць узнікнуць складанасці» з выдачай пасылкі.
Юрыст: «Недарэчна і незаконна»
Мы папрасілі беларускага юрыста на ўмовах ананімнасці пракаментаваць такую камунікацыю работнікаў кампаній, якія працуюць у Беларусі.
— З прыведзеных скрыншотаў не зусім зразумела, наколькі гэта была фармальная альбо нефармальная камунікацыя з прадстаўнікамі дадзеных беларускіх арганізацый. Аднак трэба разумець, што Канстытуцыі Беларусі гарантуе кожнаму права карыстацца роднай мовай і абіраць мову зносін. Адпаведнае права гарантуецца дзяржавай. Дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі з’яўляюцца беларуская і руская, — адзначае юрыст. — У сваю чаргу, арт. 4 закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» абавязвае кіраўнікоў і работнікаў арганізацый валодаць двума дзяржаўнымі мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання сваіх службовых абавязкаў. З дадзенага правіла вынікае лагічная выснова, што супрацоўнік арганізацыі, які займаецца, да прыкладу, прыёмам заказаў, павінен валодаць як беларускай, так і рускай мовамі ў аб’ёме, дастатковым для прыёму заказаў.
Таксама ён растлумачыў, што адказнасць за выкананне гэтага абавязку ляжыць на кіраўніку арганізацыі. Словы пра тое, што арганізацыя «не прымае дакументы» на адной з дзяржаўных моў з’яўляюцца недарэчнымі і незаконнымі, дадае наш суразмоўца:
— Заўважу, што дадзенае парушэнне ляжыць не проста ў галіне маралі. Артыкул 10.16 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб мовах) прадугледжвае штраф да 10 базавых велічынь. У той жа час хочацца верыць, што не адміністратыўны штраф, а павага да нацыянальнай культуры і традыцый будзе тым матыватарам, які прымусіць супрацоўнікаў гэтых арганізацый з павагай ставіцца да мовы зносін сваіх патэнцыйных кліентаў.
Читайте также


