Сінод Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) выступіў з занепакоенасцю праз сітуацыю ва Украіне. Яе выклікала не вайна, якая ідзе ўжо больш за год, а «цяперашні стан справаў кананічнай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Украіны». Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) падазраюць у сувязях з Расіяй, а манахі УПЦ МП мусяць ужо заўтра пакінуць Кіева-Пячэрскую лаўру ў Кіеве.
Беларуская праваслаўная царква заклікала сусветную супольнасць «актыўна выступіць з абаронай кананічнага праваслаўя на ўкраінскай зямлі як сапраўднай Царквы Хрыстовай, як гаранта міру і стабільнасці ва ўкраінскім грамадстве».
У БПЦ лічаць, што ўкраінскія ўлады мусяць прыняць неабходныя меры, скіраваныя «на спыненне дэструктыўных заяваў і дзеянняў у дачыненні да Украінскай праваслаўнай царквы, яе святароў і вернікаў, уключаючы адмену рашэння пра высяленне насельнікаў Свята-Успенскай Кіева-Пячэрскай лаўры».
«Мы таксама заклікаем улады Украіны забяспечыць няўхільнае выкананне дзейнага ўкраінскага заканадаўства і міжнароднага права што да свабоды сумлення і веравызнанняў, датрымання законных правоў і свабод чалавека», — гаворыцца ў заяве БПЦ.
Нагадаем, улады Украіны падазраюць УПЦ Маскоўскага патрыярхату ў сувязях з Расіяй. У лістападзе 2022 года СБУ правяла «контрразведвальныя мерапрыемствы» ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Паведамлялася, што падчас ператрусаў знайшлі прарасійскую літаратуру, буйныя сумы ў розных валютах і нават украінца, які можа быць датычны да супрацьпраўнай дзейнасці прарасійскага інфармагенцтва «Антван». Пасля гэтага ператрусы і допыты таксама прайшлі ў іншых храмах УПЦ МП у розных епархіях Украіны.
У снежні мінулага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў рашэнне РНБА, якая прапануе забараніць у краіне дзейнасць звязаных з Расіяй рэлігійных арганізацый, — фактычна, гэта забарона на дзейнасць Маскоўскага патрыярхату ва Украіне.
Пазней улады Украіны запатрабавалі ад манахаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) пакінуць Кіева-Пячэрскую лаўру да 29 сакавіка. Міністэрства культуры Украіны, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца комплекс старажытных цэркваў і знакамітых пячор, абвясціла, што з гэтага дня скасоўвае дамову з Украінскай праваслаўнай царквой пра бестэрміновую арэнду лаўры.