Гомельскі абласны выканаўчы камітэт прыняў рашэнне абмежаваць продаж алкаголю на тэрыторыі рэгіёна. Гаворка пра піва і іншыя слабаалкагольныя напоі. Іх нельга будзе купіць усюды кругласутачна, а падчас правядзення масавых мерапрыемстваў — пазней чым за дзве гадзіны да іх пачатку. Адпаведнае рашэнне апублікаванае на Нацыянальным інтэрнэт-партале.
На тэрыторыі Гомельскай вобласці забараняецца продаж піва і слабаалкагольных напояў з аб’ёмнай доляй этылавага спірту не больш за 7 працэнтаў:
- у гандлёвых аб’ектах, размешчаных у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і ў радыусе 500 метраў ад такіх месцаў за дзве гадзіны да пачатку і падчас правядзення названых мерапрыемстваў;
- кругласутачна ў нестацыянарных і перасоўных гандлёвых аб’ектах, за выключэннем павільёнаў і аўтакрамаў, якія ажыццяўляюць абслугоўванне жыхароў у сельскіх населеных пунктах;
- у гандлёвых аб’ектах у перыяды правядзення мерапрыемстваў, скіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п’янства і алкагалізму, барацьбу з імі;
- у гандлёвых аб’ектах у дні правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных заканчэнню навучальнага года, а таксама выпускных вечароў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з 08.00 дня правядзення названых мерапрыемстваў да 08.00 наступнага дня.
Гомельская вобласць стала першым рэгіёнам, які прыняў такія масавыя «піўныя» абмежаванні.