Мінскі гарадскі суд разгледзеў справу адваката Віталя Брагінца, якога абвінавачвалі па чатырох артыкулах, у тым ліку «пратэсным» і «экстрэмісцкім». Яго асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, працэс вяла суддзя Алена Ананіч. Брагінцу інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
- ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы);
- ч. 1 арт. 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).
Прысуд — восем гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Нагадаем, Віталь Брагінец быў затрыманы ў сябе дома 23 траўня 2022 года. Спярша яго арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне», потым затрымалі паўторна і зноў асудзілі на такі ж тэрмін. Пазней стала вядома, што Віталь затрыманы па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах.
Брагінец быў адвакатам некаторых палітвязняў, у тым ліку кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Таксама ён абараняў адваката Андрэя Мачалава, пазбаўленага ліцэнзіі, супраць якога была распачатая крымінальная справа за «выкарыстанне загадзя падробленага дакумента». Праз арышт Брагінца Мачалаў застаўся ў судзе без абаронцы, пасля яго асудзілі на два гады «хіміі».
У жніўні 2022-га ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць пазбавілі і самога Віталя Брагінца. Ён прызнаны палітычным зняволеным.