У раскладзе паседжанняў Мінскага гарадскога суда 8 снежня з’явілася інфармацыя пра суд над бацькам знакамітай беларускай плыўчыхі Аляксандры Герасімені Віктарам па крымінальнай справе аб закліках да санкцый. Праз некалькі гадзін памылку выправілі. Судзіць будуць не бацьку, а дачку.
У першапачатковым варыянце раскладу паведамлялася, што Віктара Герасіменю абвінавачваюць у закліках да санкцый (ч.3 арт. 361 КК).
У каментары «Люстэрку» Аляксандра Герасіменя выказала здагадку, што суд дапусціў памылку. Высветлілася, што гэта сапраўды так. Каля 12.30 расклад паправілі. Віктара Іванавіча Герасіменю замянілі на Аляксандру Віктараўну Герасіменю.
Раней Генпракуратура паведаміла пра накіраванне ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Ім інкрымінуюць заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя ў жніўні 2020 года стварылі не зарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аб’яднанне «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці». Праз яго з дапамогай СМІ і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт «распаўсюджваліся загадзя ілжывыя звесткі і выдумкі пра падзеі, якія мелі месца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь перад і пасля выбараў прэзідэнта».
Нагадаем, Следчы камітэт 29 верасня расказаў, што трохразовую медалістку Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнку свету і Еўропы па плаванні Аляксандру Герасіменю, якая раней узначальвала Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС), і выканаўчага дырэктара БФСС Аляксандра Апейкіна збіраюцца судзіць завочна за «заклікі да санкцый».
Што такое спецыяльная вытворчасць
Як тлумачаць на сайце СК, «спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». То-бок спецвытворчасць — фактычна першы крок да нядаўна ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто знаходзіцца за мяжой.
Разам з абвяшчэннем аб адкрыцці спецыяльнай вытворчасці СК выклікае фігурантаў у Беларусь для правядзення следчых дзеянняў — публікацыя гэтай інфармацыі на сайце ведамства паводле цяперашняга закона лічыцца належным паведамленнем. Усіх іх чакаюць у Мінску ў Цэнтральным апараце СК на вуліцы Фрунзе, 19.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў ліпені падпісаў закон пра змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, што знаходзяцца за мяжой, завочна і нават асуджаць іх на расстрэл.