Жыхары Расіі ўсё актыўней набываюць туры ў Беларусь на перыяд навагодніх святаў. Калі раней у іх быў найбольш папулярны аздараўленчы адпачынак, то цяпер прыярытэты змяніліся. Чым прыцягвае расіян Беларусь, у колькі ім абыходзяцца пуцёўкі і туры з якой праграмай яны выбіраюць? Асацыяцыя тураператараў Расіі (АТОР) правяла аналіз прапановаў на рынку і апытала экспертаў галіны.
У адным з найбуйнейшых аператараў, «Мультитур», адзначылі, што Беларусь стала ў іх самым папулярным напрамкам зімовых продажаў — на яе прыпадае да 10% набытых тураў, у той час як на астатнія краіны — не больш за 3−5%. У цэлым пакуль што попыт на навагоднія туры ў Беларусь расце невялікімі тэмпамі і знаходзіцца на ўзроўні мінулага года або ўсяго на некалькі працэнтаў апярэджвае яго, але ў найбліжэйшыя 10−14 дзён наступіць усплёск продажаў, і да сярэдзіны снежня самыя даступныя і папулярныя прапановы могуць быць ужо раскупленыя.
Нямоцна на гэты момант выраслі і цэны: у параўнанні з мінулым годам размяшчэнне ў Беларусі ў навагодні перыяд падаражэла ўсяго на 5−10%.
Менавіта цэны ў першую чаргу і вабяць расіян у Беларусі, моцна паўплывала і скарачэнне магчымасцяў трапіць у краіны Шэнгенскай зоны. Беларусь застаецца адзінай для расіян лёгкадаступным еўрапейскім замежжам.
«Беларусь карыстаецца добрым попытам на святы дзякуючы таму, што гэта блізка, нядорага, бяспечна і нагадвае любімую многімі Еўропу», — патлумачылі спецыялісты тураператара «Русский Экспресс». З’ездзіць на Новы год у любую іншую краіну расіянам будзе нашмат даражэй.
Якія туры выбіраюць
Як адзначае АТОР, сёлета да традыцыйна папулярных лекава-аздараўленчых тураў дадаліся сіці-туры ў Мінск. Іх доля ў аб’ёме продажаў пуцёвак у Беларусь на Новы год складае 15−30%. Больш за ўсё запатрабаваныя кароткія сіці-туры на 2−4 дні, у «Интуриста» яны ўжо папулярнейшыя за экскурсійныя туры.
Рэч у тым, што такі фармат паездкі, як сіці-тур у Мінск, дазваляе расіянам не толькі адпачыць, але і вырашыць надзённыя пытанні, тлумачаць у PAC Group. Гаворка пра магчымасць закупіцца ў брэндавых крамах, якія сышлі з Расіі, але яшчэ засталіся ў Беларусі, а таксама аформіць картку беларускага банка, якая будзе працаваць за мяжой.
Расійскія тураператары зарыентаваліся на патрэбы кліентаў і адразу ўключаюць гэтыя пункты ў некаторыя пакеты. Адны прапануюць афармленне карты ў банку як дадатковую паслугу, а ў іншых ёсць нават туры, якія так і называюцца: «У Беларусь для адкрыцця банкаўскага рахунку + шопінг» на чатыры дні.
Таксама аператары адзначаюць яшчэ адзін трэнд зімовага сезона — расіяне пачалі часцей выбіраць у Мінску гатэлі са СПА-паслугамі: яны таннейшыя за маскоўскія.
Тым не менш самымі папулярнымі застаюцца недарагія гатэлі і санаторыі, у першую чаргу раскупляюць нумары катэгорыі «стандарт».
Колькі каштуе
Паводле ацэнкі АТОР, з паездкай з Расіі ў Беларусь непасрэдна на Новы год цалкам можна ўкласціся ў 50−60 тысяч расійскіх рублёў на дваіх, то-бок 830−1000 даляраў.
Так, расійскія аператары прапануюць навагоднія экскурсійныя туры ў Мінск на 3−4 дні за суму ад 38−40 тысяч расійскіх рублёў (каля 650 даляраў) на дваіх. Напрыклад, Coral Travel прадае за 39 тыс. рублёў тур «Навагодняя Беларусь» на 30 снежня — 1 студзеня, які ўключае аглядную экскурсію па гістарычным цэнтры Мінска, экскурсію ў Музей мініяцюр і экскурсію «Духмяныя гісторыі: кава і шакалад у жыцці сталіцы». Выехаць з Мінска будзе даражэй — тур з паездкай па беларускіх замках можа каштаваць і 49 тыс. рублёў (больш за 800 даляраў).
Але гэта без дарогі. Пералёт з Масквы ў Мінск і назад на «Белавіі» каштуе ад 28 тысяч рублёў (465 даляраў) на дваіх, а вось білеты на фірмовы цягнік — ад 9200 рублёў (150 даляраў) за пару ў абодва бакі.
Можна набыць і пакетныя прапановы сіці-тураў у Мінск на канец снежня — пачатак студзеня з пералётам і пражываннем, цэны розныя і залежаць ад умоваў: ёсць і на 7 начэй па 44 тыс. рублёў (730 даляраў), ёсць і на 3−5 начэй за 65 тыс. рублёў (1080 даляраў) — цана за дваіх.