Былы карэспандэнт «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзь Мажэйка, якога сёння пачалі судзіць па «справе Зельцэра» за артыкул пра айцішніка, які загінуў мінулай восенню, не прызнаў віну, паведамляе расійскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik Беларусь.
Пасля таго як пракурор зачытаў абвінавачанне, Мажэйка заявіў, што не прызнае сябе вінаватым і не лічыць, што абражаў Лукашэнку. Тым не менш ён пагадзіўся даць паказанні ў судзе.
Як вынікае з абвінавачання, «Мажэйка, дэманструючы амаральную цікавасць да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021 года здзейсніў шэраг злачынстваў».
Акрамя таго, ён, «парушаючы агульначалавечую мараль, вырабіў і размясціў» у інтэрнэце «негатыўныя, непрыстойныя і недапушчальныя» выказванні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, заявіў пракурор.
Нагадаем, Генадзь Мажэйка быў аўтарам нататкі, прысвечанай загінуламу падчас перастрэлкі на вуліцы Якубоўскага ў Мінску Андрэю Зельцэру — журналіст пагутарыў з аднакласніцай айцішніка, якая расказала пра яго школьныя гады.
На працэсе Мажэйка заявіў, што ў яго не было мэты «гераізаваць Зельцэра». Ён падкрэсліў, што заўсёды меў добрыя адносіны з беларускімі сілавікамі, пра якія напісаў мноства матэрыялаў, і нават у свой час атрымаў медаль ад МУС.
Мажэйку таксама абвінавацілі ў тым, што падчас сустрэчы дэпутата Валерыя Варанецкага з выбаршчыкамі ён агітаваў супраць улады і нібыта назваў Лукашэнку, які ў жніўні 2020-га выйшаў з аўтаматам да пратэстоўцаў, «умалишённым уродом».
Мажэйка адказаў, што не прызнае сябе вінаватым у абразе Лукашэнкі, бо не дапускаў ніякіх абразлівых выказванняў у яго адрас — паводле экс-журналіста, гэта быў іншы чалавек.
Нарэшце, Мажэйку паставілі ў віну «непрыстойную метафару» — ён, паводле версіі абвінавачання, у сацсетцы параўнаў Лукашэнку з прусаком. На гэта журналіст заявіў, што такім чынам пракаментаваў публікацыю сваёй знаёмай з прозвішчам Тараканава.
— Гэта быў жартоўны каментар, падколка, каб падтрымаць Тараканаву з прусакамі ў галаве, — патлумачыў Мажэйка.
Журналіста абвінавачваюць па двух артыкулах:
- ч. 1 артыкула 368 («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») КК Беларусі — да чатырох гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 1 артыкула 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці») КК Беларусі — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Што здарылася з «Камсамолкай» і Генадзем Мажэйкам
Нагадаем, 28 верасня 2021 года ў Мінску падчас перастрэлкі ў кватэры на вуліцы Якубоўскага загінулі два чалавекі: 31-гадовы IT-спецыяліст Андрэй Зельцэр, якога спрабавалі затрымаць сілавікі, і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк такога ж узросту. Пасля трагедыі па краіне прайшла хваля затрыманняў тых, хто, на думку ўладаў, няправільна выказваўся пра здарэнне ў сацыяльных сетках на адрас супрацоўніка КДБ.
Пасля выхаду нататкі Генадзя Мажэйкі Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да сайта kp.by. Як заявілі ў ведамстве, гэта было зроблена на падставе рашэння Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры ўрадзе ў сувязі з размяшчэннем на сайце «інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».
Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года. Паводле звестак МУС, Мажэйка выехаў у РФ, дзе паспрабаваў вылецець у трэцюю краіну, аднак яму адмовілі ў выездзе.
5 кастрычніка таго ж года «Комсомольская правда» прыняла рашэнне закрыць сваё прадстаўніцтва ў Мінску «БелКП-ПРЕСС».