У панядзелак, 14 лістапада, былыя адміністратары тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі» (ЧКБ) і каманда Infopoint Media Network зрабілі заяву, у якой не выключылі, што ў рукі сілавікоў праз супрацоўніка ГУБАЗіК, які ўкараніўся ў каманду канала, маглі трапіць звесткі ўсіх інфарматараў, што дасылалі дадзеныя ў бот ЧКБ з 1 верасня 2020 да 23 траўня 2021 года (паводле іншых крыніц — да ліпеня 2021-га). Паспрабавалі даведацца, пра якія маштабы ідзе гаворка.
Колькі чалавек затрымалі за зліў дадзеных або ўдзел у ЧКБ?
Грунтуючыся на дадзеных на сайце Следчага камітэта, а таксама тэлеграм-каналаў сілавікоў і праваабарончага цэнтра «Вясна», нам удалося налічыць больш за тры дзясяткі чалавек, якіх затрымалі за «зліў дадзеных» і садзейнічанне ЧКБ.
- Першае затрыманне, пра якое згадваецца ў прэсе, — арышт Соф'і Сапегі 21 траўня 2021 года разам з блогерам Раманам Пратасевічам (тады ў аэрапорце Мінска пасля паведамлення пра бомбу на борце сеў самалёт кампаніі Ryanair, у якім і знаходзіліся маладыя людзі). Соф’ю абвінавацілі ў адміністраванні «Чорнай кнігі Беларусі», у якой выкладвалі звесткі сілавікоў. Суд у выніку прызнаў яе вінаватай і асудзіў на шэсць гадоў калоніі.
- Праз год і два месяцы — 21 ліпеня 2022 года — Следчы камітэт Беларусі заявіў, што затрыманая «група тэхнічнай падтрымкі» ЧКБ. Паводле звестак СК, у ёй — «больш за два дзясяткі чалавек» (гто-бок мінімум 21 чалавек), сярод якіх «работнікі дзяржорганаў, былыя праваахоўнікі і асобы, якія мелі доступ да асабістых звестак беларусаў». Як сцвярджалі ў ведамстве, іх асобы былі раскрытыя падчас вывучэння прылад Сапегі. «Некаторыя з іх атрымалі заслужанае пакаранне ў выглядзе 5−11 гадоў пазбаўлення волі», — гаварылася ў паведамленні камітэта.
- Яшчэ да ліпеньскага паведамлення СК стала вядома пра затрыманне дваіх праграмістаў: Дзмітрыя Падрэза з Мінска і Таццяны Карповіч з Віцебска (абаіх абвінавацілі ў перадачы звестак сілавікоў і іншых людзей у ЧКБ). Падрэза затрымалі 15 ліпеня 2021 года. А ўжо на момант публікацыі паведамлення ад СК мужчыну паспелі асудзіць на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таццяна Карповіч трапіла за краты 17 лістапада 2021 года. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА-2 Віцебска. Паколькі ў паведамленні СК няма імёнаў або поўнага пераліку прафесій затрыманых, будзем лічыць, што Падрэз і Карповіч уваходзяць у лік тых двух з лішнім дзясяткаў чалавек, пра якія паведаміла ведамства.

У перыяд з 21 ліпеня да 17 лістапада 2022 года ў тэлеграм-канале праваабарончага цэнтра «Вясна» і адным з тэлеграм-каналаў, які лічыцца набліжаным да сілавікоў, мы знайшлі інфармацыю пра яшчэ 15 затрыманнях, якіх звязваюць з ЧКБ.
- Так, за «зліў дадзеных» ЧКБ 19 жніўня затрымалі экс-пракурора Наталлю Лашч і яе калегу. 31 жніўня — 41-гадовага Анатоля Антончыка з Кобрына. Ён даслаў у бот звесткі мясцовага ідэолага.

- У верасні сілавікі паведамілі пра затрыманне чатырох супрацоўнікаў кампаніі «Белагра». У спісе падазрэнняў, акрамя ўсяго іншага, было «садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням» (ЧКБ і тэлеграм-каналу «Нехта»).
- У кастрычніку гэтага года за перадачу ЧКБ звестак аднаго з сілавікоў затрымалі пару мінчан — Рамана Цыганкова і Марыю Яшчанка, супрацоўніка Міністэрства адукацыі Сяргея Навумчыка, а таксама начальніка аддзела кампаніі МТС, якога абвінавачваюць у перадачы звестак больш чым 100 абанентаў.

- У лістападзе сілавікі затрымалі яшчэ чацвярых беларусаў за зліў звестак у ЧКБ, у тым ліку супрацоўніка ўсё той жа кампаніі МТС з Брэста Андрэя Цыпака, а таксама ўладальніка тыпаграфіі і слесара з Магілёва.
- Літаральна ўчора, 16 лістапада, затрымалі паштарку, якая ўжо адбыла тры месяцы арышту за распаўсюджванне асабістых звестак «дзясяткаў грамадзян». Пасля выхаду на свабоду ў 2021-м жанчына, як сцвярджаецца, скінула ў ЧКБ дадзеныя суддзі і пракурора.

Выходзіць, што на дадзены момант, паводле сцверджанняў саміх сілавікоў, як мінімум 37 чалавек затрыманыя або асуджаныя за «зліў дадзеных» у ЧКБ. Дакладную колькасць мы пакуль падлічыць не можам, бо, імаверна, паведамляецца не пра ўсе затрыманні.
Між тым першы намеснік старшыні СК Алег Шандаровіч 17 лістапада заявіў, што сярод фігурантаў крымінальных справаў, якіх абвінавачваюць у супрацоўніцтве з ЧКБ, ёсць супрацоўнікі ўсіх мабільных аператараў, банкіры, спецыялісты кадастравых службаў, адвакаты і экс-сілавікі, у тым ліку следчыя. Паводле яго словаў, гаворка ідзе пра дзясяткі чалавек. Важная дэталь: у сваім аповедзе пра «Чорную кнігу Беларусі» Шандаровіч ніяк не згадаў супрацоўніка сілавых структур, укаранёнага ў ЧКБ. Ён сцвярджае, што следчыя цяпер працуюць з дадзенымі, атрыманымі з тэхнікі Соф'і Сапегі.
Звесткі якой колькасці людзей маглі трапіць да сілавікоў?
На ўмовах ананімнасці мы пагаварылі з экс-супрацоўнікам ЧКБ (асабістыя звесткі гэтага чалавека ёсць у рэдакцыі «Люстэрка»). Ён сцвярджае, што першыя затрыманні людзей, якія адпраўлялі інфармацыю ў тэлеграм-канал, былі яшчэ ў 2020-м. Гэта заўважыў адзін з супрацоўнікаў.
— Калі ён з калегам сказаў гэта Даніілу Багдановічу (супрацоўнік Infopoint, які, як выявілася, працаваў з агентам ГУБАЗіК. — Заўв. рэд.), той заявіў, што ў іх параноя, — адзначае наш суразмоўца.
Што да агульнай колькасці затрыманых, то такой інфармацыі ў экс-супрацоўніка ЧКБ няма. Аднак ён лічыць, што няма падставаў не верыць заявам сілавікоў з нагоды затрыманняў тых, хто зліваў інфармацыю ў тэлеграм-канал: «У нас няма прычын, каб казаць, што людзей затрымліваюць проста так».
Таксама наш суразмоўца сцвярджае, што архіў звестак у сілавікоў не заканчваецца інфармацыяй на 23 траўня 2021 года, як пра гэта гаварылася ў заяве Infopoint Media Network.
— Мы самі ў ЧКБ выкрылі Гайко пазней, толькі ў ліпені 2021 года. І з чата яго выдалілі яшчэ пазней, — расказвае ён. — Таму маштабы дадзеных, якія трапілі ў рукі сілавікоў, вялікія. Калі мы ўвогуле гаворым пра чат-бот асноўнага канала ЧКБ і чат-боты рэгіёнаў, якія потым былі створаныя, то ўсяго гэта 2500−3000 чалавек. Можа, і больш. Да дадзеных гэтых людзей (у некаторых былі адкрытыя нумары тэлефонаў, у некаторых — прозвішча і імя, у іншых — толькі ID) у Гайко быў доступ. Тут трэба патлумачыць, што чат-бот у ЧКБ працаваў праз адмін-панэль, дзе адразу была прывязка да ID (спецыяльны нумар, які мэсэнджар Telegram прысвойвае кожнаму новаму карыстальніку — ён не мяняецца пры змене нікнэйма, а таксама ў выпадку змены нумара тэлефона ў рамках аднаго і таго ж акаўнта. — Заўв. рэд.). У нейкі момант, здаецца, менавіта Гайко прапанаваў зрабіць поўную сістэматызацыю архіўных дадзеных. Да інфармацыі пра кожнага апублікаванага ў ЧКБ чалавека была дададзеная інфармацыя, якая прыходзіла ў бот, з тымі доказамі, якія дасылаў чалавек. Гэта захоўвалася ў выглядзе спасылкі на пост у ЧКБ і скрыншотаў доказаў з чат-бота, дзе было відаць, хто даслаў дадзеныя, а таксама яго ID.
Што рабіць тым, хто дасылаў дадзеныя?
Усіх, хто ў названы перыяд камунікаваў з каналам «Чорная кніга Беларусі» праз чат-бот, былыя ўдзельнікі ЧКБ і «Інфапоінта» заклікалі паклапаціцца пра сваю бяспеку. Перш за ўсё — змяніць нумар тэлефона і выдаліць стары акаўнт Telegram. Калі мэсэнджар патрэбны, рэкамендуюць завесці ў ім новы акаўнт, прывязаны не да беларускага нумару. Яшчэ адна з рэкамендацый — з’язджаць па магчымасці з краіны.
З усіх гэтых парадаў экс-супрацоўнік ЧКБ называе самым надзейным менавіта ад’езд.
— Магчыма, гэта гучыць неяк вельмі дзіўна, але як ёсць, — адзначае ён. — Змяніць нумар тэлефона, завесці новы акаўнт на новую сім-карту — гэта ўсё можа дапамагчы. Калі змяніць і выдаліць цалкам акаўнт, то ім [сілавікам] будзе складаней даказаць, што гэта пісаў ты. Але калі яны захочуць даказаць, то дакажуць. Трэба не забываць, што яны паўтара года вялі следства. І колькі ўжо раскрытых людзей — невядома. То бок калі яны выявілі вялікую частку або нават усіх тых, хто пісаў, то ўсе гэтыя меры бяспекі не спрацуюць.