У Мінскім каледжы электронікі ў студэнтаў праблема з размеркаваннем. Іх хочуць адправіць на завод «Інтэграл», але вось месцаў па іх спецыяльнасці там няма. Блог «Людзі» разбіраўся ў сітуацыі. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.
«Вы бюджэтнікі, вы не павінныя задаваць пытанні»
Мінскі дзяржаўны каледж электронікі стварылі яшчэ ў 1966 годзе на базе завода імя Фелікса Дзяржынскага (сучасны «Інтэграл»). Тады гэта было «Тэхнічнае вучылішча № 76-электратэхнікі», яно рыхтавала кадры толькі для завода. Так ёсць да сённяшняга дня: выпускнікі каледжа ў асноўным адпрацоўваюць размеркаванне на заводзе «Інтэграл».
Некалькі гадоў таму каледж у якасці эксперыменту набраў студэнтаў на новую спецыяльнасць — «Праграмаваныя мабільныя сістэмы».
Цяпер першая група ўжо на чацвёртым, выпускным, курсе. Мікіта (імя змененае) — адзін са студэнтаў гэтай групы. Ён адзначае, што працэс размеркавання ў каледжы адбываецца так: прадпрыемства дае запыт на студэнтаў з пэўнай кваліфікацыяй, а кіраўніцтва вырашае, адпраўляць іх ці не. Але сёлета ў адміністрацыі і навучэнцаў новай спецыяльнасці выйшла непаразуменне.
— Падчас паступлення спачатку не было выразных умоваў, ідзём мы па размеркаванні на «Інтэграл» ці не. А калі паўстала пытанне, нам сказалі: «На вас месцаў для практыкі і размеркавання не напасешся, шукайце сабе ўсё самі», — кажа Мікіта. — Мы знайшлі месцы, атрымалі запыты на практыку ад прадпрыемстваў, прынеслі іх у каледж, нам сказалі: «Добра, праз тыдзень усё аформім». Мы ўзрадаваліся.
Па словах Мікіты, чвэрць групы паспела знайсці месцы для размеркавання, а частка — прынесла афіцыйна аформленыя запыты. Мікіта падкрэслівае: гаворка пра дзяржаўныя структуры, прыватныя яны нават не разглядалі.
— У выніку прыходзіць загадчыца аддзялення і кажа: «Нам усё адно, усе ідуць на „Інтэграл“». Хтосьці з аднагрупнікаў спытаў, што рабіць, калі наймальнік чакае і чалавек ужо працуе ў месцы, адкуль прынёс заяўку. Яна адказала: «Не разводзьце тут палеміку, вы бюджэтнікі, вы не павінныя задаваць пытанні, куды вас адпраўляюць», — тлумачыць малады чалавек. — Аднак рэч у тым, што «Інтэгралу» не патрэбныя супрацоўнікі нашай спецыяльнасці. Мы нават спыталі ў адміністрацыі, як з гэтым быць. Але, па іх словах, праблемы няма, і нас будуць афармляць на размеркаванне па той кваліфікацыі, якую мы атрымаем на заводзе падчас пераддыпломнай практыкі.
Студэнты лічаць, што дадатковая прычына нязгоды адміністрацыі адправіць на размеркаванне па месцах, якія знайшлі сабе выпускнікі, у кепска напісаным акрэдытацыйным тэсце. А менавіта па яго выніках каледж мусіць прыняць рашэнне, пакідаць гэтую спецыяльнасць або закрываць набор.
— На першым трэніровачным тэсце балы ў асноўным пацвердзіліся, але было некалькі троек (гэта ўжо непрахадны вынік). Нам сказалі, што асабіста дырэктар спусціў зверху рашэнне, каб нас так пакараць: «Вы не вучыцеся, а мы не дамо вам размеркавання», — расказвае малады чалавек. — Мы спрабавалі спрачацца. Яны нават сказалі, што, калі мы напішам усе тэставыя акрэдытацыі вышэй за 8, тады, магчыма, у індывідуальным парадку і за пару тыдняў да практыкі камусьці дазволяць пайсці туды, куды ён хоча. Але зноў жа — шмат умоваў і ўсё недакладна. І мы сядзім як на іголках і не разумеем, што рабіць.
«Калі шчыра, мы не ведаем, куды вас падзець з вашай спецыяльнасцю»
Чаму студэнты так не хочуць размяркоўвацца на «Інтэграл»? Мікіта тлумачыць: іх наогул не вучылі патрэбнаму для працы тут.
— Калі мы толькі прыйшлі туды ў пачатку года, выйшла жанчына з аддзела кадраў, паглядзела на нашу групу і сказала: «Калі шчыра, мы не ведаем, куды вас падзець з вашай спецыяльнасцю. У нас такіх вакансій няма. Проста хацелася на вас паглядзець». Было сем раніцы, пачатак лютага, мароз — і нам заяўляюць, што насамрэч працы для нас няма! — з абурэннем згадвае суразмоўца. — Тады нашу групу пачалі вучыць проста на заводзе. Але па факце мы проста тыдзень чыталі метадычкі пра тэхналогію вытворчасці. Потым мусілі атрымліваць кваліфікацыю зыходзячы з гэтага. Але калі ты пытаешся, як працуе нешта, — кажуць чытаць метадычку. А супрацоўнік «Інтэграла», які нас тады вучыў, пастаянна абураўся, чаму мы не вывучалі пэўныя прадметы. У нас іх проста не было, мы нават паяльніка не трымалі ў руках. Затое можам праграму на С++ напісаць.
Мікіта кажа, што іх студэнты спецыяльнасці досвед працы на «Інтэграле» паўтараць не хочуць. Будучых спецыялістаў бянтэжаць 12-гадзінныя змены і графік тры на тры: тры дзённыя змены, тры выходныя і тры начныя. А таксама бытавыя ўмовы на прадпрыемстве.
— Там няма прыбіральняў і чайнікаў, якія працуюць, самае новае абсталяванне на «Інтэграле» — 2006−2009 гадоў, — абураецца малады чалавек. — Я за практыку камп’ютар там бачыў адзін раз — у кабінеце ў начальніка вытворчасці. Ды яшчэ і агіднае стаўленне начальства. Калі нас адпраўлялі з практыкі, запісвалі кваліфікацыю і падпісвалі дзённікі, начальнік вытворчасці роў ледзь не матам, што «вы нам тут не патрэбныя, вы тупыя як пні і не разумееце тэхніку вытворчасці крамянёвых праваднікоў». А мы не вучылі гэтую тэхніку нават.
«У адміністрацыі кажуць, нашы прэтэнзіі неабгрунтаваныя»
Пераддыпломная практыка ў чацвёртага курса Мінскага каледжа радыёэлектронікі пачынаецца ўжо 30 лістапада і будзе ісці месяц. Як правіла, у гэтае ж месца студэнтаў і адпраўляюць на размеркаванне. Таму ў нязгодных, кажа Мікіта, не так шмат часу ўсё ж адстаяць першапачатковае месца размеркавання:
— Спачатку бацькі спрабавалі абурацца, але ім сказалі, што яны нічога не зменяць. Мы гаварылі з адміністрацыяй, але нам адказалі, што нашыя прэтэнзіі неабгрунтаваныя, таму што мы бюджэтнікі. Куратар даказвае, што каледжу ўсё роўна на вынікі акрэдытацыі і на тое, што мы адлічымся, бо «менш папер запаўняць пры выпуску» і «вам жа горш будзе, вы выйдзеце з даведкамі і нікім». Але трое хлопцаў ужо на нізкім старце адлічвацца, я таксама размаўляю з бацькамі пра гэта. Усім ужо «пракампаставалі» мазгі, каб лішні раз не бунтавалі і «можа, тады само ўсё вырашыцца».
У прыёмным пакоі дырэктара Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі сітуацыю каментаваць па тэлефоне адмовіліся, прапанаваўшы накіраваць на пошту пісьмовы запыт. Журналісты блога «Людзі» даслалі ліст на адрас каледжа.
Што кажа заканадаўства?
У Кодэксе аб адукацыі размеркаванне называецца «падтрымкай выпускнікоў», якая гарантуе ім працоўнае месца пасля навучання. У арт. 72 сказана, што «месца працы шляхам размеркавання даецца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацыяй і (або) ступенню».
Тое самае сказана ў п. 13 раздзела 2 Пастановы Савета Міністраў «Аб пытаннях рэалізацыі адукацыйных праграм»: «Выпускнікі размяркоўваюцца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй і (або) ступенню». Пры гэтым адпаведнасць месца працы атрыманай выпускніком спецыяльнасці і прысвоенай кваліфікацыі павінная ацэньваць камісія па размеркаванні. Крытэр — кваліфікацыйная характарыстыка, якая змяшчаецца ў адукацыйным стандарце па адпаведнай спецыяльнасці.
У дакуменце таксама прапісаныя выпадкі, калі мусяць задавальняцца запыты арганізацый аб размеркаванні да іх канкрэтных выпускнікоў. Сярод такіх варыянтаў — адсутнасць ва ўстановы адукацыі прыдатных варыянтаў вакансій ад арганізацый — заказчыкаў кадраў.
Пры гэтым у тым самым пункце гаворыцца, што выпускнікі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, «могуць накіроўвацца на працу ў якасці рабочых у адпаведнасці з разрадам і кваліфікацыяй, атрыманымі ў перыяд навучання».