Беларусы, якія вярнуліся з вайсковых збораў, усё часцей паведамляюць пра нібыта запланаваныя вучэнні на канец 2022 года. Пра гэта пісала выданне «Флагшток» і расказвалі суразмоўцы «Люстэрка». Даведаліся падрабязнасці.
Абодва суразмоўцы «Флагштока» адзначылі, што камандзіры паведамлялі ім, нібыта ў канцы лістапада-снежні 2022 года плануюцца масавыя вучэнні.
— Як нам тлумачылі, зборы праводзяцца, каб быць гатовымі ў любы момант арганізаваць мабілізацыю. Магчыма, гэта падрыхтоўка да яе пачатку. У канцы года плануюцца яшчэ вучэнні. І яны ўжо будуць не паказальнымі, а масавымі, — адзначыў Аляксандр.
— У нас проста сказалі, што будуць праводзіцца вучэнні па мабілізацыі (ці гэта будзе пачатак мабілізацыі) з поўным працоўным днём у канцы лістапада-пачатку снежня, — дадаў Уладзімір. — Першапачаткова, калі нас збіралі для паказальнай мабілізацыі, нам нічога не казалі пра гэтыя вучэнні.
Раней суразмоўца «Люстэрка», які атрымаў позву на зборы, раказваў пра планаваныя вучэнні са словаў свайго сябра-афіцэра.
— Сябар патлумачыў, што ўсё гэта доўжыцца з 2020 года: тады была прынятая пастанова пра праверку вайсковых частак, пачасціліся зборы, пачалася праверка тэхнікі на палігонах. Яшчэ сябар расказаў, што ў іх у снежні плануюцца буйныя вучэнні на мяжы з Украінай. Але ў СМІ я такой інфармацыі не бачыў, — расказваў тады малады чалавек.
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў ваенны камісарыят Гомельскага раёна як зацікаўленая беларуска з пытаннем, ці будуць праводзіць вайсковыя вучэнні ў снежні.
— Такой інфармацыі ў нас няма, — заявіла супрацоўніца ваенкамата.
З тым самым пытаннем мы патэлефанавалі ў Міністэрства абароны. У прыёмным пакоі міністра таксама паведамілі, што ні пра якія вучэнні ў снежні гэтага года не чулі.
— Я пра гэта нічога не бачыў, — сказаў суразмоўца.
— То бок вучэнняў не будзе?
— Я не гатовы вам адказаць, будзе яно ці не. Паглядзіце на сайце Мінабароны. Звычайна вялікія вучэнні анансуюцца. На вялікія вучэнні прыцягваюцца назіральнікі. Гэта проста так не робіцца, схавана.
Між тым, у Мінскай вобласці і Мінску з 13 лістапада па 30 снежня пройдзе кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных і кантрольная яўка на пункты збору. Зыходзячы з паведамленняў дзяржаўных раённых газет, у лістападзе і снежні такія зверкі пройдуць у Брэсцкай, Магілёўскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Інфармацыі пра вучэнні, якія павінныя прайсці на мяжы з Украінай у снежні, на сайце Мінабароны няма.